«Агатка, або Прыезд пана» — першая прафесійная опера, напісаная і пастаўленая на тэрыторыі Беларусі, у якой галоўнымі героямі дзеі былі беларусы, а ў музыцы выкарыстоўваліся народныя матывы. Першы паказ адбыўся ў 1784 годзе ў Нясвіжы. У наш час оперу ставяць на сцэне ў Беларусі і Польшчы.

Складаецца з трох актаў. Першапачаткова лібрэта было цалкам напісана на польскай мове, а ўсе партыі сялян — на «мясцовай гаворцы», што можа разглядацца як помнік беларускай мовы XVIII стагоддзя.

Аўтар лібрэта — князь Мацей Радзівіл, аўтар музыкі — нямецкі кампазітар Ян Давід Голанд, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Прэм’ера оперы адбылася 17 верасня 1784 года ў Нясвіжскім палацы з нагоды прыезду караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які рушыў на Сойм у Гародню. Паводле ўспамінаў мемуарыстаў, Панятоўскі пасля прэм’еры «Агаткі» прачытаў свой верш, напісаны на беларускай мове.

Галоўныя героі дзеі — беларускія сяляне Агатка і Антак. Сюжэт разгортваецца вакол іхнага кахання, якому замінае падстароста Піяшка. Шчасце маладых ратуе ўмяшанне добрага Пана.

Опера лічыцца прыкладам таго, як у творы XVIII стагоддзя народныя вобразы і рэаліі натуральна спалучаюцца з элементамі тагачаснага мастацтва Заходняй Еўропы.

Пасля прэм’еры «Агатка» 40 гадоў ставілася на найлепшых сцэнах Варшавы, Кракава, Любліна, Познані і Львова. У 1926 годзе ейнай пастаноўкай адзначылі 150-годдзе Варшаўскага тэатра.

Літаратуразнаўца Адам Мальдзіс і тэатразнаўца Гурый Барышаў былі першымі сярод сучасных беларускіх вучоных, хто звярнуў увагу на оперу і паказаў ейную значнасць у кантэксце беларускай культуры, а гісторык музыкі Вольга Дадзіёмава адшукала ў Кракаве рукапіс партытуры оперы, які доўгі час лічыўся незваротна страчаным, і мікрафільмавала яго ў 1989.

Упершыню па беларускім радыё опера прагучала ў 1990 у перакладзе Уладзіміра Мархеля. У 1994 годзе з’явіўся гуказапіс, створаны Нацыянальным акадэмічным вялікім тэатрам Беларусі.

Крыніцы

Катэгорыя:Опера Катэгорыя:Культура Беларусі Катэгорыя:Культура Польшчы Катэгорыя:Оперы 1784 года