Гіяс Гасан аглы Ібрагі́м (раней: Ібрагі́маў) (азерб. Qiyas Həsən oğlu İbrahimov; 3 жніўня 1994 года, Тауз, Азербайджан) — азербайджанскі палітычны актывіст; былы палітычны вязень і член Грамадзянскага руху «NIDA» (2016–2019).

Гіяс Ібрагімаў і Байрам Мамедаў былі выкрадзеныя паліцыяй з вуліцы ранняй раніцай 10 мая 2016 года пасля таго, як у ноч з 9 на 10 мая 2016 года напісалі лозунгі «Са святам рабоў!» (азерб. Qul Bayramınız Mübarəк!) і «Прэч, сістэма!» (англ. Fucк the System) на пастаменце помніка, узведзенага ў гонар Гейдара Аліева, былога прэзідэнта Азербайджана (1993–2003), бацькі цяперашняга прэзідэнта Ільхама Аліева. З 2000 года 10 мая ў Азербайджане адзначаецца Свята кветак, прымеркаванае да дня нараджэння былога прэзідэнта краіны. Гіяс і Байрам абыгралі фразу «Gül bayramınız mübarək!» («Са святам кветак!»), змяніўшы літары ў першым слове. Атрымалася «Qul bayramınız mübarəк!» — «Са святам рабоў!».

Пасля катаванняў і жорсткага абыходжання супраць іх была ўзбуджаная крымінальная справа, і яны былі арыштаваныя паводле артыкулаў 234.4.1 і 234.4.3 (незаконны продаж наркатычных або псіхатропных рэчываў — здзейснены групай асоб па папярэдняй змове або арганізаванай групай і ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Азербайджана. Афіцыйная інфармацыя пра тое, што маладыя людзі з беднай сям’і набылі такую вялікую колькасць наркотыкаў, не была адназначна ўспрынятая ў грамадстве. Абмеркаванні ў мясцовых СМІ, сацыяльных сетках, выступленні іх адвакатаў, а таксама заявы як мясцовых, так і міжнародных арганізацый адносна гэтага арышту сцвярджаюць, што абвінавачанне ілжывае, а крымінальны пераслед мае палітычную матывацыю.

Пасля затрымання Байрам Мамедаў і Гіяс Ібрагімаў падвергліся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню як у Галоўным упраўленні паліцыі горада Баку, так і ў Нарыманаўскім раённым упраўленні паліцыі.

Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый назвалі гэтыя арышты палітычна матываванымі. Amnesty International абвясціла абодвух маладых людзей «вязнямі сумлення». 25 кастрычніка 2016 года Бакинскі суд па цяжкіх злачынствах прысудзіў Гіяса Ібрагімава да 10 гадоў пазбаўлення волі. У снежні 2017 года ў дачыненні да Гіяса Ібрагімава была ўзбуджаная дадатковая крымінальная справа паводле артыкула 289.2 (непавага да суда) Крымінальнага кодэкса, і тэрмін яго пакарання быў падоўжаны яшчэ на 3 месяцы.

Ён і Байрам Мамедаў былі вызваленыя ў сакавіку 2019 года ўказам прэзідэнта.

Пасля вызвалення ён працягнуў сваю палітычную дзейнасць, падвяргаўся пераследу і затрыманням з боку паліцыі ў красавіку 2019 года, у чэрвені, верасні і кастрычніку 2020 года, а ў ліпені 2023 года быў арыштаваны на месяц. Вядомы сваёй цвёрдай антыаліеўскай пазіцыяй, левымі ідэямі і антываеннымі поглядамі.

Крыніцы