Ваджэнне куста (таксама Куст, Кусты) — традыцыйны беларускі вяснова-летні абрад, які праводзіцца на свята Тройцы. Сутнасць абраду заключаецца ў тым, што маладую дзяўчыну ці жанчыну ўпрыгожваюць зялёнымі галінкамі (робяць з яе «Куста») і водзяць па вёсцы з адмысловымі песнямі, абыходзячы ўсе двары і збіраючы пачастункі. Найбольш характэрны для Пінскага Палесся і сумежных тэрыторый, аднак лакальныя варыянты сустракаюцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі, напрыклад, на Гомельшчыне.
Гісторыя і паходжанне Абрад з'яўляецца помнікам духоўнай культуры і ўнікальнай жаночай прадуцыравальнай практыкай. Паводле даследаванняў фалькларысткі Рымы Кавалёвай, ядро свята «Куст» сыходзіць каранямі ў часы племені дрыгавічоў. Слова «куст» у старажытнасці разумелася як «род» (прашчуры, продкі), што пацвярджаецца летапісамі XIII стагоддзя і шэрагам беларускіх прыказак (напрыклад, «пакланіся кусту, г.зн. свайму роду»). Такім чынам, абрад увасабляе містычную сувязь паміж жывымі членамі роду і іх продкамі, а таксама ўяўляе сабой магічны акт па забеспячэнні ўраджаю. Раней лічылася, што «Куст» дае ўраджай, абараняе ад сурокаў і не карае, а толькі велічае і просіць за сябе.
З цягам часу абрад пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў трансфарміраваўся. Адбылася змена яго асноўнай функцыі: з чыста аграрна-магічнай ён набыў шлюбную накіраванасць і стаў надзеяй і пажаданнем добрага шлюбу для маладых удзельніц.
Апісанне абраду Абрад пачынаецца ў першай палове дня, да абеду. Традыцыйна ён праводзіцца ў нядзелю, панядзелак ці нават чацвер пасля Тройцы. Жанчыны і дзяўчаты збіраюцца разам у адной з хат, дзе выбіраюць самую прыгожую або паважаную маладую дзяўчыну на ролю «Куста». Яе шчодра апранаюць у зялёнае адзенне, робяць вянок з кветак і цалкам абвешваюць галінкамі клёну, ліпы або бярозы такім чынам, што яе постаць нагадвае сапраўдны жывы куст. Гэты гурт дзяўчат, які на Гомельшчыне часам называлі «дзявоцкае войска», пачынае ўрачысты абыход вёскі.
Падышоўшы да чарговага двара, удзельніцы выклікаюць гаспадароў з хаты. Калі тыя выходзяць, дзяўчаты абступаюць іх і пачынаюць вадзіць вакол гаспадароў карагоды, спяваючы спецыяльныя велічальныя і куставыя песні. У гэтых спевах яны славяць гаспадара, гаспадыню, іх дзяцей, зычаць сям'і здароўя, дабрабыту і багатага ўраджаю на полі. Таксама ў тэкстах песень заўсёды прысутнічае заклік адарыць «Кусту». У адказ на пажаданні гаспадары шчодра адорваюць гурт. У якасці гасцінцаў даюць хлеб, пірагі, мёд, мяса, сала, яйкі, розныя напоі і грошы. У некаторых дварах гаспадары спецыяльна накрываюць святочны стол прама на вуліцы і частуюць усіх удзельніц абраду.
Пасля таго, як дзяўчаты абыдуць усе двары ў вёсцы, пачынаецца завяршальны этап. Гурт накіроўваецца да ракі, возера або вяртаецца туды, дзе ўсе збіраліся першапачаткова. Там адбываецца важны рытуал: кожная ўдзельніца і нават выпадковыя мінакі імкнуцца сарваць з дзяўчыны-«Кусты» некалькі зялёных лісткоў. Гэтыя лісткі і галінкі надзяляліся ў народзе магутнай магічнай сілай. Іх кідалі ў ваду, каб забяспечыць дастатковую вільгаць на палях, закопвалі і раскідвалі на агародах у прадуцыравальных мэтах, а таксама захоўвалі дома для лекавання або абароны ад купальскага вогнішча. Завяршаюцца абрадавыя дзеянні агульным святочным застоллем са збраных прадуктаў, песнямі і танцамі да позняй ночы.
Рэгіянальныя асаблівасці Святар і этнограф Дзмітрый Булгакоўскі ў сваім зборніку «Пінчукі» (1890) зафіксаваў класічны варыянт абраду ў Пінскім павеце, дзе ён называўся «Траецкія або на Куста». Паводле яго запісаў, дзяўчаты спявалі гаспадарам двароў такія словы
: У аграгарадку Лобча (Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць) абрад «Ваджэнне куста» з'яўляецца яскравай рэгіянальнай адметнасцю і працягвае існаваць у нашы дні. Карэнныя жыхары звязваюць яго з памяццю пра продкаў. Штогадовае бесперапыннае ўзнаўленне гэтай традыцыі на Тройцу дапамагае жыхарам аграгарадка адчуваць сябе адзінай супольнасцю з глыбокай культурнай спадчынай.
На ўсходзе Беларусі, у прыватнасці ў вёсцы Меркулавічы (Чачэрскі раён, Гомельская вобласць), абрад таксама меў свае адметнасці (запісана ад мясцовай жыхаркі В. І. Павідзіш, нар. 1933). Гурт дзяўчат называўся «дзявоцкім войскам». Падчас ваджэння карагодаў яны спявалі наступную песню:
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Абходныя абрады славян Катэгорыя:Беларускія абрады і звычаі Катэгорыя:Украінскія абрады і звычаі Катэгорыя:Сёмуха Катэгорыя:Культ продкаў Катэгорыя:Вялікдзень у славянскай традыцыі