«Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» () — двухмоўны перакладны слоўнік беларускага мовазнаўца Яна Станкевіча, выдадзены ў 1989 годзе ў Нью-Ёрку (ЗША) на сродкі Вялікалітоўскай (беларускай) фундацыі імя Льва Сапегі.

Гісторыя стварэння Ян Станкевіч заснаваў «Вялікалітоўскую (беларускую) фундацыю імя Льва Сапегі» падчас эміграцыі ў ЗША. Галоўнай мэтай арганізацыі было выдання навуковых прац самога Станкевіча і іншых беларускіх вучоных. Аўтар слоўніка перадаў фундацыі ўсе свае ашчаджэнні, а пазней запісаў на яе карысць і спадчыну паводле тастамента. Падрыхтоўку рукапісу да друку, набор тэксту і яго канчатковае апрацоўванне выканаў сын мовазнаўца — Юрка Станкевіч.

Канцэпцыя і асаблівасці Паводле задумы аўтара і выдаўцоў, асноўнай мэтай слоўніка было пазнаёміць саміх беларусаў з багаццем іх мовы, выконваючы ролю вычарпальнага тлумачальнага слоўніка народнай лексікі.

Выбар рускай мовы ў якасці мовы перакладу (нягледзячы на антырасійскія погляды аўтара) тлумачыўся практычнымі меркаваннямі: З прычыны русіфікацыі вялікая частка беларусаў валодала рускай мовай лепш, чым роднай. Слоўнік мог быць карысным для студэнтаў-славістаў і даследчыкаў, якія вывучаюць рускую мову і праз яе маглі б даследаваць беларускую літаратуру і мову. Пры гэтым выдаўцы адзначалі, што для заходняй аўдыторыі лепшым варыянтам быў бы беларуска-англійскі слоўнік, і спадзяваліся, што сабраны матэрыял стане для яго асновай у будучыні.

У апошніх працах Ян Станкевіч паслядоўна ўжываў тэрміны «Вялікалітва», «вялікаліцьвін», «вялікалітоўскі» замест «Беларусь» і «беларускі», спрабуючы аднавіць гістарычную назву. Аднак выдаўцы ў прадмоўных артыкулах з практычных меркаванняў захавалі тэрміны «Беларусь» і «беларускі». Пры гэтым геаграфічныя назвы ў тэксце тлумачэнняў пакінуты ў беларускай транскрыпцыі (з перакладам на рускую), каб садзейнічаць папулярызацыі старадаўняй тапанімікі.

Апісанне Слоўнік змяшчае больш за 60 тысяч артыкулаў. Адметнай рысай выдання з’яўляецца тое, што для кожнага беларускага слова пазначана крыніца або мясцовасць, дзе яно было запісана. Праца насычана гістарызмамі і архаізмамі. Ян Станкевіч уключыў у слоўнік лексіку, якая выкарыстоўвалася ў беларускіх пісьмовых помніках пачынаючы з XIII стагоддзя, у тым ліку з Баркулабаўскага летапісу, кітабаў, Бібліі Скарыны, Статутаў Вялікага Княства Літоўскага і іншых крыніц.

Словы ў выданні размешчаны ў спецыфічным аўтарскім алфавітным парадку, які адрозніваецца ад агульнапрынятага кірылічнага алфавіта: о, а, э, б, г, ґ, х, д, е, ё, я, дз, дж, з, ж, і, й, к, л, м, н, ф, п, р, с, ш, т, в, у, ў, ь, ц, ч, ы, ю.

Ацэнкі Сучасныя беларускія мовазнаўцы, такія як Юрась Бушлякоў, Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа, не разглядаюць гэты слоўнік як нарматыўны даведнік. Яны характарызуюць працу Станкевіча як унікальны збор, які спалучае ў сабе рысы перакладнога, тлумачальнага і дыялектнага слоўнікаў.

Бібліяграфія

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Слоўнікі рускай мовы Катэгорыя:Кнігі 1989 года Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі Катэгорыя:Ян Станкевіч Катэгорыя:Кнігі, выдадзеныя выдавецтвамі ЗША