Patriarkh (кірыліцай: ПАТРИАРХЪ) — польскі блэк-метал гурт, які існуе як працяг дзейнасці гурта Batushka пад кіраўніцтвам Бартламея Крысюка. Гурт спалучае элементы праваслаўнай літургіі, народнай музыкі і тэатральнай нарацыі, ствараючы канцэптуальныя творы, натхнёныя гісторыяй і духоўнасцю Падляшша.

Гісторыя Гурт быў заснаваны ў 2019 годзе Бартламеем Крысюком пасля расколу ў першапачатковым складзе Batushka. У 2019 годзе музыкі выдалі альбом Hospodi пад назвай Batushka. У 2024 годзе, пасля падпісання кантракта з Napalm Records, гурт змяніў назву на Patriarkh.

9 верасня 2024 года Бартламей Крысюк абвясціў праз афіцыйныя сацыяльныя каналы свайго гурта пра адмову ад выкарыстання ранейшай назвы Batushka і анансаваў рэбрэндынг музычнага праекта пад новай назвай Patriarkh (стылізавана кірыліцай як Патриархъ).

20 верасня 2024 года гурт арганізаваў адмысловы канцэрт у Кракаве, які трансляваўся ў жывым эфіры ў фармаце pay-per-view. Гэтая падзея мела сімвалічны характар і стала момантам публічнага пераходу ад ідэнтычнасці Batushka да Patriarkh.

Змена назвы была зацверджана пасля апошняга канцэрта ў межах канцэртнага тура Australasia, які адбыўся 13 снежня 2024 года ў Мельбурне (Аўстралія).

Першым афіцыйным музычным рэлізам пад назвай Patriarkh стаў твор ВЕРШАЛИН III (WIERSZALIN III), апублікаваны 15 кастрычніка 2024 года на стрымінгавых платформах. Прэм’ера суправаджалася відэакліпам, рэжысёрам якога стаў шматгадовы супрацоўнік гурта ў галіне кінавытворчасці, мастак, вядомы пад псеўданімам Hiatsyntos.

Альбом Prorok Ilja 3 студзеня 2025 года выйшаў альбом Prorok Ilja. Ён быў выпушчаны лэйблам Napalm Records, а запісаны ў студыях Tall Pine Records і Heinrich House пад наглядам прадзюсараў Філіпа Галухі і Мікалая Кіцяка. Кружэлка расказвае гісторыю Альяша Клімовіча, селяніна з Грыбоўшчыны, які ў 1930-я гады абвясціў сябе прарокам і заснаваў праваслаўную секту, вядомую як Грыбоўская Секта. Альбом мае восем кампазіцый, якія спалучаюць метал-музыку з элементамі фальклору і літургіі.

У дзень прэм’еры альбома гурт адыграў канцэрт у суправаджэнні сімфанічнага аркестра і мужчынскага хору. Канцэрт прайшоў у Лодзі ў клубе Wytwórnia.

Музычны стыль Patriarkh характарызуецца спалучэннем блэк-металу з народнай музыкай, літургічнай музыкай і неафолкам. Гурт выкарыстоўвае традыцыйныя інструменты, такія як тагельхарпа, мандаліна, мандачэла, колавая ліра і струнныя цымбалы, а таксама сімфанічны аркестр, мужчынскія хоры і жаночы вакал. У тэкстах Patriarkh звяртаецца да стараславянскай, беларускай, рускай, грэчаскай, румынскай, балгарскай моў, падляшскіх гаворак, а таксама ўпершыню — да польскай мовы.

Дыскаграфія

Студыйныя альбомы Hospodi / Господи (Metal Blade Records, 2019) Prorok Ilja / Пророк Илия (Napalm Records, 2025)

Міні-альбомы (EP) Raskol / Раскол (2020) Carju Niebiesnyj / Царю небесный (2021)

Зборнікі Maria / Мария (2022)

Крыніцы

Катэгорыя:Блэк-метал-гурты Польшчы Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 2019 годзе