Трамплёй (ад — «падман зроку»), таксама вядомы як падма́нка, — тэхніка і жывапісны жанр у выяўленчым мастацтве, які стварае максімальна рэалістычную аптычную ілюзію трохмернай прасторы або аб'ёмнага прадмета на плоскай двухмернай паверхні. Трамплёй гуляе з успрыманнем гледача, які, нават ведаючы, што перад ім знаходзіцца плоская карціна, усё роўна паддаецца ілюзіі і ўспрымае намаляваныя аб'екты як рэальныя.
У шырокім сэнсе трамплёй з'яўляецца найвышэйшай кропкай рэалізму і мімесісу. Жанр уключае ў сябе як станковыя нацюрморты, так і манументальны насценны жывапіс, які візуальна пашырае архітэктурную прастору, а таксама выкарыстоўваецца ў сцэнаграфіі і дэкаратыўным мастацтве.
Гісторыя
Антычнасць Жанр «падманных выяў» сфарміраваўся ў антычнасці як адказ на прынцып мімесісу. Найлепшай выявай лічылася тая, што максімальна дакладна адлюстроўвае аб'ект і можа падмануць гледача. Адзін з самых вядомых класічных міфаў, апісаны Плініем Старэйшым, распавядае пра спаборніцтва паміж грэчаскімі мастакамі Зеўксісам і Парасіем (V стагоддзе да н. э.). Зеўксіс напісаў вінаград настолькі рэалістычна, што птушкі зляталіся, каб дзяўбці яго. У адказ Парасій папрасіў суперніка адсунуць заслону, каб паглядзець на яго карціну. Калі Зеўксіс паспрабаваў гэта зрабіць, ён зразумеў, што заслона была намаляванай, і прызнаў паражэнне, бо сам ён падмануў толькі птушак, а Парасій здолеў падмануць вока мастака.
Тэхніка ілюзіі шырока выкарыстоўвалася ў Старажытнай Грэцыі і Рыме. Тыповыя фрэскі-трамплёі можна сустрэць у Пампеях, дзе мастакі стваралі ілюзію глыбокай прасторы, малюючы фальшывыя вокны, дзверы, калідоры, калоны і сады, тым самым танна пашыраючы інтэр'еры прыватных і грамадскіх будынкаў.
Адраджэнне і маньерызм
Увага да дэталёвага адлюстравання свету вярнулася ў эпоху Адраджэння разам з вынаходствам і вывучэннем законаў лінейнай перспектывы. Яшчэ напрыканцы XIII стагоддзя Джота дзі Бандонэ выкарыстоўваў элементы перспектывы ў фрэсках базілікі ў Асізі і капэле Скравеньі ў Падуі. З'яўленне алейнага жывапісу дазволіла майстрам Паўночнага Адраджэння, такім як Ян ван Эйк і Рагір ван дэр Вейдэн, дасканала імітаваць скульптуру на створках алтароў (жывапіс у стылі грызайль).
Італьянскія мастакі кватрачэнта, такія як Андрэа Мантэнья і Мелоца да Фарлі, пачалі ствараць ілюзорныя роспісы столяў (тэхніка di sotto in sù — «знізу ўверх»), якія візуальна «прарывалі» дах будынка. Мантэнья ў Камера дэльі Спозі (Мантуя) стварыў ілюзію адкрытага ў неба окулюса, цераз які ўніз заглядваюць людзі і анёлы. Іншыя мастакі, напрыклад Віторэ Карпача і Карла Крывелі, часта дадавалі ў свае карціны невялікія элементы трамплёя: намаляваную муху на раме, аркуш паперы, які нібыта прымацаваны да дошкі, або садавіну, што «звісае» з карціны ў рэальную прастору гледача. У 1504 годзе венецыянец Якапа дэ Барбары напісаў нацюрморт «Курапатка і жалезныя пальчаткі», які лічыцца адной з першых самастойных падманак новага часу.
Барока
У XVII стагоддзі тэорыі перспектывы дазволілі ствараць яшчэ больш інтэграваныя архітэктурныя ілюзіі. Гэты манументальны кірунак атрымаў назву квадратуры. Майстры барока, такія як Андрэа Поца, стваралі ўражальныя роспісы купалаў і скляпенняў езуіцкіх касцёлаў, дзе рэальная архітэктура плаўна пераходзіла ў намаляваную, знікаючы ў нябёсах.
У станковым жывапісе трамплёй стаў надзвычай папулярным у Фландрыі і Галандыі ў сувязі з агульным росквітам жанру нацюрморта. Фламандскі мастак Корнеліс Норбертус Гісбрэхтс ствараў так званыя chantourné (фігурна выпілаваныя з дрэва падманкі), якія імітавалі мальберты з карцінамі або іншыя прадметы, прызначаныя для размяшчэння асобна ад сцяны. Галандскі жывапісец Самуэл ван Хохстратэн быў прызнаным майстрам падманак і тэарэтыкам мастацтва. Сярод разнавіднасцей трамплёя папулярнасць набыў quodlibet — рэалістычна намаляваныя кампазіцыі з лістоў, нажоў для паперы, ігральных карт, грабянцоў і стужак, якія нібыта выпадкова прымацаваны да драўлянай дошкі.
Трамплёй у Вялікім Княстве Літоўскім У мастацтве Вялікага Княства Літоўскага феномен трамплёя і ілюзорнага жывапісу набыў шырокае распаўсюджанне ў эпоху позняга барока. У адрозненне ад Заходняй Еўропы, дзе квадратура ў асноўным абмяжоўвалася фрэскамі на мураваных сценах і скляпеннях, у ВКЛ гэтая тэхніка атрымала вельмі спецыфічнае лакальнае развіццё. Найважнейшую ролю ў прыўнясенні прынцыпаў ілюзорнага жывапісу (і ў прыватнасці trompe l'oeil) у мастацтва Рэчы Паспалітай і ВКЛ адыграў фларэнційскі мастак Мікеланджэла Палоні (1637—1712), які працаваў у Пажайслісе, Віленскім кафедральным саборы і Венграве.
Своеасаблівым працягам традыцыі трамплёя ў сакральнай прасторы ВКЛ сталі так званыя ілюзорныя (аптычныя) алтары — жывапісныя імітацыі аб'ёмных алтарных рэтабулаў. З-за імкнення да маштабнасці і тэатралізаванасці патрыдэнцкага набажэнства, мастакі стваралі аптычныя алтары не толькі на мураваных сценах, але і на драўляных шчытах з контурнай разьбой, а часам і на палатне. Гэтыя творы гулялі ролю маштабных архітэктурных падманак: яны візуальна пашыралі прастору храма, імітавалі дарагі шматкаляровы мармур, калоны, карнізы, а таксама ўключалі ў сябе выявы ўяўных статуй і ваз з кветкамі, якія здаваліся рэальнымі і аб'ёмнымі. Такім чынам танныя і недаўгавечныя матэрыялы з дапамогай жывапісу пераўтвараліся ў ілюзію раскошы. Часта такія алтары імітавалі графічныя схемы з папулярных еўрапейскіх трактатаў па перспектыве, напрыклад, прац А. Поца і І. Я. Шублера.
Тэхніка трамплёя актыўна выкарыстоўвалася і пры стварэнні аказіянальнай архітэктуры (часовых святочных дэкарацый): у прыватнасці, жалобных катафалкаў (castrum doloris), трыумфальных арак і тэатралізаваных дэкарацый для 40-гадзінных еўхарыстычных набажэнстваў (Quarantore). Для іх стварэння мастакі часта выкарыстоўвалі ілюзорны жывапіс на палатне або дрэве, каб дасягнуць максімальнага ўражання пры мінімальных выдатках. Традыцыі і формы гэтых часовых дэкарацый наўпрост уплывалі на фарміраванне стацыянарных ілюзорных алтароў у касцёлах ВКЛ.
У архітэктуры
Архітэктурны трамплёй (ілюзія перспектывы) актыўна выкарыстоўваўся ў будаўніцтве і сцэнаграфіі. Самым вядомым прыкладам з'яўляецца галерэя Палаца Спада ў Рыме, пабудаваная Франчэска Бараміні. Дзякуючы паступоваму звужэнню калон, узняццю падлогі і апусканню столі, галерэя даўжынёй усяго 8,8 метра здаецца гледачу каланадай даўжынёй каля 35 метраў, а невялікая 50-сантыметровая статуя ў канцы выглядае як скульптура ў чалавечы рост. Падобныя прыёмы «фарсіраванай перспектывы» выкарыстоўваліся ў тэатральных дэкарацыях, напрыклад, Андрэа Паладыа ў Тэатра Алімпіка ў Вічэнцы.
Сучасныя архітэктурныя трамплёі часта сустракаюцца ў выглядзе маштабных муралаў на глухіх сценах дамоў. Амерыканскі мастак Рычард Хаас ствараў на фасадах будынкаў ілюзіі акон і каланад. У Францыі і іншых краінах Еўропы папулярныя роспісы брандмаўэраў, якія імітуюць працяг вуліцы або дэталі фасада, напрыклад, вядомы «Мур ткачоў» у Ліёне.
Сучаснае выкарыстанне і іншыя сферы З 1960-х гадоў трамплёй вярнуўся ў моду ў інтэр'ерным дызайне і вулічным мастацтве. Сучасныя мастакі ствараюць аптычныя ілюзіі на асфальце з дапамогай мелу (3D-стрыт-арт), якія выглядаюць аб'ёмнымі толькі з аднаго пэўнага пункта гледжання. Сярод вядомых майстроў гэтага кірунку — Джуліян Бівер, Эдгар Мюлер і Курт Венер.
Аптычныя ілюзіі ў стылі трамплёй выкарыстоўваюцца ў кінематографе (тэхніка Matte painting — маляванне дэкарацый на шкле перад камерай, якое зараз заменена камп'ютарнай графікай), у відэагульнях, а таксама ў індустрыі моды, напрыклад, дызайнер Эльза Скіяпарэлі стварала швэдры і сукенкі з намаляванымі аб'ёмнымі дэталямі.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Мастацкая кампазіцыя Катэгорыя:Тэхнікі жывапісу Катэгорыя:Аптычныя ілюзіі Катэгорыя:Манументальнае мастацтва