Іосіф Градзіцкі (; ? — каля 1678) — уніяцкі царкоўны дзеяч, базыльянін.

Біяграфія Паходзіў з Маскоўскай дзяржавы (Ducatu Mosoviae), сын харунжага.Жыттєписи Василіян (Виїмок з рукописного збірника митр. Льва Кишки) // Записки чина св. Василія Великого. — Жовква, 1924. — Т. І. — Вип. 1. — С. 130.

У 1644—1647 гадах вучыўся ў Браўнсбергскім езуіцкім калегіуме, потым у Віленскім алюмнаце. Быў прапаведнікам і настаяцелем віленскага манастыра Святой Тройцы. Пасля быў прапаведнікам у кафедральнай полацкай царкве Святой Сафіі. З пачаткам вайны 1654—1667 гадоў разам з іншымі святарамі і манахамі мусіў пакінуць Полацк. 16 кастрычніка 1659 года атрымаў прывілей караля Яна Казіміра на Барысаглебскую архімандрыю. Фармальна Гардзіцкі быў архімандрытам адначасова з Ігнатам Яўлевічам, пастаўленым маскоўскай адміністрацыяй пасля 10 снежня 1659 года.

У 1661 годзе ўдзельнічаў у Жыровіцкай кангрэгацыі базыльян, дзе зноў ставілася пытанне пра некананічнасць архімандрый, бо яны не зацверджаны Апостальскай Сталіцай, але, як і раней, усё засталося як было.

У Полацк архімандрыт вярнуўся толькі пасля 1667 года. На Віленскай кангрэгацыі 1667 года збіралі сродкі на Быценьскі навіцыят (падрыхтоўка да манаства) па паўзлотага з дыму. Архімандрыт Іосіф ахвяраваў 10 злотых. 25 верасня 1667 года, адразу пасля кангрэгацыі, у Вільні пачаліся ўрачыстасці з нагоды вяртання труны з целам блаславёнага Іасафата да полацкай кафедры, у час якіх полацкі архімандрыт выступіў з прачулым казаннем у царкве Святой Тройцы.

У студзені 1669 года духоўны суд на чале з мітрапалітам Габрыэлем Календам на зварот Барысаглебскага архімандрыта адлучыў ад царквы полацкіх мяшчан Рыгора Павуковіча і яго сына Аляксандра. У сакавіку 1669 года, каб атрымаць сродкі на аднаўленне манастыра, Градзіцкі аддае ў заклад полацкаму падчашаму Марцыяну Корсаку вёску Доўгую або Царкоўну.

У 1675—1676 гадах архімандрыт дамагаўся праз суд вяртання 100 талераў, пазычаных полацкаму райцу Яну Пяшкевічу. Недзе ў 1678 годзе быў адхілены ад улады мітрапалітам Кіпрыянам Жахоўскім і праз нейкі час памёр.

Пазней, у 1683 годзе на пытанне базыльян пра прычыны ўмяшання ў справы Ордэна мітрапаліт адказваў, што «той Язэп, архімандрыт Полацкі, жыў толькі гарэлкай і тытунём і не меў аніякай надзеі на далейшае жыццё. … Усе ягоныя грошы, і яшчэ больш сваіх уласных, мітрапаліт выдаткаваў на годнае пахаванне: магілу, імшу, памінкі, паводле айчыннага звычаю, і вялікія вокны; бо ў царкве Полацкага абацтва іх не хапала, бо вокны гэтай мураванай царквы былі зачыненыя толькі дошкамі».

Крыніцы

Літаратура Жыццяпісы базыльян (Пятая частка Рукапісу Льва Кішкі) / [біяграфічныя матэрыялы пра князёў і царкоўных дзеячаў-базыльян на лацінскай мове]. — ЦДІАЛ. Фонд 201, вопіс 4 б, справа 413. — С. 239—486. — С. 291. (дае апіску 1648, замест 1678 года смерці). Жыттєписи Василіян (Виїмок з рукописного збірника митр. Льва Кишки) // Записки чина св. Василія Великого. — Жовква, 1924. — Т. І. — Вип. 1. — С. 130.

Спасылкі

Катэгорыя:Бельчыцкі манастыр Катэгорыя:Архімандрыты