Слабо́дка (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Пратасаўскага сельсавета.
Геаграфія У 34 км на паўночны ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 21 км ад чыгуначнай станцыі Ратміравічы, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
На поўначы меліярацыйныя каналы. На ўсходзе і поўдні мяжуе з лесам.
Побач аўтадарога Парычы — Акцябрскі.
Планіроўка складаецца з просталінейнай мерыдыянальнай вуліцы, якая на поўдні далучаецца да цэнтра ледзь скрыўленай шыротнай вуліцы. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя. Па каралеўскаму прывілею 1775 года ў валоданні абознага літоўскага М. С. Лапаты. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У XIX стагоддзі ў складзе маёнтка Качай-Балота, пасля — дзяржаўнае ўладанне. На 1870 год належала да Зелянковіцкай сельскай грамады Брожскай воласці Бабруйскага павета і была прыпісана да Зелянковіцкай праваслаўнай царквы. Па стану на 1897 год Слабодка (яна ж Качай-Балотная Слабодка) — у Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У 1921 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа. На 1925 год у Раманішчаўскім сельсавеце Парыцкага раёна Бабруйскай акругі. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў вёсцы. У красавіку 1942 года карнікі спалілі 6 двароў і забілі 34 жыхары. У 1944 годзе акупанты стварылі тут канцлагер, дзе ўтрымоўваліся 3000 чалавек, якія выкарыстоўваліся на працах па пабудове абарончых збудаванняў. 24 жыхары загінулі на фронце.
Насельніцтва 1795 год — 7 двароў, 69 жыхароў. 1844 год — 9 двароў. 1897 год — 27 двароў, 203 жыхары (паводле перапісу). 1925 год — 70 двароў. 1940 год — 80 двароў, 350 жыхароў. 1959 год — 374 жыхары (паводле перапісу). 1997 год — 54 двары, 105 жыхароў. 2004 год — 47 гаспадарак, 82 жыхары. 2011 год — 34 двары, 46 жыхароў. 2019 год — 21 чал.
Інфраструктура У складзе сельскагаспадарчага ДП «Майсееўка» з цэнтрам у аднайменнай вёсцы. Клуб, крама.
Памятныя мясціны Помнік «Беларусь партызанская». За 0,5 км на ўсход ад вёскі. Устаноўлены ў гонар баявых дзеянняў савецкіх воінаў і партызан Акцябршчыны і на ўшанаванне памяці воінаў-вызваліцеляў і народных мсціўцаў, што загінулі на тэрыторыі раёна ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 1982 годзе насыпаны курган, на вяршыні якога ўстаноўлена скульптура жанчыны з вінтоўкай і хлопчыка.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Пратасаўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна