Гарадзішча і селішча — археалагічныя помнікі паблізу вёскі Дзедзілавічы Барысаўскага раёна.
Гарадзішча
Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку знаходзіцца за 4 км на паўднёвы захад ад вёскі, у лесе, злева (150 м) ад дарогі ў в. Прусевічы, ва ўрочышчы Замкавая Гара. Пляцоўка ўмацавана 2 кальцавымі валамі і 2 равамі. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Датаванне: I—IV стст.
Адкрыў помнік і праводзіў раскопкі ў 1962 г. А. Р. Мітрафанаў. Былі знойдзены абломкі рабрыстых слоікападобных гаршкоў, гліняныя прасліцы, жалезная сякерападобная прылада для апрацоўкі дрэва, посахападобная шпілька, рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі.
Селішча
Селішча знаходзіцца за 4 км на захад ад вёскі, на схілах узвышша, каля гарадзішча, на левым беразе р. Цна (прыток Гайны). Займае плошчу 5-6 га. Датуецца VI—VIII стст. н.э. Адносіцца да культурнага пласта Банцараўшчыны.
Помнік адкрыў у 1962 г., і праводзіў раскопкі ў 1962—1966 гг. А. Р. Мітрафанаў. Былі выяўлены рэшткі пабудоў зрубнай і слупавой канструкцыі, большасць з якіх была жытламі. Прадстаўлялі сабой урэзаныя ў схіл узгорка паўзямлянкі пл. 7,2-16,8 кв. м. Унутры жытлаў, часцей у далёкім ад увахода куце, размяшчаліся печы-каменкі, цалкам захаваліся ў 3 жытлах. Таксама былі знойдзены ляпныя гладкасценныя слабапрафіляваныя пасудзіны з амаль вертыкальным венчыкам, падоўжанай шыйкай, слабавыражаным плечуком і цюльпанападобныя пасудзіны з адагнутым венчыкам, падоўжанай шыйкай і апушчаным плечуком, міскі, міскападобныя гаршкі, патэльні, жалезны абломак сякеры, серп і нож для жніва, гліняныя прасліцы, коп’і, шпоры і інш.
Спасылкі heritage.gov.by heritage.gov.by
Катэгорыя:Банцараўская культура Катэгорыя:Гарадзішчы Барысаўскага раёна Катэгорыя:Дзедзілавічы Катэгорыя:Культура штрыхаванай керамікі Катэгорыя:Селішчы Барысаўскага раёна