«Эпас пра Гільгамеша», або паэма «Аб ўсё пабачыўшым» () — адзін з найстарэйшых захаваных літаратурных твораў у свеце, самы значны твор, напісаны клінапісам, адзін з найвялікшых твораў літаратуры Старажытнага Усходу. «Эпас» ствараўся на акадскай мове на аснове шумерскіх паданняў на працягу паўтары тысячы гадоў, пачынаючы з XVIII — XVII стагоддзяў да н. э. Яго найбольш поўная версія была знойдзена ў сярэдзіне XIX стагоддзя пры раскопках клінапіснай бібліятэкі цара Ашурбаніпала у Ніневіі. Яна была запісана на 12 шасціслупковых таблічках дробным клінапісам, уключала каля 3 тысяч вершаў і была датавана VII стагоддзем да н. э. Таксама ў XX стагоддзі былі знойдзены фрагменты іншых версій эпасу, у тым ліку і на хурыцкай і хецкай мовах.

Галоўнымі героямі эпасу з’яўляюцца Гільгамеш і Энкіду, аб якіх таксама дайшлі асобныя песні на шумерскай мове, некаторыя з іх былі створаны яшчэ ў канцы першай палавіны III тысячагоддзя да н. э. У герояў быў адзін і той жа праціўнік — Хумбаба (Хувава), які ахоўвае святыя кедры. За іх подзвігамі сочаць багі, якія ў шумерскіх песнях носяць шумерскія імёны, а ў эпасе аб Гільгамешы — акадскія. Аднак у шумерскіх песнях адсутнічае сувязны стрыжань, знойдзены акадскім паэтам. Сіла характару акадскага Гільгамеша, веліч яго душы — не ў знешніх праявах, а ў адносінах з чалавекам Энкіду. «Эпас пра Гільгамеша» — гэта гімн Сяброўству, якая не проста спрыяе пераадоленню знешніх перашкод, але ператварае, надае высакароднасць.

Таксама ў эпасе адлюстраваны многія погляды філасофіі таго часу на навакольны свет (элементы касмагоніі, гісторыя пра «Вялікі патоп» у позняй рэдакцыі), этыку, месца і лёс чалавека (пошукі бессмяротнасці). У многім «Эпас пра Гільгамеша» параўноўваюць з творамі Гамера — «Іліядай», за якую ён старэйшы за на тысячу гадоў, і «Адысеяй».

Гісторыя знаходкі «Эпасу» У 1849 годзе англійскі археолаг Осцін Генры Лэярд у выніку раскопак выявіў асірыйскі горад Ніневія. Падчас далейшых раскопак у горадзе была знойдзена клінапісная бібліятэка цара Ашурбаніпала. Клінапісныя таблічкі з гэтай бібліятэкі асістэнт Лэярда, Армузд Расам, які раскапаў у 1852 годзе другую частку бібліятэкі, перадаў у Брытанскі музей.

Пазней даследаваннямі знойдзеных таблічак займаўся таленавіты самавук, асістэнт егіпецка-асірыйскага аддзялення музея Джордж Сміт. 3 снежня 1862 г. ён выступіў з дакладам у «Таварыстве біблейскай археалогіі». У дакладзе ён заявіў, што знайшоў міф пра патоп, падобны на запісаны ў Бібліі. Гэта паведамленне выклікала сенсацыю і ўсеагульную цікавасць. Газета «Дэйлі тэлеграф» нават паабяцала 1000 фунтаў таму, хто знойдзе адсутныя фрагменты падання. Джордж Сміт скарыстаўся гэтым і адправіўся ў Месапатамію.

Працягваючы дэшыфроўку таблічак, Сміт выявіў, што паведамленне пра патоп з’яўляецца часткай нейкай вялікай паэмы, якую валіланяне называлі «Паданнямі аб Гільгамешы». Па сцвярджэннях пісцоў, «Паданні» складаліся з 12 песень, кожная з якіх складала каля 300 радкоў. Неўзабаве ён зразумеў, што часткі апавядання не хапае, бо некалькі таблічак адсутнічаюць. У выніку арганізаванай ім у 1873 экспедыцыі ўдалося знайсці 384 таблічкі, сярод якіх аказалася і адсутная частка «Эпасу».

У пачатку і сярэдзіне XX стагоддзя быў знойдзены шэраг іншых таблічак з фрагментамі «Эпасу» на розных мовах.

Апісанне «Эпасу»

Раннія паданні пра Гільгамеша «Эпас пра Гільгамеша» ствараўся на працягу паўтары тысячы гадоў. Да нашага часу дайшлі клінапісныя таблічкі, у якіх песні пра Гільгамеша, якія з’яўляюцца часткай «Эпасу», запісаныя на чатырох мовах Старажытнага Усходу — шумерскай, акадскай, хурыцкай і хецкай. Найстаражытнейшыя з тэкстаў напісаны на шумерскай мове. Пры гэтым найбольш важнай лічыцца версія на акадскай мове, якая з’яўляецца велізарным мастацкім дасягненнем.

Захаваныя шумерскія паданні пра Гільгамеша не аб’яднаныя ў нейкую групу твораў. Усяго іх захавалася дзевяць, і ўсе яны адносяцца да катэгорыі эпічных помнікаў. Тры паданні вядомыя толькі па пераказах, астатнія шэсць захаваліся і былі выдадзеныя.

Раннія паданні адносяцца да так званага Ніпурскага канона, які быў часткай акада-шумерскага эпасу. Першапачаткова іх пратографы, верагодна, з’яўляліся часткай цыкла, які апавядаў пра кіраўнікоў горада Урука з Першай дынастыі Урука. Акрамя эпасу аб Гільгамешы, які быў пятым кіраўніком Урука, да нашага часу дайшлі паданні аб Энмеркары, другім кіраўніку Урука, і Лугальбандзе, чацвёртым кіраўніку і бацьку Гільгамеша.

Акада-шумерскія паданні, звязаныя з Гільгамешам, захаваліся ў спісах, датаваных пачаткам II тысячагоддзя да н. э. (каля XVIII стагоддзя да н. э.). Аднак на аснове шматлікіх апісак і недакладнасцей пісцоў, а таксама на аснове характару мовы, які выглядаў архаічным для гэтага часу, даследчыкі лічаць, што паэма была створана значна раней. З улікам таго, што паэма, мяркуючы па ўсім, была створана да ўстанаўлення царамі Ура адзінства боскага пантэона, а таксама на аснове дадзеных аб распаўсюджанні акадскай мовы на поўдні Месапатаміі, стварэнне паэмы адносяць да XXIII—XXI стагоддзяў да н. э..

У цяперашні час вядомыя наступныя паданні: Гільгамеш і Ага — апавядае пра канфлікт Акі, цара Кіша, з Гільгамешам. У адрозненне ад іншых твораў пра Гільгамеша, цар не надзяляецца чароўна-казачнымі рысамі. Дадзеная паэма не была ўключана ў «Эпас пра Гільгамеша». Гільгамеш і Гара жывых (Гільгамеш і Краіна жывых, Гільгамеш і Гара бессмяротнага) — апавядае аб паходзе Гільгамеша да волата Хувавы, які абараняў свяшчэнныя кедры. Гільгамеш і нябесны бык — апісваюцца каханне да Гільгамеша багіні Інін (Іштар), якую той адхіліў, і бітва Гільгамеша і яго раба Энкіду з нябесным быком, пасланым раззлаванай багіняй. Канец паэмы не захаваўся. Гільгамеш і вярба (Гільгамеш, Энкіду і падземнае царства) — апавядае пра тое, як Гільгамеш па просьбе багіні Інін выгнаў з вярбы львінагаловага арла і лiлiт, якія пасяліліся там, пасля чаго зрабіў для багіні з дрэва крэсла і ложак, а для сябе — барабан і палачку. Пазней барабан праваліўся ў апраметную, а пасланы за ім раб Энкіду вырашыў назад не вяртацца. Толькі пасля просьбы Гільгамеша багі дазволілі яму пагутарыць з духам Энкіду. Смерць Гільгамеша — апісвае, як Гільгамеш шукае бессмяротнасць, але даведваецца, што яна недасягальная. Паэма захавалася толькі ў фрагментах. Патоп — змяшчае апавяданне пра стварэнне чалавека, узнікненне царскай улады, патоп, а таксама пра тое, як цар Зіусудра выратаваўся ад патопу, пабудаваўшы карабель, і стаў бессмяротным. Канец таблічкі быў разбураны.

Ніхто ўжо не помніў аб Гільгамешы як аб гістарычнай асобе, калі ствараліся гэтыя паданні. Напісаныя ў жанры эпічнай паэмы, яны прымітыўныя па зместу і архаічныя па форме, чым моцна адрозніваюцца ад акадскай паэмы аб Гільгамешы, якая была створана ненашмат пазней.

Стварэнне «Эпасу»

На думку даследчыкаў «Эпасу», першыя песні пра Гільгамеша былі створаны яшчэ ў канцы першай палавіны III тысячагоддзя да н. э. Першыя таблічкі, якія дайшлі да нашага часу, былі створаны на 800 гадоў пазней. Прыкладна да гэтага часу адносяць і стварэнне акадскай версіі паэмы, якая, верагодна, канчаткова склалася ў апошняй трэці III тысячагоддзя да н. э. У 2-м тысячагоддзі да н. э. у Палесціне і Малой Азіі была створана іншая версія акадскай паэмы — «перыферыйная». Да гэтага ж часу адносяць і пераклад «Эпасу» на хурыцкую і хецкую мовы. Ад канца другога тысячагоддзя і да VII—VI стагоддзяў да н. э. быў створаны канчатковы варыянт «Эпасу» — «ніневійскі», які і быў знойдзены ў бібліятэцы Ашурбаніпала.

У аснову «Эпасу» леглі як міфалагічныя матывы, заснаваныя на рэлігійных вераваннях шумераў, так і гістарычныя легенды. Гільгамеш быў гістарычнай асобай — лугалем шумерскага горада Урука каля 2800—2700 гадоў да н. э. Яго імя, якое на шумерскай мове ўмоўна перадаецца як «Більгамес» (), згадваецца ў шумерскай таблічцы са спісам шумерскіх кіраўнікоў, датаванай пачаткам II тысячагоддзя да н. э. Аднак дастаткова рана Гільгамеш стаў абагаўляцца. З XVIII стагоддзя да н. э. яго імя ў форме «Більгемес» або «Більгамес» упамінаецца сярод шумерскіх божастваў. Вакол яго ўзніклі шматлікія легенды, у якіх ён уяўляўся боскім героем, сынам багіні Нінсун і героя Лугальбанды (па іншай версіі — духа «лілу»). Пазней імя Гільгамеша стала вельмі папулярна ў Вавілоніі, Хецкім царстве і Асірыі, з ім звязваўся вобраз героя, які змагаецца са звярамі, яго спадарожнікам быў герой паўбык-паўчалавек. Пазней лічылася, што Гільгамеш — бажаство, якое абараняе людзей ад дэманаў, суддзя замагільнага свету. Яго выявы змяшчалі ля ўваходу ў дом, бо лічылася, што такім чынам жыллё абаранялася ад злых духаў. У той жа час у афіцыйным кульце Гільгамеш нейкай асаблівай ролі не адыгрываў.

Сюжэт

Галоўнымі героямі «Эпасу» з’яўляюцца паўбог Гільгамеш — магутны воін, цар Урука, а таксама Энкіду — дзікі чалавек, якога багіня Аруру стварыла з гліны. Багіня стварыла Энкіду ў адказ на просьбы жыхароў Урука, незадаволеных іх уладаром — Гільгамешам, якога яны абвінавачваюць у тым, што буянства яго не ведае граніц. Энкіду павінен процістаяць Гільгамешу, а магчыма, і перамагчы яго.

Энкіду з цывілізаваным жыццём не знаёмы, жыве ў стэпе сярод дзікіх жывёл і не падазрае аб тым, для чаго ён створаны. Пры гэтым у Гільгамеша ўзнікаюць уявы, з якіх ён разумее, што яму наканавана знайсці сябра.

Аднойчы ва Урук прыйшла вестка аб тым, што ў стэпе з’явіўся нейкі магутны чалавек, які не дае паляваць, абараняючы жывёл. Гільгамеш вырашае паслаць да яго блудніцу, лічачы, што гэта прымусіць звяроў пакінуць Энкіду. Мэты сваёй ён дабіўся — Энкіду быў спакушан, пасля чаго блудніца забірае яго з сабой у горад, дзе ён далучаецца да цывілізацыі і ўпершыню спажывае хлеб і віно.

У горадзе Энкіду сустракаецца з Гільгамешам. Паміж імі адбываецца паядынак, але перамагчы нікому з іх не ўдаецца. Пасля гэтага яны становяцца сябрамі і ўдваіх пачынаюць здзяйсняць подзвігі. Яны ўступілі ў бітву з лютым Хумбабай, які ахоўвае горныя кедры, затым іх сапернікам становіцца жахлівы бык, якога паслала багіня Іштар, раз’юшаная на Гільгамеша за яго адмову падзяліць з ёй каханне. Забойства Хумбабы выклікае гнеў багоў, які абвальваецца на Энкіду, у выніку чаго той памірае.

Смерць Энкіду ўразіла Гільгамеша, ад гора ён бяжыць у пустыню, сумуе па другу, яго адчай велізарны. Гільгамеш у першы раз разумее, што ён смяротны, і ўсведамляе, што смерць — гэта лёс усіх людзей.

У выніку сваіх блуканняў Гільгамеш аказваецца на востраве блажэнных, дзе жыве Ут-напішцім — чалавек, які адзін з усіх стаў бессмяротным. Гільгамеш жадае зразумець, як гэта ўдалося Ут-напішціму, які расказвае пра гісторыю сусветнага патопу, пасля якога выжыў адзін ён. Пасля гэтага Ут-напішцім кажа Гільгамешу, што дзеля яго другі раз савет багоў не стане збірацца. Далей ён прапануе Гільгамешу знайсці спосаб перамагчы сон, аднак гэта аказваецца нездзяйсняльным.

Жонка Ут-напішціма, якая пашкадавала героя, угаварыла мужа зрабіць яму на развітанне падарунак. Гільгамеш атрымлівае веды аб кветцы вечнай маладосці, якую вельмі цяжка знайсці. Гільгамешу ўдалося знайсці, але не паспытаць кветку: калі ён вырашыў выкупацца, змяя з’ядае кветку, скідае скуру і становіцца маладой.

Пасля таго, што адбылося, герой вярнуўся ва Урук, дзе прапанаваў свайму стырнавому Уршанабі прагуляцца з ім па сценах горада, якія былі пабудаваныя самім Гільгамешам. Гільгамеш паказвае сцены і выказвае надзею, што нашчадкі будуць помніць пра яго ўчынкі.

У XII песні, якая мае пазнейшае паходжанне і была механічна далучана да «Эпасу», з’яўляецца даслоўным перакладам на акадскую мову другой часткі шумерскай паэмы «Гільгамеш і вярба». Яна апавядае аб тым, як Энкіду вырашае спусціцца ў падземны свет, каб вярнуць барабан, але пры гэтым парушае магічныя забароны і не можа вярнуцца назад. Гільгамеш звяртаецца з просьбай да багоў, у выніку яму было дазволена пагутарыць з духам Энкіду, які расказаў, якая бязрадасная доля мёртвых. Гэта частка, нягледзячы на тое, што яна не ўвязана з папярэднім сюжэтам, дазволіла падкрэсліць думку аб тым, што смерці нікому пазбегнуць не ўдасца.

«Эпас пра Гільгамеша» і Біблія