Гало́ўнае ўпраўле́нне О́бер Ост () — цэнтральны орган ваенна-адміністрацыйнага кіравання германскімі акупацыйнымі ўладамі на тэрыторыі ведамства Обер Ост падчас Першай сусветнай вайны. Упраўленне існавала з 4 лістапада 1915 года да 1 жніўня 1918 года. У афіцыйных дакументах структура таксама фігуравала пад назвамі «штаб», «генштаб» і «адміністрацыйныя аддзелы пры штабе Галоўнакамандуючага на Усходзе».
Гісторыя стварэння і лакалізацыя Галоўнае ўпраўленне было створана 4 лістапада 1915 года пры Галоўнакамандуючым на Усходзе для арганізацыі сістэмнага кіравання акупіраванымі тэрыторыямі. Дзейнасць упраўлення распаўсюджвалася на ўсе землі, якія ўваходзілі ў ваенна-адміністрацыйнае ведамства Обер Ост, уключаючы тэрыторыі сучаснай Літвы, часткі Латвіі, заходняй Беларусі і ўсходняй Польшчы. Адміністрацыя цалкам падпарадкоўвалася камандаванню Усходняга фронту і з'яўлялася інструментам ваенна-эканамічнай эксплуатацыі рэгіёна.
Штаб-кватэра Галоўнага ўпраўлення першапачаткова размяшчалася пры штабе Галоўнакамандуючага ў горадзе Коўна (з 20 кастрычніка 1915 года). Пазней, 25 студзеня 1917 года, цэнтр адміністрацыі быў перанесены ў Беласток. Сам жа Генеральны штаб на Усходзе на працягу вайны неаднаразова мяняў сваю дыслакацыю, знаходзячыся ў Чэнстахове, Пазнані, Інстэрбургу, Лётцэне, Брэсце і Кёнігсбергу{sfn|Рудовіч|2020|с=106}}.
Кіраўніцтва Кіраўніцтва Галоўным ўпраўленнем ажыццяўлялася ў цеснай звязцы з вышэйшым камандаваннем арміі. Шэфам штаба () з'яўляўся генерал-лейтэнант Эрых Людэндорф, якога 29 жніўня 1916 года змяніў палкоўнік Макс Гофман. Менавіта пры штабе функцыянаваў разгалінаваны адміністрацыйны апарат.
Непасрэднае кіраўніцтва адміністрацыйнымі аддзеламі першапачаткова ажыццяўляў галоўны кватэрмайстар (). Гэтую пасаду з 4 лістапада 1915 года займаў палкоўнік фон Эйзенхарт-Ротэ (), а з 2 мая па 20 лістапада 1917 года — палкоўнік фон Брандэнштэйн (). З 20 лістапада 1917 года пасада атрымала назву «генерал пры штабе Галоўнакамандуючага на Усходзе», яе заняў генерал-лейтэнант фон Вальдэрзее (). Яму непасрэдна падпарадкоўваўся шэф адміністрацыі Обер Ост (), якім з'яўляўся барон фон Фалькенгаўзен ().
Адміністрацыйная структура Структура Галоўнага ўпраўлення прайшла некалькі этапаў рэарганізацыі, паступова пашыраючыся ад пяці першапачатковых аддзелаў у лістападзе 1915 года да трынаццаці аддзелаў з дзясяткамі вузкаспецыялізаваных секцый. Ніжэй прыведзена структура асноўных аддзелаў () і іх секцый () паводле стану на 1916—1917 гады.
+ Структура і кіраўніцтва аддзелаў Галоўнага ўпраўлення Обер Ост (1916—1917 гг.) Аддзел Кіраўнік Асноўныя функцыі і падраздзяленні V. Агульнай і ўнутранай адміністрацыі (пазней Унутраных спраў) капітан запаса фон Бракхузен Аддзел курыраваў кадравыя пытанні, дарожнае будаўніцтва, паліцыю і медыцыну. Падзяляўся на секцыі: палітыкі (фон Гаўль), заканатворчасці і паліцыі (фон Альвенслебен), персаналу (фон Равен), медыцынскую (д-р Бёнке), ветэрынарную (д-р Кун), прэсы (Берткаў), літоўскіх спраў і краязнаўства. VI. Фінансаў капітан Ціслер Кантроль за фінансавымі аперацыямі і падаткамі. Секцыі: бюджэту і бухгалтэрыі (Дэнсаў), прамых падаткаў (Кляйнеке), ускоснага падаткаабкладання (Білер), мытных збораў (Эрнст) і манаполіі на алкаголь (Пройс). VIIA. Сельскагаспадарчы маёр запаса Хекель Арганізацыя збору ўраджаю і забеспячэння арміі прадуктамі. Секцыі: забеспячэння насельніцтва (Струкман), аграрнай палітыкі (Прэер), забеспячэння патрэб адміністрацыі (фон Лівоніус) і паставак абсталявання (Фішэр). VIIB. Лесніцтва капітан Кірхнер Эксплуатацыя лясоў, нарыхтоўка драўніны. Секцыі: лясной адміністрацыі (Борггрэвэ), кантролю тылавых раёнаў (Лібрэхт), хімічных прадпрыемстваў (Кінітц) і нагляду за лесапілкамі (Лаўтэрбах). VIIC (пазней XII). Землекарыстання ротмістр фон Рюмкер Апрацоўка зямлі і забеспячэнне насеннем. Секцыі: землекарыстання, эксперыментальных даследаванняў, абароны раслін ад шкоднікаў, гідратэхнікі і садаводства. VIII (першапачаткова). Царкоўных і школьных спраў капітан Альтман Рэгуляванне рэлігійнага жыцця і адукацыі. Секцыі: рэлігійных спраў, пачатковай школы (Рудэнік), сярэдняй і вышэйшай школы (Фрэх) і мастацтва. У 1918 годзе быў паніжаны да статусу секцыі ў V аддзеле. IX. Судаводства (Імперскі Вярхоўны суд) старшыня судовай калегіі Кратцэнберг Нагляд за судовай сістэмай, турэмнае зняволенне, амністыя. Секцыі: арганізацыі судоў, грамадзянскага і крымінальнага права (Элерт / Хартвіг) і пенітэнцыярнай сістэмы (фон Бранке). X. Пошты дырэктар Сторм, пазней капітан запаса Цыглер Арганізацыя паштовага і тэлеграфнага паведамлення, абслугоўванне кас і персаналу сувязі. XI (пазней VIII). Гандлю і прамысловасці маёр запаса Эйльсбергер, пазней капітан Дэнхард Рэгуляванне гандлю, закупка сыравіны, банкаўская справа. Секцыі: гандлю і рамёстваў, нарыхтоўкі сыравіны (Кюсель), крэдытных адносін (Кёнігс / Фішэр) і прамысловасці (Маркаў).
Афіцыйным друкаваным органам Галоўнага ўпраўлення з'яўлялася выданне «Дзённік распараджэнняў і загадаў Обер Ост» (). Газета выдавалася на нямецкай мове з 1 снежня 1915 года па 26 лістапада 1918 года. Усяго пабачыла свет 120 нумароў, у якіх публікаваліся загады і нарматыўныя акты для грамадзянскага насельніцтва і ваенных устаноў.
Жандармерыя Інспекцыя па справах жандармерыі Обер Ост уваходзіла ў склад Галоўнага ўпраўлення і знаходзілася ў непасрэдным падпарадкаванні галоўнага кватэрмайстра. На чале інспекцыі стаяў палкоўнік Шміт (), а яго ад'ютантам быў лейтэнант фон Прыцман. Штаб жандармерыі размяшчаўся ў Брэст-Літоўску. На 1 студзеня 1917 года структура інспекцыі складалася з пяці буйных аддзелаў палявой жандармерыі, якія кантралявалі розныя рэгіёны. Аддзел Курляндыі з цэнтрам у Мітаве ўзначальваў ротмістр Фурман. Аддзеламі Літва-Захад і Літва-Усход (абодва з цэнтрам у Коўне) кіравалі маёр граф фон Рантцэн і маёр фон Пербандт адпаведна. Аддзел Вільня-Сувалкі знаходзіўся пад камандаваннем фон Чэрніцкі, а аддзел Беласток-Гродна ўзначальваў маёр фон Ольсніц. Пазней, летам 1917 года, колькасць аддзелаў павялічылася да шасці за кошт выдзялення Шаўляў і Панявежа ў асобныя структуры пад кіраўніцтвам ротмістра фон Лентцке і маёра фон Пербанта.
Ліквідацыя і лёс архіваў Значныя тэрытарыяльныя змены і рэарганізацыя адбыліся 1 жніўня 1918 года, калі было ўтворана Ваеннае губернатарства Літва і асобнае ўпраўленне Балтыйскіх краін. У сувязі з гэтым Галоўнае ўпраўленне Обер Ост было фактычна ліквідавана, а большасць яго адміністрацыйных аддзелаў (з VI па IX) расфарміравана. Паўнамоцтвы па кіраванні тэрыторыямі перайшлі да ваеннага губернатара Літвы (генерал-лейтэнант фон Харбоў) і яго шэфа адміністрацыі (капітан Ціслер, затым д-р Цымерле).
У жніўні 1918 года пад кантролем шэфа адміністрацыі пры ваенным губернатары пачалося складанне пераліку дакументаў Галоўнага ўпраўлення для далейшага захавання. Архівы нарматыўных актаў, а таксама дакументы палітычнага, фінансавага, сельскагаспадарчага і судовага аддзелаў былі перададзены новай адміністрацыі ў Вільні. Аднак значная частка архіваў Галоўнага ўпраўлення Обер Ост і Генеральнага штаба Германіі была знішчана 14 красавіка 1945 года падчас бамбардзіровак Патсдама брытанскай авіяцыяй. Невялікая частка дакументаў, што ўцалела, сёння захоўваецца ў нямецкіх ваенных архівах Кобленца і Фрайбурга, а таксама ў бібліятэцы Фонду прускай культурнай спадчыны ў Берліне.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Беларусі Катэгорыя:Першая сусветная вайна Катэгорыя:Германская акупацыя Беларусі (1915—1918) Катэгорыя:З’явіліся ў 1915 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1918 годзе