За́мчышча — колішні фальварак на левым беразе Свіслачы, цяпер у межах Мінска. Месціцца на поўдзень ад Шэйпічаў, на поўнач ад Дворышча.
Гісторыя
Фальварак вядомы прынамсі з 1860-х гадоў. З 1870-х гадоў разам з суседнімі землямі (аколіцы Бугрымаўка, Грэбелька, Дворышча, Маляўкі, Сталовая, Шэйпічы) валодаў правадзейны стацкі саветнік Павел Міхайлавіч Хамянтоўскі, праваслаўны, права валодання «з найвышэйшага дазволу ў выглядзе ўзнагароды за службу» паводле купчай крэпасці, агулам меў 643 дзесяціны зямлі. Вядома, што Хамянтоўскі здаваў аколіцы ў арэнду. Фальварак уваходзіў у склад Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні.
Паводле перапісу 1908 года згадваецца як фальварак Замчышча Сабалеўскай. Сярод землеўладальнікаў 1911 года згадваецца Вера Антонаўна Пакроўская, якая валодала 35 дзесяцінамі зямлі ў Замчышчы Мінскага павета Сеніцкай воласці. Паводле перапісу 1917 года згадваюцца Замчышча Пакроўскага і Замчышча Сабалеўскай, якія былі на аднолькавай адлегласці ад Мінскай чыгуначнай станцыі (7 вёрст), верагодна, гэта былі двары, якія стаялі разам.
З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.
Тэрыторыя ўвайшла ў склад Мінска ў канцы 1950-х — 1960-х гадах. Забудова захоўвалася яшчэ ў 1964 годзе.
Насельніцтва 1908 год — Замчышча Сабалеўскай, 1 двор, 7 жыхароў 1917 год — Замчышча Сабалеўскай, 1 двор, 16 жыхароў (усе палякі); Замчышча Пакроўскага, 1 двор, 9 жыхароў (усе беларусы)
Крыніцы
Літаратура