Арфагра́фія белару́скай мо́вы — сістэма агульнапрынятых правіл напісання слоў беларускай мовы.

Асноўныя задачы беларускай арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў.

Гісторыя Беларуская арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках беларускага пісьменства XIV—XV стагоддзяў, у якіх пераважна захоўваліся традыцыйныя нормы старажытнарускага правапісу, знаходзілі адлюстраванне найбольш яркія рысы беларускай фанетыкі (ацвярдзенне [р], шыпячых і [ц], пераход [в] у [ў] у пэўным становішчы, зрэдку — аканне).

З XIX стагоддзя, калі жывая народная гаворка стала асновай беларускай літаратурнай мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы беларускай арфаграфіі, пашыраецца фанетычны прынцып напісання. Напрыклад, у ананімных паэмах «Энеіда навыварат» (1845) і «Тарас на Парнасе» (1889) адлюстравана аканне (паклон, чаўнок), дзеканне і цеканне (дзе, будзеце, уцяклі), наяўнасць гука [ў] (Саўка, казаў).

З сярэдзіны XIX стагоддзя пачалося станаўленне тэорыі беларускай арфаграфіі — найперш у даследаваннях па беларускай граматыцы П. Шпілеўскага і К. Нядзведскага.

На пачатку XX стагоддзя фарміраванню арфаграфічных нормаў садзейнічала навуковая распрацоўка беларускай мовы Я. Карскім, першыя беларускія газеты — «Наша доля» (1906), «Наша ніва» (1906—15), дзейнасць выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша аконца», легальныя і нелегальныя выданні твораў Ф. Багушэвіча, Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа і іншых.

Станаўленне правапісу ў гэты перыяд мела дынамічны характар і праходзіла, галоўным чынам, стыхійна, непасрэдна ў практыцы кнігадрукавання. У беларускай арфаграфіі акрэсліліся наступныя тэндэнцыі: арыентацыя на агульнанацыянальныя сродкі; пашырэнне фанетычнага прынцыпу пры напісанні галосных (вынік — дастаткова паслядоўнае адлюстраванне акання) і некаторых зычных (перадача дзекання, цекання, цвёрдасці шыпячых і [р], падаўжэння зычных, пераходу [л] і [в] у [ў]): дзве, цябе, нажыў, Дрыбін, Залужжа, далоў, доўга; адсутнасць перадачы на пісьме асіміляцыі па глухасці-звонкасці і шыпячасці-свісцячасці, нязменнае напісанне спалучэнняў на стыках кораня і суфікса: сведкі, дарожка, лодка, а таксама прыставак і прыназоўнікаў на б, д: абсыхае, адказаў.

Першыя спробы стабілізацыі беларускага правапісу рабіліся пераважна ў межах граматыкі. Вынікам стала выданне шэрага арыгінальных прац беларускімі мовазнаўцамі: «Jak prawilna pisać pa biełarusku» А. Луцкевіча (Вільня, 1917), «Hramatyka biełaruskaj mowy» Б. Пачобкі (Вільня, 1918), «Biełaruski prawapis» Я. Станкевіча, А. Луцкевіча (Вільня, 1918), «Pròsty spòsab stàcca ŭ karòtkim čase hràmatnym» Р. Абіхта, Я. Станкевіча (Брэслаў, 1918).

Праца «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча (Вільня, 1918) стала першым выданнем, у якім навукова карэктна асвятляліся такія нераспрацаваныя галіны беларускага мовазнаўства, як фанетыка, граматыка, словаўтварэнне і сінтаксіс. Граматыка была напісана з захаваннем лепшых традыцый тагачаснага ўсходнеславянскага мовазнаўства і апорай на даследаванні акадэмікаў А. Шахматава і Я. Карскага.

Прынцыпы «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча былі наступныя: у аснове правапісу — фанетычна-граматычныя асаблівасці сярэднебеларускіх гаворак; для напісання галосных выкарыстоўваецца пераважна фанетычны прынцып (перадача акання / якання), для адлюстравання зычных — марфалагічны (выключэнні: адлюстраванне дзекання, цекання, зацвярдзелага [р], прыстаўных гукаў, асіміляцыйнай мяккасці); словы іншамоўнага паходжання пішуцца ў адпаведнасці з іх вымаўленнем у той мове-крыніцы, адкуль яны былі запазычаны: літэратура, монолёг, інспэктар.

Дзякуючы гэтаму даследаванню, быў ліквідаваны разнабой у школьным навучанні, выдавецкай і навуковай дзейнасці. Аднак сістэмнага вырашэння не атрымалі наступныя праблемы: напісанне запазычаных і складаных слоў, уласных назваў.

Нормы беларускай арфаграфіі развівалі многія іншыя аўтары падручнікаў і граматык беларускай мовы 1920—1930-х гадоў: А. Багдановіч, Я. Лёсік, Н. Шэўчык і А. Саломенік, І. Пратасевіч і І. Самковіч, В. Рэверэлі і Р. Папіш.

У лістападзе 1926 года ў Менску была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі, удзел у якой прынялі каля 70 беларускіх і замежных навукоўцаў, выкладчыкаў, грамадскіх дзеячаў.

На канферэнцыі абмяркоўваліся найбольш спрэчныя пытанні беларускага правапісу: перадача акання / якання ў словах іншамоўнага паходжання; выкарыстанне мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (напісанні тыпу сьнег, зьзяць, дзьве, калосьсе); пераход на лацініцу і інш.

Даклады, прысвечаныя правапісу, былі абмеркаваны ўдзельнікамі канферэнцыі, а асноўныя ідэі адносна рэфармавання арфаграфіі сістэматызаваліся спецыяльна створанай у кастрычніку 1927 года Правапіснай камісіяй (С. Некрашэвіч, А. Багдановіч, Я. Лёсік, В. Ластоўскі, П. Бузук, І. Бялькевіч, І. Луцэвіч (Я. Купала), У. Чаржынскі).

Камісія правяла больш за 30 пасяджэнняў, у выніку якіх у 1930 годзе быў падрыхтаваны «Беларускі правапіс (праект)». Яго асноўныя палажэнні: не пашыраць фанетычны прынцып на напісанне зычных; галосныя няверхняга пад’ёму пасля мяккіх зычных перадаваць на пісьме праз я толькі ў першым складзе перад націскам; словы няма і няхай перадаваць праз я; гукі [й] і [ў] у пачатку слоў, а таксама пасля слоў, якія заканчваюцца на галосны, перадаваць з дапамогай літар і і у адпаведна.

Ва ўмовах нарастання палітычных рэпрэсій гэты праект не быў зацверджаны, а замест яго калектывам супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук быў падрыхтаваны новы «Праект спрашчэння беларускага правапісу» (1933). У істотна перапрацаваным і абагульненым выглядзе ён быў зацверджаны пастановай СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу».

Асноўныя змены заключаліся ў наступным: перадача акання ў пачатку і сярэдзіне іншамоўных слоў: арганізацыя, калектыў; аканне ў «інтэрнацыянальна-рэвалюцыйных словах» і вытворных ад іх не перадавалася: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, пролетарый; іншамоўныя ўласныя назвы перадаваліся ў адпаведнасці з іх правапісам у мове-крыніцы і захоўвалі ненаціскныя э, е: Шэўчэнка, Терэхаў, Чэрнышэўскі, Плеханаў, Егор’еўск, Белінскі, Владзівасток, Орджонікідзе, Жэлезноў; ненаціскны [э] пасля мяккіх зычных у спрадвечна беларускіх словах абазначаўся літарай я толькі ў першым складзе перад націскам, у іншых складах е захоўвалася і не пад націскам: лес — лясу́н — лесаві́к; у часціцы не і прыназоўніку без нязменна пісалася літара е: без меры, не без вынікаў; ліквідавалася абазначэнне на пісьме асіміляцыйнай мяккасці: смех, збег, жыццё; уводзілася нязменнае перадача на пісьме спалучэнняў гс, дс, жс, зс, кс, шс на стыку апошняга зычнага кораня з суфіксальным с: выбаргскі, чэшскі, французскі; не перадавалася цвёрдасць зычных перад галоснымі пярэдняга рада ў словах іншамоўнага паходжання: марксізм, сістэма, універсітэт і інш.

У 1934 годзе на аснове пастановы Савета Народных Камісараў Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі навук пад кіраўніцтвам А. Александровіча падрыхтаваў і выдаў «Правапіс беларускай мовы».

У 30—40-я гады практыка выкладання мовы ў школе, друкарская практыка выявілі шмат нявырашаных праблем правапісу, многія правілы патрабавалі перагляду. У 1951 годзе Арфаграфічнай камісіяй на чале з Я. Коласам быў падрыхтаваны праект змяненняў беларускага правапісу, вытрыманы ў кірунку далейшага збліжэння беларускай мовы з рускай (напрыклад, прапаноўвалася поўнасцю адмовіцца ад перадачы якання). Аднак пасля грамадскага абмеркавання праект быў адхілены.

11 мая 1957 года Савет Міністраў БССР зацвердзіў новы праект Арфаграфічнай камісіі пры АН БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Прапаноўваліся наступныя змены: напісанне а на месцы о не пад націскам пашыралася на ўсе словы, незалежна ад іх паходжання (за выключэннем слоў тыпу трыо, Антарыо): рэвалюцыя, савет, Арджанікідзе; уводзілася напісанне а (я) у першым складзе перад націскам ва ўласных назвах славянскага паходжання (а таксама ў даўно запазычаных — неславянскага): Дзяніс, Пячора, Шаўчэнка; пашыралася адлюстраванне дзекання і цекання пры перадачы на пісьме ўласных найменняў: Цімафееў замест Тімафееў; сістэматызаваўся правапіс раздзяляльнага мяккага знака і апострафа, складаных слоў, падоўжаных зычных, асобных формаў назоўнікаў, дзеясловаў і лічэбнікаў.

У адпаведнасці з зацверджаным праектам у 1959 годзе Інстытут мовазнаўства АН БССР пад кіраўніцтвам К. Атраховіча (К. Крапівы) і П. Глебкі падрыхтаваў «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Аднак і яны не ахоплівалі ўсіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў беларускай арфаграфіі працягнулася.

Пасля прыняцця Закона «Аб мовах у Беларускай ССР» у 1990 годзе і набыцця Беларуссю дзяржаўнага суверэнітэту зноў паўстала пытанне аб рэфармаванні існуючага правапісу. У жніўні 1993 года была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб удасканаленні правапісу беларускай літаратурнай мовы», у адпаведнасці з якой стваралася Дзяржаўная камісія па ўдакладненні беларускай арфаграфіі на чале з Н. Гілевічам.

Камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала НАН Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», дзе былі б улічаны выказаныя прапановы, а таксама патрэбы моўнай практыкі. У прыватнасці, было рэкамендавана: пашырыць фанетычны прынцып пісьма як у спрадвечна беларускай лексіцы (напісанне мяккага знака для перадачы асіміляцыйнай мяккасці, падпарадкаванне правілу якання слоў тыпу дзевяты), так і ў словах іншамоўнага паходжання (перадача канцавых спалучэнняў -эр, -эл(ь) у ненаціскным становішчы праз -ар, -ал(ь)); напісанне ў у выпадках тыпу ва ўніверсітэце, правесці ўніфікацыю; пашырыць напісанне мяккага знака: сьведчыць, астраханьскі, разьюшаны і інш.

У 1997 годзе быў створаны калектыў па распрацоўцы правіл арфаграфіі і пунктуацыі (А. Падлужны, А. Крывіцкі, А. Міхневіч, П. Шуба, М. Яўневіч), які на працягу 1997—1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакцыі «Правіл». Аднак праца была неадназначна ацэнена грамадскасцю.

Канчатковы варыянт новай рэдакцыі «Правіл» распрацавала рабочая група пад кіраўніцтвам В. Іўчанкава і А. Лукашанца, якая была створана ў студзені 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікам стала падпісанне Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года Закона «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які ўступіў у дзеянне з 1 верасня 2010 года.

Асноўныя новаўвядзенні ў сферы беларускага правапісу наступныя: напісанне а ў частках складанаскарочаных слоў тыпу газпрам, выканкам, прафкам; напісанне а ў ненаціскным становішчы на канцы запазычаных слоў тыпу адажыа, імпрэсарыа, какава; напісанне а не пад націскам у фіналях запазычаных слоў: грэйдар, лідар, камп’ютар, шніцаль; пашырэнне напісання я ў першым складзе перад націскам: дзявяты, сямнаццаць, пяцьдзясят; пашырэнне напісання ў у словах іншамоўнага паходжання: для ўніята, ва ўніверсітэце, раўнд; пашырэнне напісання прыстаўкі су- ў словах са значэннем сумеснасці, узаемнай сувязі з тым, што названа матывавальнай асновай: суграмадзянін, суродзіч, сунаймальнік, супалімер; пашырэнне ўжывання суфікса -ава- (-ява-) у дзеясловах і адпаведных аддзеяслоўных назоўніках: анатаваць, забетанаваць, рэтушаваць; пашырэнне ўжывання вялікай літары ў назвах органаў дзяржаўнай улады, вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасад, а таксама ў назвах знамянальных падзей і дат: Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Далай-Лама; Нараджэнне Хрыстова, Дзяды; спрашчэнне правіл пераносу: дзя-цінства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва і інш.