Паўднёва-Белару́ская гідралагі́чная ста́нцыя — першая на Беларусі і адна з першых у СССР навуковых станцый для комплекснага вывучэння ўсіх элементаў гідралагічнага рэжыму, у першую чаргу рачнога сцёку з натуральных і меліяраваных вадазбораў.

Гісторыя Арганізавана ў студзені 1928 года па ініцыятыве прафесара БСГА К. К. Кісялёва згодна з рашэннем тэхнічнага камітэта Наркамзема БССР. Станцыя знаходзілася ва ўрочышчы Стаў, на месцы апошняга поля Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот Палесся. Існавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Большая частка навуковых матэрыялаў станцыі загінула ў гады нямецкай акупацыі. Частка матэрыялаў захавалася ў Гідраметэафондзе БССР, а таксама была апублікавана ў гідралагічных штогодніках і матэрыялах воднага кадастру. У пасляваенны час на тэрыторыі дзейнасці станцыі працягвалі працаваць асобныя гідралагічныя пасты, у тым ліку гідралагічны пост Бабічы на рацэ Ведрыч.

Навуковая дзейнасць Станцыя вывучала гідралагічны рэжым вадазбору ракі Ведрыч, яе асноўных прытокаў і важнейшых меліярацыйных каналаў. Назіральная сетка ўключала: 9 гідралагічных пастоў з вывучэннем сцёку; 13 дажджамерных пунктаў з снегамернымі рэйкамі; 26 пунктаў назірання за ўзроўнем грунтавых вод; 3 снегамерныя маршруты агульнай даўжынёй каля 100 км у верхняй, сярэдняй і ніжняй частках вадазбору.

Таксама вяліся метэаназіранні па праграме метэастанцыі 2-га разраду, праводзіліся даследаванні па выпарэнні з воднай паверхні, вільготнасці глебы на полі і ў лесе, узроўню грунтавых вод.

Крыніцы

Літаратура

Киселёв К. К. Гидрологическая станция для изучения стока в Южной Белоруссии. — Советское строительство, 1928, № 10.

Катэгорыя:Навука ў БССР Катэгорыя:Гідралогія Беларусі Катэгорыя:Рэчыцкі раён Катэгорыя:1928 год у Беларусі