Юзаф Ядкоўскі (, ; , Гродна — ) — беларускі і польскі археолаг, нумізмат, архітэктар. Вучыўся ў Я. Ф. Арлоўскага.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Гродзенскага павета. Нарадзіўся 20 снежня 1890 г. у Гродне ў небагатай сям’і рамеснікаў Юзафа Ядкоўскага і Зоф’і Занеўскай. Сям’я жыла ў двухпавярховым доме № 16 на вул. Паштовай.
Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, дзе ўдзельнічаў у 1905 г. у школьнай забастоўцы. У гэтыя гады ён захапіўся гісторыяй Гродзеншчыны і пачаў збіраць разнастайныя друкаваныя і рукапісныя матэрыялы, а таксама пісаць свае першыя навуковыя працы. У выглядзе невялікіх нарысаў і артыкулаў яны з 1907 г. друкаваліся ў выданнях «Віленская газета» («Dziennik Wileński») і «Святавіт» («Światowit»). Апынуўшыся пад пагрозай выключэння з гімназіі, патэнцыяльнага арышту за палітычную дзейнасць і атрымання так званага «воўчага білета», які б зрабіў немагчымым паступленне ў іншую навучальную ўстанову ў Расійскай імперыі, у 1906 ці 1907 годзе Ядкоўскі перабраўся ў Варшаву, дзе працягваў вучобу і адначасова працаваў у археалагічным музеі.
Скончыў у 1913 годзе Маскоўскі археалагічны інстытут. Працаваў у гэтым жа інстытуце і ў Імператарскім Маскоўскім і Румянцаўскім музеі. У 1910—1914 гг. як сябра Маскоўскага археалагічнага таварыства шмат падарожнічаў па Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях (у тым ліку рабіў раскопкі ў Міры на тэрыторыі замка ў 1912 годзе) для фіксацыі і кансервацыі помнікаў гісторыі і правядзення археалагічных прац.
У 1920 годзе вярнуўся ў Гродна, дзе заняўся пачатковым зборам помнікаў гісторыі. Аднак пры пагрозе заняцця горада бальшавіцкімі войскамі, значную частку сабранага давялося эвакуіраваць. Пасля службы ў польскім войску і ўдзелу ў савецка-польскай вайне, за што быў узнагароджаны залатым крыжам, Ядкоўскі зноў вярнуўся ў Гродна.
Па яго ініцыятыве створаны Дзяржаўны музей у Гродне (цяпер Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей), які і ўзначальваў у 1922—1936 гадах. Да пераезду ў былы замак Баторыя музей Ядкоўскага размяшчаўся ў палацы віцэ-губернатара.
Рабіў раскопкі ў Ваўкавыску (1925), даследаваў княжацкія хорамы, Верхнюю і Ніжнюю цэрквы на тэрыторыі Старога замка ў Гродне (1931—1936). Раскопкі ў 1930-х года каля Каложскай царквы, Новага і Старога замкаў выклікалі канфлікт з польскімі археолагамі, якія вінавацілі Ядкоўскага ў іх бессістэмнасці і парушэнні методыкі правядзення. У выніку ён быў адхілены ад правядзення раскопак.
У 1936 годзе пакінуў Гродна і пераехаў ў Варшаву, дзе да Другой сусветнай вайны працуючы ў Дзяржаўных зборах мастацтва ў Каралеўскім замку. З 1945 хавальнік фондаў Народнага музея, дзе аднаўляў амаль цалкам знішчаны Нумізматычны кабінет.
Памёр 2 студзеня 1950 года. Пахаваны на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве.
Творы Аўтар прац «Гродна» (Вільня, 1923), «Гарадзішча Ваўкавыска» (Гродна, 1925), «Раннесярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Гродзенскім Старым каралеўскім замку ў 1932 і 1933 гг.» (Варшава, 1934), «Абарончы храм на Каложы ў Гродне» (Гродна, 1936) і інш. Засталася нявыдадзенай шматтомная праца Ядкоўскага «Польскія рэліквіі ў Расіі».
Сям’я У шлюбе з Галінай Баброўскай меў дачку Альжбету.
Памяць Прэмія імя Юзафа Ядкоўскага, уручаецца з 2012. Напачатку 2000-х грамадскасць Гродна сабрала подпісы за наданне імя Ядкоўскага адрэзку Нёманскай набярэжнай, якая з’явілася дзякуючы Ядкоўскаму, для аховы ад затаплення пагоркаў, на якіх знаходзяцца Стары і Новы замкі і Каложская царква. Улада зварот грамадскасці праігнаравала.
Бібліяграфія Замок в Мире // Древности: Тр. комиссии по сохранению древних памятников… М., 1915. Т. 6; Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси // М.; Grodno. Wilno, 1923; Grodzisko Wołkowyskie. Grodno, 1925; Świątynia warowna na Kołoży w Grodnie; Grodno, 1936.
Літаратура С. 288
Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 787. Беларуская ССР: кароткая энцикл. Т. 5. — Мн., 1981. — С. 691. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. — Мн., 1987. — С. 678. Беларуская энцыклапедыя. Т. 18. Кн.1. — Мн., 2004. — С. 242.
Спасылкі
Віктар Какарека «Юзеф Иодковский — страницы жизни» Вячаслаў ШВЕД. Юзаф Ядкоўскі: вядомы і невядомы Ядкоўскі Ю. «Баторыеўка і былы езуіцкі касцёл у першай чвэрці ХІХ стагоддзя»
Катэгорыя:Археолагі Беларусі Катэгорыя:Археолагі Польшчы Катэгорыя:Нумізматы Катэгорыя:Краязнаўцы Беларусі Катэгорыя:Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей