Стараславяні́зм, царкоўнаславяні́зм, славяні́зм — слова, запазычанае са стараславянскай мовы або царкоўнаславянскай мовы. Вызначаецца кніжна-пісьмовай ці ўзвышанай стылістычнай афарбоўкай.

Гісторыя Стараславянізмы пранікалі ў старажытнарускую мову, калі стараславянская мова ці яе звод (варыянты) шырока выкарыстоўваліся на Русі. Шмат стараславянізмаў у старабеларускай мове (блаженства, бранити, отвещати).

Прыкметы Фанетычныя прыкметы стараславянізмаў: няпоўнагалоссе — спалучэнні ра, ла, рэ, ле паміж зычнымі, якія суадносяцца з усходнеславянскімі поўнагалоснымі оро, оло, ере, еле ў адпаведных каранях: храбры — харобры; спалучэнні жд, шч у адпаведнасці з усходнеславянскімі ж (дж), ч: отвещати — отвечати.

У беларускай мове У сучаснай беларускай мове (у адрозненне ад рускай і ўкраінскай моў) колькасць стараславянізмаў вельмі абмежаваная, а іх стылістычная афарбоўка нейтралізавалася (благаславіць, уваскрасаць, храм, шлем). У асобных мастацкіх творах сустракаюцца стылістычна афарбаваныя аказіяналізмы (брація, падзвіжнік у Я. Коласа). Да стараславянізмаў набліжаецца кніжная фразеалогія царкоўнаславянскага паходжання, якая ўжываецца пераважна ў публіцыстыцы (святая святых, плоць ад плоці). У гутарковай мове стылістычна афарбаваныя стараславянізмы могуць мець іранічнае адценне. Катэгорыя стараславянізмаў для сучаснай літаратурнай беларускай мовы мала характэрная.

Крыніцы

Катэгорыя:Запазычанні Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Стараславянская мова Катэгорыя:Царкоўнаславянская мова