Мацве́й Слушча́нскі (, ; , таксама Maciej, Matthias; ? — пасля 1782) — мастак-манументаліст Вялікага Княства Літоўскага, адзін з найбольш яскравых прадстаўнікоў віленскай школы манументальнага жывапісу перыяду позняга барока і ракако.
Біяграфія Жыў і працаваў у Вільні. Яго бацька, таксама Мацвей (Mathiasz), згадваецца як мастак, які ў 1688—1702 гадах належаў да Архібрацтва Шкаплернай Божай Маці пры касцёле Святога Юрыя ў Вільні, дзе выконваў розныя мастацкія даручэнні. Сам Мацвей Слушчанскі таксама быў звязаны з гэтым брацтвам і згадваецца як намеснік яго старшыні.
Творчасць Як мастак-манументаліст Мацвей Слушчанскі працаваў у тэхніцы фрэскі, а таксама ствараў станковыя палотны для касцёлаў.
У 1762 годзе мастак атрымаў заказ ад віленскага магістрата на стварэнне партрэта тагачаснага віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага, а таксама напісанне гербаў папярэдніх біскупаў, дзяржавы і горада.
Найбольш значнай і маштабнай працай мастака з'яўляецца поўны комплекс манументальных роспісаў у віленскім касцёле Святой Тэрэзы, выкананы ім у 1763—1767 гадах пасля таго, як храм пацярпеў ад пажараў сярэдзіны XVIII стагоддзя. Гэты роспіс лічыцца адным з самых цэласных і складаных іканаграфічных ансамбляў у мастацтве ВКЛ. Ён уключае ў сябе: Роспіс скляпення цэнтральнага нефа са сцэнамі містычных відзежаў Святой Тэрэзы Авільскай; Роспіс сцен цэнтральнага нефа са сцэнамі заснавання кляштараў рэфармаванага ордэна кармелітаў; Роспіс купала са сцэнамі смерці і апафеозу Святой Тэрэзы; Роспіс скляпенняў і сцен бакавых нефаў з эмблематычнымі і сюжэтнымі кампазіцыямі, якія адлюстроўваюць духоўнасць ордэна кармелітаў.
У 1764 годзе Мацвей Слушчанскі разам з мастаком Ігнацыем Эгенфельдэрам працаваў над стварэннем дэкарацый для трыумфальных арак, узведзеных у Вільні з нагоды каранацыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У 1782 годзе мастак атрымаў узнагароду ад бернардзінцаў за «маляванне двух алтароў», а таксама за два абразы на тэму Беззаганнага Зачацця. Гэта дазваляе сцвярджаць, што ён быў таксама майстрам ілюзіяністычных алтароў. Адзінай працай мастака, якая дакладна захавалася ў гэтым касцёле, з'яўляецца алтарны абраз Святога Францыска. Яму таксама прыпісваецца аўтарства алтарнага абраза Святога Дыдака.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Мастакі Беларусі XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Беларусі Катэгорыя:Мастакі барока Катэгорыя:Мастакі ракако Катэгорыя:Памерлі ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:Постаці Вільні Катэгорыя:Мастакі Літвы XVIII стагоддзя Катэгорыя:Мастакі-манументалісты Літвы