Ле́а Друкер (; ) — французская актрыса.

Біяграфія Нарадзілася 23 студзеня 1972 года ў французскім Кане (Ніжняя Нармандыя) у сям’і прафесара медыцыны Жака Друкера і выкладчыцы англійскай мовы Марціны Друкер. Яе родныя дзядзькі — вядомы тэлевядучы і прадзюсер Мішэль Друкер і былы прэзідэнт тэлеканала M6 Жан Друкер; стрыечная сястра — Мары Друкер.

Дзіцячыя гады правяла разам з роднымі ў ЗША, паміж Вашынгтонам і Бостанам, і на астравах Шазе (Ла-Манш). Яшчэ вучачыся ў ліцэі, Леа пачала цікавіцца акцёрскай прафесіяй. Тады, у 1987 годзе, яна пачала ўдзельнічаць у пастаноўках драматычнага гуртка Мальера ў Парыжы.

У 1999 годзе, пасля заканчэння акцёрскіх курсаў у Школе на вуліцы Бланш (якая пасля стала Нацыянальнай школай тэатральнага мастацтва і тэхнікі) у Парыжы, Леа Друкер пачала сваю тэатральную кар’еру. Маладая актрыса атрымала ролю ў класічнай мальераўскай п’есе «Мізантроп» рэжысёра Ражэ Анена і некалькіх сучасных пастаноўках («Блан» Эмануэля Мары і інш.). За тэатральныя працы Друкер тройчы (у 2001, 2004 і 2016 гадах) была намінаваная на атрыманне галоўнай французскай тэатральнай прэміі — Прэміі Мальера.

У кінематографе дэбютавала ў пачатку 1990-х, з’явіўшыся ў камедыйнай стужцы «Грошы» з Самі Буажыла. Затым былі ролі ў драме «Спіца» з зоркай цыклу фільмаў «Таксі» Самі Насеры, фільмах «Забойца» з Мацьё Касавітцам, «Крута ты трапіў!» з Эдуардам Мантутам, «Магчыма» з Жанам-Полем Бельмандо, «Хаос» з Венсанам Лінданам, «У маёй скуры» з Марынай дэ Ван, «Глюк» з Гіёмам Канэ, «Тыгравыя атрады» з Кловісам Карнійякам, «Бацька, такая дачка» з Элодзі Бушэ Клеманс Паэзі, «Сіні пакой» з Мацьё Амальрыкам і іншых.

У 2015 і 2016 гадах Леа Друкер сыграла адну з галоўных роляў у рэйтынгавым тэлесерыяле «Бюро» («Бюро легенд»). У 2017 годзе адыграла галоўную ролю Мірыям Бесон у дэбютным фільме рэжысёра Ксаўе Леграна «Апека», за якую ў 2019 годзе была намінаваная як найлепшая актрыса на прэміі «Люм’ер», «Сезар» і «Хрустальны глобус».

За час сваёй кінакар’еры знялася ў больш як 80 кіна- і тэлефільмах, а таксама серыялах.

Зноскі