Міхал Казіміравіч Чарноцкі () — землеўласнік на Міншчыне з шляхецкага роду Чарноцкіх герба «Ліс».

Сын Казіміра Міхайлавіча Чарноцкага, брат Напалеона Чарноцкага. Атрымаўшы ў спадчыну сядзібу Нача Брындзоўская Слуцкага павета, Міхал Чарноцкі праявіў сябе як актыўны і прагрэсіўны эканаміст. У 1905—1910 гг. паводле праекта архітэктара А. Крыжаноўскага быў значна перабудаваны і пашыраны палац, закладзены яшчэ яго продкам у 1810 годзе. Пашырыў і мадэрнізаваў родавы пейзажны парк і заклаў вялікі пладовы сад. Сядзіба пры ім была культурным асяродкам, куды прыязджалі вядомыя навукоўцы і даследчыкі (напрыклад, фалькларыст Міхал Федароўскі).

Першай жонкай Міхала Чарноцкага стала Вільгельміна Маеўская, у шлюбе нарадзіліся два сыны. Пасля смерці першай жонкі Міхал пабраўся другім шлюбам са сваёй сваячкай — Марыяй (у дзявоцтве таксама Чарноцкая), гэты саюз прынёс сям’і яшчэ шасцёра дзяцей.

У 1918 годзе падчас бальшавіцкага пагрому маёнтка Нача Міхал Чарноцкі разам з адным са сваіх сыноў быў забіты мясцовымі бунтаўшчыкамі. Стэфан Чарноцкі, старэйшы сын ад другога шлюбу, узяў на сябе місію аднаўлення родавага гнязда, але быў вымушаны разам з маці пакінуць сядзібу ў 1939 годзе.

Крыніцы

Міхал Казіміравіч