Мікалай Міхайлавіч Новікаў (25 лютага 1918 — 15 чэрвеня 1980) — палкоўнік Савецкай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Герой Савецкага Саюза (24.03.1945).

Біяграфія Мікалай Новікаў нарадзіўся 25 лютага 1918 года ў сяле Міхайлаўка (цяпер — Макшанскі раён Пензенскай вобласці). Скончыў сем класаў школы. У 1938 годзе Новікаў быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. У красавіку 1941 г. скончыў Ташкенцкае пяхотнае вучылішча. З ліпеня таго ж года — на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Вызначыўся ў баях за вызваленне Камарынскага раёна Палескай вобласці. У ноч з 22 на 23 верасня 1943 года намеснік камандзіра 360-га стралковага палка маёр Н. М. Новікаў з перадавой групай у 50 чалавек фарсіраваў Днепр, авалодаў гарадскім пасёлкам Камарын і ўтрымліваў яго да падыходу асноўных сіл палка.

Да лістапада 1944 года падпалкоўнік Мікалай Новікаў камандаваў 360-м стралковым палком, 74-й стралковай дывізіі, 75-га стралковага корпуса, 57-й арміі, 3-га Украінскага фронту. Вызначыўся падчас вызвалення Югаславіі. У лістападзе 1944 года на падручных сродках полк Новікава пераправіўся праз Дунай у раёне горада Апацін і захапіў, утрымаў і пашырыў плацдарм на яго беразе. 7—26 лістапада 1944 года Новікаў разам са сваім палком удзельнічаў у вызваленні шэрагу населеных пунктаў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за «Ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм» падпалкоўнік Мікалай Новікаў быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» за нумарам 5439.

Пасля заканчэння вайны Новікаў працягнуў службу ў Савецкай Арміі. У 1948 годзе ён скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзе. У 1967 годзе ў званні палкоўніка Новікаў быў звольнены ў запас.

Пражываў у Ленінградзе, працаваў дырэктарам музея гісторыі Ленінградскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча.

Ганаровы грамадзянін г. п. Камарын Гомельскай вобласці Беларусі (1968).

Памёр 15 чэрвеня 1980 года, пахаваны на Новых Гарадскіх могілках Петергофа.

Узнагароды і званні

Герой Савецкага Саюза (24.03.1945) — Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года. Ордэн Леніна Медаль «Залатая Зорка»

Быў таксама ўзнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава III ступені і Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, шэрагам медалёў.

Памяць

Ганаровы грамадзянін Камарына (1968). Імя Героя размешчана на Алеі Славы ў Камарыне (Гомельская вобласць, Беларусь), з партрэтам і біяграфіяй.

Гл. таксама

Бітва за Дняпро

Крыніцы

Літаратура

Герои Советского Союза: Краткий биографический словарь / Пред. ред. коллегии И. Н. Шкадов. — М.: Воениздат, 1988. — Т. 2 /Любов — Ящук/. — 863 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-203-00536-2. Герои и подвиги. — Саратов, 1978. — Кн. 4. Хлюпин В. И. Сыны России. — М., 1985.

Спасылкі

Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Камарына