thumb|400px|Сімфонія № 39 В. А. Моцарта (фрагмент партытуры) Інструменто́ўка — выкладанне музычнага твора для выканання аркестрам ці інструментальным ансамблем. У дачыненні да аркестравай музыкі таксама выкарыстоўваецца тэрмін аркестро́ўка. Інструментоўка ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў музычнага твора. Часам тэрмін пашыраюць і на сферу харавой шматгалосай музыкі (так званая харавая інструментоўка).
Асноўныя прынцыпы Асноўныя прынцыпы інструментоўкі ўключаюць: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыянальная трактоўка аркестравых груп і іх узаемаадносіны; стварэнне меладычна-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў аркестравай фактуры; выкарыстанне педаляў, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення аркестравых галасоў (інструментальных ліній); вертыкальнае складанне і гарызантальнае развіццё шматпланавай аркестравай тканіны.
Гістарычнае развіццё Развіццё інструментоўкі пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю музычнага пісьма. Важную ролю ва ўсведамленні драматургічнай ролі тэмбраў адыграў оперны тэатр (XVI—XVII стст.). У XVIII—XIX стагоддзях сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л. Бетховена, І. Гайдна, В. А. Моцарта, якія імкнуліся павялічыць і ўдасканаліць інструментарый.
На базе класічнага аркестра XIX стагоддзя склаўся сімфанічны аркестр XX стагоддзя, народжаны ідэямі музычнага рамантызму і імпрэсіянізму. Гістарычнае развіццё аркестравай музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў і ўдасканаленнем інструментаў. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў кампазітары пачалі ўжываць мяшаныя тэмбры.
Стылі інструментоўкі У залежнасці ад мастацкай задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара, інструментоўка (аркестроўка) можа быць: акустычна ўраўнаважанай (блізкая да венскіх класікаў), дзе асноўная ўвага надаецца дынамічнай збалансаванасці гучання і арганічнаму спалучэнню гарызанталі і вертыкалі; тэмбральна-каларыстычнай (блізкая да рамантыкаў і імпрэсіяністаў), дзе пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць і маляўнічасць гучання.
У беларускай музыцы У беларускай музыцы да першага стылю больш схіляюцца А. Багатыроў, Я. Цікоцкі. Да другога — Г. Вагнер, Я. Глебаў, С. Картэс, А. Мдзівані, Дз. Смольскі.
Курс інструментоўкі выкладаецца ў кансерваторыях і іншых спецыяльных музычных навучальных установах.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Тэорыя музыкі Катэгорыя:Музычная тэрміналогія