Ёсіф Саламон дэль Медзіга (Дэльмедзіга; ) — яўрэйскі вучоны-прыродазнаўца, мысліцель, урач. Таксама вядомы як Рофэ.
Нарадзіўся на грэчаскім востраве Крыце ў Кандзіі (сёння Іракліян) у сям’і рабіна. Атрымаў яўрэйскую і агульную адукацыю, з 15 гадоў вучыўся ў Падуанскім універсітэце, вывучаў логіку, натурфіласофію, метафізіку, тэалогію, далей медыцыну, матэматыку, у астраноміі яго настаўнікам быў вядомы Галілей. Часта наведваў у Венецыі рабіна Леона да Мадэна, адчуваў яго ўплыў. Ён вярнуўся дамоў, але не мог тут застацца праз сваё вальнадумства, доўга вандраваў. Адправіўся ў Каір, шукаючы кніг для сваёй бібліятэкі. Тут ён зблізіўся з караімскімі вучонымі, асабліва з хамамам Якавам Іскандары (Аскандары), па яго просьбе напісаў працу пра механіку, на публічным матэматычным дыспуце ён перамог вучонага-мусульманіна. У Канстанцінопалі ён пазнаёміўся з некаторымі караімамі, вывучаў кабалу, праз Валахію і Малдову прыбыў у Рэч Паспалітую, дзе жыў некалькі гадоў. Стаў у Вільні ўрачом Януша Радзівіла, сярод ягоных вучняў тут быў Майсей бен-Меір з Меца, караім Зерах бен-Натан з Трок звярнуўся да яго з навуковымі пытаннямі, адказы на іх склалі асобную кнігу. Адправіўся ў Гамбург, займаў пасаду рабіна ці прапаведніка ў сефардаў, з-за эпідэміі перасяліўся ў Глюкштат, адтуль у Амстэрдам, дзе нейкі час быў рабінам. Каля 1630 года пасяліўся ў Франкфурце-на-Майне, быў урачом, а з 1648 года жыў да смерці ў Празе, дзе і пахаваны.
У 1629 годзе ён выдаў у Амстэрдаме навуковую кнігу, якая змяшчала 12 пытанняў і 70 парадоксаў з матэматыкі, астраноміі, фізікі і хіміі, што прасіў растлумачыць Зерах бен-Натан, далей ідуць адказы і тлумачэнні, якія часткова належаць Майсею бен-Меіру. Гэты твор не быў закончаным, сістэматычным. Адзін амстэрдамскі вучань па імені Самуіл бен-Леб Ашкеназі выдаў твор Дэльмедзіга, прысвечаны кабале, з якога відаць яго прыхільнасць да сістэмы Лурыі (Базель, 1629, 1631), аднак у адным сваім лісце ён рэзка асуджае кабалу. Дэльмедзіга не заўсёды быў шчырым. Ён баяўся абвінавачання ў ерасі. Такія сучаснікі, як Ёмтаў Ліпман Гелер і Яір Хаім Бахарах дужа хвалілі яго набожнасць і вялікую эрудыцыю. Яго біяграфію даследавалі Г. Грэц, А. Гейгер. Энцыклапедычная асвета не дала яму выразнага светапогляду і цвёрдых перакананняў, наадварот, заблытала яго розум, і ён на кожным кроку супярэчыў сабе, — меркаваў Дубноў.
Крыніцы
Літаратура Дельмедиго, Иосиф Соломон // Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. — СПб., 1908—1913.
Катэгорыя:Вучоныя паводле алфавіта Катэгорыя:Астраномы XVII стагоддзяКатэгорыя:Матэматыкі XVII стагоддзя Катэгорыя:Рабіны Катэгорыя:Медыкі Беларусі Катэгорыя:Вучоныя ІталііКатэгорыя:Астраномы ІталііКатэгорыя:Вучоныя Грэцыі