За́балацце (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Парэцкага сельсавета.
Геаграфія Размяшчэнне У 34 км на захад ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 237 км ад Гомеля, 27 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Гідраграфія На поўдні і захадзе меліярацыйныя каналы.
Транспартная сетка На аўтамабільнай дарозе Ляскавічы — Харомцы — Парэчча.
Інфармацыя Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з паўночнага ўсходу далучаюцца кароткая просталінейная вуліца і 3 завулкі. Забудова драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудавана 50 цагляных хат, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС месцаў. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Парэчча-Арэса» з цэнтрам у Парэччы, малочнатаварная ферма. Сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, бальніца сестрынскага догляду, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне сувязі, 3 крамы.
Гісторыя
Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя як цэнтр маёнтка Забалацце, уладанне Валадзькоў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1863 годзе адкрыта народнае вучылішча, у якім займаліся 30 хлопчыкаў. У 1885 годзе ў Ляскавіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
З 20 жніўня 1924 года вёска ў Ляскавіцкім сельсавеце Глускага раёна Бабруйскай акругі БССР. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Пачатковая школа ў 1930 годзе ператворана ў сямігадовую. З 28 чэрвеня 1939 года цэнтр Ляскавіцкага сельсавета. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыхары стварылі партызанскі атрад імя Чапаева, які ўзначаліў старшыня калгаса А. П. Пакуш. Нямецкія акупанты ў красавіку 1942 года спалілі 142 двары, забілі 192 жыхары. 5 лютага 1944 года карнікі расстралялі і спалілі яшчэ 87 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на вул. Камарова; у 1956 годзе ўстаноўлены абеліск). У баях за вёску і наваколлі ў 1943-44 гадах загінулі 42 савецкіх салдата (пахаваны ў брацкай магіле на могілках; у 1959 годзе ўстаноўлены абеліск). 68 жыхароў загінулі на фронце. 17 лістапада 1980 года цэнтр сельсавета перанесены з вёскі ў вёску ЛяскавічыРашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 17 лістапада 1980 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1980, № 36 (1662).. З 27 снежня 2022 года вёска ў складзе Парэцкага сельсаветаРешение Гомельского областного Совета депутатов от 27 декабря 2022 г. № 424 Об изменении административно-территориального устройства Октябрьского района Гомельской области.
Насельніцтва Колькасць 2011 год — 160 двароў, 356 жыхароў.
Дынаміка 1885 год — 15 двароў, 133 жыхары. 1908 год — 44 двары, 359 жыхароў. 1940 год — 242 двары, 1200 жыхароў. 1959 год — 936 жыхароў (паводле перапісу). 1997 год — 222 двары, 538 жыхароў. 2004 год — 198 двароў, 474 жыхары.
Вядомыя ўраджэнцы Марк Станіслававіч Смагаровіч — беларускі паэт.
Літаратура
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Спасылкі
Катэгорыя:Парэцкі сельсавет (Акцябрскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна