Член ска́за — матэрыяльна-выражаны кампанент сказа (слова, спалучэнне слоў), які адначасова з’яўляецца і элементам структуры, і носьбітам семантыкі сказа.

Віды Член сказа можа быць марфалагізаваным або немарфалагізаваным. Паводле будовы і функцыі ў сказе вылучаюцца галоўныя і даданыя члены сказа.

Марфалагізаваныя члены сказа Марфалагізаваны член сказ выражаны той часцінай мовы, для якой пэўная сінтаксічная функцыя з’яўляецца асноўнай (тыповай, традыцыйнай). Марфалагізаваныя дзейнікі выражаны назоўнікамі, займеннікамі ў назоўным склоне, марфалагізаваныя выказнікі выражаюцца асабовымі дзеясловамі.

Марфалагізаваныя дапаўненні выражаны назоўнікамі і займеннікамі ва ўскосных склонах; марфалагізаваныя азначэнні — прыметнікамі, займеннікамі, парадкавымі лічэбнікамі, поўнымі дзеепрыметнікамі; марфалагізаваныя акалічнасці — прыслоўямі, дзеепрыслоўямі.

Немарфалагізаваныя члены сказа Немарфалагізаваны член сказа выражаны той часцінай мовы, для якой пэўная сінтаксічная функцыя з’яўляецца нетыповай.

Немарфалагізаваныя дзейнікі выражаны, напрыклад, інфінітывамі; немарфалагізаваныя выказнікі — назоўнікамі ў назоўным і ўскосных склонах; немарфалагізаваныя дапаўненні — інфінітывамі; немарфалагізаваныя азначэнні — ускосна-склонавымі формамі назоўнікаў, інфінітывамі; немарфалагізаваныя акалічнасці — інфінітывамі, ускосна-склонавымі формамі назоўнікаў.

Галоўныя члены сказа Галоўныя члены ўдзельнічаюць у стварэнні прэдыкатыўнай асновы сказа, з’яўляюцца неабходнымі кампанентамі яго структурнай схемы: яны служаць ядром, якое арганізуе структуру сказа і выражае яго асноўны сэнс. Да іх адносяцца дзейнік і выказнік двухсастаўнага сказа і суадносны з імі галоўны член аднасастаўнага сказа.

Даданыя члены сказа У кожным развітым сказе з галоўнымі членамі звязваюцца даданыя члены сказа. Даданыя члены прызначаны развіваць прэдыкатыўную аснову сказа. Яны звычайна не ўключаюцца ў структурную схему сказа, бо не з’яўляюцца яе кампанентамі, а служаць для ўдакладнення галоўных членаў, непасрэдна ці апасродкавана пашыраюць і ўзбагачаюць іх змест. Знаходзячыся ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа, даданыя члены рэалізуюць і абагульняюць у сказе атрыбутыўныя, аб’ектныя і акалічнасныя адносіны. У залежнасці ад характару гэтых адносін яны традыцыйна дзеляцца на азначэнні, дапаўненні і акалічнасці.

Крыніцы

Катэгорыя:Члены сказа