«Этнаграфі́чная ка́рта Еўро́пы» () — палітычна-прапагандысцкая карта, якую яе аўтар, літоўскі грамадска-палітычны дзеяч Юозас Габрыс-Паршайціс, прадставіў як навуковае даследаванне, хоць гістарычнай навукай яна прызнаецца інструментам маніпуляцыі і тэрытарыяльнай прапаганды. Выдадзена ў 1918 годзе ў Лазане (Швейцарыя) з мэтай абгрунтавання максімальна шырокіх дзяржаўных межаў незалежнай Літвы перад удзельнікамі Парыжскай мірнай канферэнцыі.

Гісторыя стварэння Падрыхтоўка і выданне карты ажыццяўляліся пад эгідай Літоўскага інфармацыйнага бюро () і пры фінансавай падтрымцы літоўскай дыяспары ў ЗША, а таксама нямецкай прапагандысцкай арганізацыі «Ліга замежных народаў Расіі» (). Карта друкавалася ў вядомым швейцарскім выдавецтве Kümmerly & Frey. Выданне было наўмысна прысвечана прэзідэнту ЗША Вудра Вільсану, які абвясціў прынцып нацыянальнага самавызначэння і лічыўся галоўным арбітрам у пасляваенным уладкаванні Еўропы.

Аўтар ставіў перад сабой задачу паказаць максімальную тэрытарыяльную прастору літоўскай дзяржавы, каб прымусіць іншыя краіны лічыцца з яе інтарэсамі.

Характарыстыка карты У адрозненне ад некаторых папярэдніх еўрапейскіх прац, Габрыс атаясамліваў мову з нацыянальнасцю (народам). Пры складанні выкарыстоўваліся даныя расійскага перапісу 1897 года і карта нямецкага даследчыка Франца Тэцнера, аднак яны былі адаптаваны пад палітычныя мэты.

Галоўнай асаблівасцю карты 1918 года стала адсутнасць штрыхоўкі для змяшаных этнічных тэрыторый, якую аўтар яшчэ выкарыстоўваў у 1917 годзе. «Этнаграфічная Літва» была адлюстравана ў выглядзе маналітнай прасторы, пазначанай суцэльным чырвоным колерам. У яе межы («Lituanie Majeure») былі ўключаны ўся Віленская губерня разам з Вільняй (за выключэннем Дзісенскага і Вілейскага паветаў), а таксама значныя часткі Гродзенскай, Сувалкскай і Мінскай губерняў. Гэты арэал практычна цалкам супадаў з адміністрацыйнымі межамі нямецкай акупацыйнай зоны Обер-Ост.

Усе геаграфічныя назвы ў межах такім чынам акрэсленай Літвы былі пададзены ў падвойнай форме: тлустым шрыфтам друкавалася літоўская назва, а побач з ёй — расійскі ці нямецкі адпаведнік. Для астатняй тэрыторыі Еўропы выкарыстоўваліся толькі мясцовыя арыгінальныя назвы.

Крытыка і значэнне Карта мела выразны прапагандысцкі характар і актыўна распаўсюджвалася сярод заходніх дыпламатаў, вытрымаўшы ў 1918—1919 гадах пяць перавыданняў (змяняўся толькі колер вокладкі). Выданне выклікала катэгарычныя пратэсты з боку польскіх і беларускіх нацыянальных дзеячаў, якія аспрэчвалі прыналежнасць пазначаных тэрыторый. Польскі мовазнавец Казімеж Ніч указваў, што Габрыс штучна павялічыў літоўскую этнічную тэрыторыю ўдвая ў параўнанні з рэальным станам, што наносіла моцную шкоду польскім інтарэсам на міжнароднай арэне.

З боку беларускага нацыянальнага руху карта таксама падверглася вострай крытыцы за маніпуляцыі з лічбамі і поўнае ігнараванне беларускага насельніцтва на Віленшчыне і Гродзеншчыне. У кастрычніку 1919 года ў «Часопісі Міністэрства беларускіх спраў», якая выдавалася ў Коўне пад рэдакцыяй Язэпа Варонкі, з’явілася абураная рэцэнзія пад назвай «Фальшывая мапа»:

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Этнаграфічныя карты Катэгорыя:Гісторыя Літвы Катэгорыя:1918 год у навуцы Катэгорыя:Парыжская мірная канферэнцыя