Ві́льня (), таксама Ві́льнюс () — сталіца і найбольшы горад Літвы, на рацэ Віліі пры ўтоку ў яе ракі Вільні. Адміністрацыйны цэнтр Віленскага павета. Вузел чыгунак (5 кірункаў) і аўтамабільных дарог.
Вільня адметна архітэктурай Старога горада, адным з найстарэйшых і найбуйнешых гарадскіх комплексаў Усходняй Еўропы, які ў 1994 годзе быў абвешчаны аб’ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Архітэктурны стыль з назвай Віленскае барока, сфармаваны тут, пашыраны на ўсёй Віленшчыне і Беларусі. Упершыню згаданая ў 1323 годзе, Вільня стала сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, у далейшым выступала культурным і духоўным цэнтрам народаў Рэчы Паспалітай.
Назва Назва горада паходзіць ад ракі Вільня, на ўтоку якой у Вілію (Нярыс) узнікла паселішча.
Корань Viln- таксама ў назвах літоўскіх рэк тыпу Vilnoja, Vilnutis, балацін Vilnaujė, Vilnia-raistisA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 384..
Значэнне «хваля» ў літоўскіх слоў vilnià [= вільня́], vilnius (засведчана ўжо ў XVII стагоддзі), vilnė, vilnis. Адсюль vilnyti «хвалявацца, ісці хвалямі; наплываць (хвалямі)».
Далей да аднаго са значэнняў шматзначнага індаеўрапейскага *ṷel- «круціць, віць, каціць»J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1140—1143..
Рачная назва Вільня матывавана хуткаплыннасцю ракі, якая хутка «накатвае» хвалямі. Такой самай семантыкі і назва Віліі, якая ад таго ж кораня *ṷel-.
Упершыню горад пад назвай Вільня (у форме Vilna) згаданы ў лісце вялікага князя Гедзіміна ад 25 студзеня 1323 годаВ. Н. Топоров. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980. С. 11—15. да ганзейскіх гарадоў Любека, Магдэбурга і Кёльна, дзе гаворыцца, што горад існаваў здаўна. У літоўскіх помніках пісьменнасці 1600, 1653 і пазнейшых гадоў сустракаецца варыянт Vilnius.
Афіцыйная назва Vilnius з 1940 года.
Геаграфія Вільня размешчана ў паўднёва-ўсходняй Літве, пры зліцці рэк Вільня і Нярыс (Вілія). Горад займае тэрасы старажытнай даліны Віліі, абмежаваны двума марэннымі ўзвышшамі.
Горад знаходзіцца за 312 кіламетраў ад Балтыйскага мора і горада Клайпеды, галоўнага літоўскага марскога порта. Таксама звязаны дарогамі з іншымі галоўнымі гарадамі: Каўнас (102 км), Шаўляй (214 км) і Панявежыс (135 км).
Плошча горада — 402 км². Будынкі займаюць 29,1 % горада, зялёныя насаджэнні займаюць 68,8 %, воды 2,1 %.
Міфалогія З Вільняй звязаныя два міфалагічныя цыклы. Адзін — пра перадгісторыю Вільні (цыкл Швінтарога), другі — пра заснаванне Вільні (цыкл Гедыміна).
Згодна з летапіснымі сведчаннямі, яшчэ да таго, як Вільня стала горадам, на яе месцы па паганскім звычаі спальвалі князёў і баяраў. Гэты звычай быў заснаваны міфічным князем Швінтарогам, які папрасіў свайго сына Скірманта спаліць цела пасля сваёй смерці. Пасля гэтага целы тагачаснай пляменнай арыстакратыі спальвалі толькі тут, што лічаць сведчаннем працэсаў цэнтралізацыі. На думку Ул. Тапарова, «Швінтарогам» першапачаткова называлі месца, дзе спальвалі, а потым у працэсе міфалагізацыі назва месца ўвасобілася ў імя князя. Назву «Швінтарог» даследчык тлумачыць ад літоўскага šventas «святы» і ragas «рог, вугал, мыс» і параўноўвае з літоўскімі тапонімамі Šventragis, ŠventragiaiТопоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 16-18, 28-30..
Менавіта «на луцэ на Швінтарозе» заснаваў Вільню князь Гедымін. Згодна з летапіснымі сведчаннямі, у часе палявання Гедымін забіў у тамтэйшых лясах тура, там жа заначаваў і ўбачыў сон: на Крывой (Лысай) гары стаіць жалезны воўк, а ў ім раве быццам сто ваўкоў раўло. Гедымін спытаў у свайго варажбіта Ліздзейкі і той растлумачыў, што сэнс сна — у тым, што тут узнікне магутны сталічны горадТопоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф. С. 40-44..
Гісторыя
X тысячагоддзе да н.э. — XIII стагоддзе Паводле археалагічных даследаванняў, тэрыторыя сучаснага горада была заселена яшчэ ў палеаліце (X тыс. да н.э.) і неаліце (IV—III тыс. да н.э.).
На думку літоўскага лінгвіста Казіміра Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у VI—VII стагоддзях. Яны жылі цераспалосна з балцкім насельніцтвам. Каля падэшвы сучаснай Замкавай гары выяўлены сляды старажытнага паселішча V—IX стагоддзяў, выцягнутага ўздоўж гразкай даліны Вільні.
XIII—XV стагоддзі
У XIII—XIV стагоддзях блізу вусця Вільні закладзены комплекс умацаванняў, які складаўся з трох замкаў: Верхняга, Ніжняга і Крывога. Значная частка тагачасных жыхароў горада была ўсходнімі славянамі, таксама жылі тубыльцы-літоўцы. Пад аховай Крывога замка на левым беразе Вільні і вакол гары, на якой пазней узнік Верхні замак, на правым беразе, пачало разрастацца паселішча. Тут выяўлены культурныя пласты таўшчынёй каля 8 м, ніжні з іх датуецца XIII стагоддзем.
Паводле пісьмовых крыніц Вільня стала сталіцай Вялікага Княства Літоўскага ў часы праўлення вялікага князя Гедзіміна (1316—1341). У гэты час дасылаліся запрашэнні рамеснікам і купцам з Заходняй Еўропы, каб яны прыязджалі ў Вільню на сталае жыццё. Падчас кіравання вялікага князя Альгерда горад набыў новую планіровачную структуру. На эканамічнае развіццё станоўча паўплывала наданне гораду магдэбургскага права (1387). Гэта ўзмацніла і пашырыла гандлёвыя сувязі з іншымі гарадамі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Польшчы і Ганзы.
Моцна цярпела Вільня ад спусташальных набегаў крыжакоў у 1321, 1365, 1375 гадоў і інш. У 1377 годзе яны спалілі частку горада. У 1377 годзе пасля 6-дзённай аблогі крыжакі ўзялі штурмам і спалілі Крывы замак, аднак, нягледзечы на працяглую асаду, Ніжнім замкам каля падножжа гары Гедзіміна не авалодалі. У 1391 годзе напад паўтарыўся і прывёў да сутычкі з літоўскім войскам. Апошні раз крыжакі былі пад сценамі горада ў 1402 годзе. У 1399 і 1419 гадах горад моцна пацярпеў ад пажараў.
Паводле апісання французскага падарожніка Жыльбера дэ Лануа за 1413 года, горад быў неўмацаваны, выцягнуты вузкай паласой уздоўж р. Вільня, забудаваны драўлянымі дамамі, сярод якіх зрэдку трапляліся мураваныя храмы. На Высокай гары размяшчаўся замак, умацаваны «каменнем, зямлёй і мурам».
З 1413 года Вільня — цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 года ў горадзе знаходзілася рэзідэнцыя літоўскага праваслаўнага мітрапаліта. Паступова горад набыў статус важнага палітычнага цэнтра Усходняй Еўропы, куды прыязджалі пасольствы з розных краін. У 1492 годзе тут заснаваны Віленскі манетны двор і першая аптэка. З канца XV стагоддзя ў глыб Вялікага Княства Літоўскага пачалі рабіць рэйды крымскія татары і войскі маскоўскіх вялікіх князёў, што стварала небяспеку для сталіцы. У сувязі з гэтым магістрат і гарадская абшчына прынялі рашэнне пабудаваць вакол горада абарончую сцяну, будаўніцтва якой скончылася ў 1522 годзе, даўжыня склала 2,4 км.
XVI—XVII стагоддзі
У XVI стагоддзі адбываўся далейшы росквіт горада, расшырэнне яго тэрыторыі. На месцы драўляных дамоў і храмаў, мясцовыя і замежныя дойліды і будаўнікі пачалі ствараць раскошныя рэнесансныя мураваныя палацы. Сярод якіх вылучаліся палацавыя комплексы Радзівілаў, Кішкаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Астрожскіх і інш. магнатаў вялікага княства. На актывізацыю мураванага будаўніцтва паўплывалі пажары ў 1419, 1513, 1520, 1530 і 1557 гадоў, у выніку якіх выгарала значная частка горада. Навокал пышных палацаў ляжалі прадмесці пераважна драўлянага горада з хаатычнай забудовай курнымі хатамі. У 1536 годзе праз Вілію перакінуты першы мураваны мост, які пазней атрымаў назву Зялёны. У 1511 годзе ў Вільні было 7 касцёлаў і 14 цэркваў. З 1524 года пачала дзейнічаць паперня, каля 1540 года арсенал і гарматная ліцейня, з сярэдзіны XVI стагоддзя — вадаправод у драўляных трубах. У 1547 годзе Марцін Палецкі заснаваў шкляную гуту. У 1596 годзе ў Вільні было 15 праваслаўных цэркваў, 14 каталіцкіх касцёлаў, адзін лютэранскі і два кальвінісцкія зборы, а таксама некалькі сінагогКотлярчук, А. Православная церковь в Великом княжестве Литовском // Вестник Белорусского православного экзархата. — 1998. — № 1. — С. 7 — 25..
У гэты перыяд Вільня стала галоўным інтэлектуальным, адукацыйным і выдавецкім цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага. Унікальнай асаблівасцю дакументальнай і кніжнай культуры горада быў шрыфтавы плюралізм: адначасова выкарыстоўваліся пяць алфавітаў. Кірыліца ўжывалася для царкоўнаславянскай і старабеларускай моў; лацініца — для лаціны, польскай, літоўскай і нямецкай; яўрэйскае пісьмо — для іўрыта і ідыша; арабскае пісьмо выкарыстоўвалася мясцовымі татарамі для напісання кітабаў і хамаілаў; грэчаскі алфавіт ужываўся ў праваслаўных школах і палеміцы. Дзяржаўным і судовым справаводствам кіравала старабеларуская мова, дакументы якой, у тым ліку Метрыка ВКЛ, захоўваліся на Ніжнім замку. Аднак у вусных зносінах і на гарадскіх вуліцах гучалі таксама польская, літоўская, нямецкая мовы і ідыш. Згодна з віленскім вількюрам (гарадскім статутам) 1551 года, выклікі ў суд і выракі павінны былі абвяшчацца на трох мовах: польскай, літоўскай і «рускай» (старабеларускай).
З пачатку XVI стагоддзя Вільня робіцца найбуйнейшым цэнтрам кнігадрукавання. У 1522 годзе тут пачала працаваць першая ва Усходняй Еўропе друкарня Францыска Скарыны. У перыяд з 1574 па 1655 год у горадзе дзейнічала каля 13 друкарань розных канфесій (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія, пратэстанцкія). Сярод найбольш значных — друкарня Мамонічаў, дзе ў 1588 годзе быў надрукаваны Трэці Статут ВКЛ, езуіцкая Друкарня Акадэміі, пратэстанцкая друкарня Яна Карцана і Віленская брацкая друкарня.
Хутка развівалася адукацыя. У 1579 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторый заснаваў Віленскую езуіцкую акадэмію (універсітэт), колькасць студэнтаў у якой да пачатку XVII стагоддзя перавысіла 1000 чалавек. Акрамя акадэміі, у горадзе дзейнічалі высокаўзроўневыя пратэстанцкія і праваслаўныя школы (у прыватнасці, Віленская брацкая школа, дзе выкладалі Л. Зізаній і М. Сматрыцкі). Развівалася і літаратура на літоўскай мове: у 1599 годзе ў Вільні выйшла першая літоўскамоўная кніга ў ВКЛ — пераклад «Пасцілы» Я. Вуека, выкананы М. Даўкшам, а каля 1620 года езуіт К. Шырвідас выдаў першы польска-лацінска-літоўскі слоўнік «Dictionarium trium linguarum».
Моцны пажар у 1610 года знішчыў у Вільні 4700 дамоў, замкі і 10 храмаў. Аднак пры падтрымцы вялікага князя і польскага караля Уладзіслава Вазы і канцлера Льва Сапегі горад быў адбудаваны. Цэнтр горада забудоўваўся ў асноўным мураванымі будынкамі, узніклі новыя вуліцы і плошчы. К сярэдзіне XVII стагоддзя ў горадзе налічвалася каля 840 крам, 37 храмаў розных канфесій, дзейнічалі калегіі езуітаў і ўніятаў, школы евангельскіх рэфарматараў і праваслаўныя, 10 друкарняў.
У перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў у ліпені 1655 года пасля жорсткага бою на подступах да горада і зацятай абароны з вулічнымі баямі, сталіца Вялікага Княства Літоўскага была занята расійскімі войскамі. Горад гарэў 17 дзён. У сувязі з заключэннем у кастрычніку 1656 года Віленскага перамір’я, вайна скончылася, але не надоўга, летам 1658 года царскія войскі зноў занялі горад, акупацыя працягнулася да 1661 года. З ліхалецця Вільня выйшла разбуранай і спаленай, са стратай паловы насельніцтва. Толькі ў канцы XVII стагоддзя горад пачаў ажываць. Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў многія жыхары загінулі ад голаду і эпідэміі чумы.
XVIII — пачатак XX стагоддзяў
З цягам часу горад паступова адрадзіўся. У 1773 годзе пасля ліквідацыі езуіцкага ордэна заснавана Адукацыйная камісія, якая рэарганізавала сістэму адукацыі на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Вільня з’яўлялася адным з цэнтраў паўстання 1794 года. 22—23 красавіка 1794 года паўстанцы адваявалі горад у рускіх і ўтрымлівалі яго да 11 жніўня (Віленскае паўстанне).