Нікалае Чаўшэску (, 26 студзеня 1918, Скарнічэшці, жудзец Олт — 25 снежня 1989, Тыргавіштэ, Дымбавіца, ) — румынскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, генеральны сакратар ЦК Румынскай камуністычнай партыі (РКП) з 1965. Прэзідэнт СРР ў 1974—1989 гадах. Зрынуты ў выніку Румынскай рэвалюцыі 1989 года.

Вылучаўся сваёй адносна нейтральнай знешняй палітыкай: трымаўся аўтаноміі ўнутры сацыялістычнага блоку краін (не байкатаваў алімпіяду ў Лос-Анджэлесе у 1984, устрымаўся ад уводу войскаў у Чэхаславакію ў 1968), але імкнуўся захоўваць добрыя адносіны з СССР. Добрыя стасункі з Заходняй Еўропай дазвалялі яму атрымліваць буйныя крэдыты, якія ў значнай ступені забяспечылі эканамічны рост ў 1960-1970-я гады. Між тым унутры краіны праводзіў усё болей жорсткую, аўтарытарную палітыку, паступова насаджваючы культ сваёй асобы. Але рост запазычанасці прымусіў Чаўшэску пагадзіцца на рэжым жорсткай эканоміі і зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Гэты і шэраг іншых фактараў (у тым ліку крызіс сацыялістычнага лагеру, зніжэнне цэн на нафту) прывялі да антыкамуністычнай рэвалюцыі, у час якой узброеныя сілы забілі каля 50 мужчын, жанчын і дзяцей, звяржэння і расстрэлу Нікалае Чаўшэску.

Непасрэднай падставай дзеля Румынскай рэвалюцыі 1989 года, якая зрынула рэжым Чаўшэску, сталі хваляванні румынскіх венграў у Тымішаары. У час рэвалюцыі Чаўшэску здолеў збегчы на верталёце са сталіцы, але ў выніку быў схоплены румынскім войскам і, разам са сваёй жонкай Еленай паўстаў перад трыбуналам. Трыбунал абвінаваціў Чаўшэску ў злачынствах супраць дзяржавы, генацыдзе ўласнага народа, адкрыцці таемных рахункаў у замежных банках і падрыве нацыянальнай эканомікі .

Растраляны разам з жонкай 25 снежня 1989 года па прысудзе трыбунала, праз некалькі месяцаў пасля судовага пасяджэння. Уся маёмасць была канфіскавана. Смерць Чаўшэску адзначыла канец ланцужка антыкамуністычных рэвалюцый, якія адбыліся ў 1989 годзе ў Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропе.

Біяграфія

Раннія гады

Нікалае Чаўшэску нарадзіўся 26 студзеня 1918 года ў вёсцы Скарнічэшці ў сялянскай сям’і, стаўшы трэцім дзіцём у сям’і з дзесяці дзяцей. Сям’я будучага румынскага лідара жыла даволі бедна — у невялікім трохпакаёвым доме без электрычнасці. Бацьку Нікалае, Андруцэ Чаўшэску, належала тры гектары сельскагаспадарчай зямлі і некальмі авечак; таксама вялікі прыбытак яму прыносіла кравецкая справа. Нягледзячы на сціплы дастатак, Андруцэ здолеў даць сыну пачатковую адукацыю, уладкаваўцы Нікалае ў вясковую школу, якую той скончыў у 11 гадоў. Пазней сам Чаўшэску пісаў пра сваё дзяцінства: «З’яўляючыся сялянскім сынам, я зведаў прыгнёт памешчыкаў, а з адзінаццаці гадоў і капіталістычную эксплуатацыю».

У адзінаццацігадовым узросце Чаўшэску пераехаў у Бухарэст, дзе спачатку жыў са сваёй старэйшай сястрой, Нікулінай Русеску. У сталіцы працаваў на адным з заводаў і пачаў вучыцца шавецкаму рамяству, уладкаваўшыся вучнем да шаўца. У гэты перыяд Чаўшэску меў даволі сціплы прыбытак, што прымусіла яго заняцца дробным крадзяжом.

Партыйная дзейнасць у каралеўскай Румыніі (1933—1944) У 15 гадоў уладкаваўся падмайстрам у невялічкую шавецкую майстэрню Аляксандра Сандулеску, актыўнага члена Румынскай камуністычнай партрыі (РКП), якая ў той час знаходзілася на нелегальным становішчы. Менавіта ён прывабіў Чаўшэску да дзейнасці ў працоўным руху ў 1933 годзе. Нікалае ўступіў у Камуністычны саюз моладзі (КСМ) Румыніі. Тады ж ён упершыню апынуўся ў турме; пазней ён неаднаразова трапляў у розныя турмы Румыніі. Быў арыштаваны ў 1934 годзе, у час забастоўкі чыгуначнікаў: яго арыштавалі за збор подпісаў пад петыцыяй супраць суда над забастоўшчыкамі. У той час за ім замацавалася рэпутацыя актыўнага прапагандысцкага працаўніка, камуніста і антыфашыста. Чаўшэску правёў у зняволенні 2 гады, адбываючы ў тым ліку тэрмін у тым ліку ў катаржнай турме дзеля палітычных вязняў «Дафтана», вядомай сваімі цяжкімі ўмовамі, дзе пазнаёміўся з многімі вядомымі функцыянерамі кампартыі (у прыватнасці, з Георгэ Геаргіу-Дэжам), Ківу Стойкам, Эмілем Бондараш, Аляксандру Магіарош. У «Дафтане» Чаўшэску займаецца вывучэннем тэорыі марксізму пад кіраўніцтвам Геаргіу-Дэжа, пазней Геаргіу-Дэж узяў маладога камуніста пад свой патранаж. У час зняволення ён, як і многія камуністы, спазнаў катаванні з боку супрацоўнікаў турмы; у рэшце рэшт гэта прывяло да таго, што ён пачаў заікацца. Генерал-апазіцыянер Штэфан Косцял пазней выказваўся пра маладога Чаўшэску: «Чаўшэску быў абмежаваным камуністам-энтузіастам, які сам верыў у бязглуздзіцу, якую прапаведваў. Гэта выглядала досыць дзіўна, таму большасць вязняў пазбягалі яго».

У сярэдзіне 1930-х гадоў Чаўшэску наведаў з партыйнымі заданнямі многія гарады Румыніі — Бухарэст, Краёва, Кымпулунг-Мусчэл, Рымніку-Вылчэ. У час гэтых візітаў яго не аднойчы арыштоўвалі.

У 1936 годзе ўступіў у РКП. На гэты момант яго постаць стала добра вядомай румынскай каралеўскай тайнай паліцыі «Сігуранцы»: у асабістай справе «Сігуранцы» Чаўшэску названы «небяспечным камуністычным агітатарам» і «распаўсюднікам камуністычных і антыфашысцкіх агітацыйных матэрыялаў». 6 ліпеня 1936 года суд горада Брашова па дадзеных абвінавачваннях прысудзіў Чаўшэску да турэмнага зняволення тэрмінам на 2 гады, а таксама дадаткова на год і 6 месяцаў зняволення і 1 год прымусовага пражывання ў Скарнічэшці за непавагу да суда. Пераважную частку тэрміну Чаўшэску праводзіць у турме «Дафтана». Пасля выхаду з турмы ў 1939 годзе, у час ваеннага параду, ён знаёміцца з маладой камуністкай-падпольшчыцай Еленай Пятрэску, якая нарадзілася ў 1939 годзе ў сям’і фермера і пачала сваю працоўную дзейнасць на тэкстыльнай фабрыцы. Пазней, у 1946 годзе, Елена і Нікалае пабраліся афіцыйным шлюбам; Елена Чаўшэску і ў будучыні аказвала значны ўплыў на палітычнае жыццё Румыніі.

У 1940 годзе Чаўшэску зноў арыштаваны і асуджаны за «змову супраць грамадскага парадку». Усю вайну ён правёў у турмах і концлагерах, такіх як «Жылава» (1940), «Карансебеш» (1942), «Вэкэрэшць» (1943). У 1943 годзе яго пераводзяць у канцлагер «Тыргу-Жыу», дзе ў той час знаходзіцца Георгэ Геаргіу-Дэж.

Партыйная і дзяржаўная дзейнасць у сацыялістычнай Румыніі (1944—1965) Пад канец вайны, у 1944—1945 гадах — сакратар ЦК Камуністычнага саюза моладзі. У 1945 годзе Румынія была занята савецкімі войскамі, ёй быў навязаны прасавецкі, сацыялістычны лад. Кар’ера Чаўшэску, нядаўняга падпольшчыка-камуніста, пайшла ўверх. У канцы 1940-х — сакратар абласнога камітэта партыі спачатку ў Добруджы, потым у Алтэніі. У 1948—1950 — міністр сельскай гаспадаркі, у 1950 — намеснік міністра нацыянальнай абароны ў званні генерал-маёра, у 1951 — старшыня палітычнага ведамства ва ўзброеных сілах, у 1952 — член ЦК кампартыі. Падтрымліваў сакратара партыі Г. Геаргіу-Дэжа ў барацьбе за ўладу з «масквічкай» А. Паўкер, якую ў 1952 годзе пазбавілі партыйных паўнамоцтваў («масквічы» — партыйныя лідары, якія ў час вайны знаходзіліся на тэрыторыі СССР). У 1954 годзе Чаўшэску быў абраны сакратаром ЦК кампартыі, а ў 1955 — членам Палітбюро.

У 1961 годзе з’явіўся румынскі варыянт «нацыянальнага камунізму», які ўключаў у асноўным супраціў палітычнаму курсу М. С. Хрушчова на эканамічную інтэграцыю.

Кіраванне (1965—1989) У 1965 годзе Чаўшэску быў абраны генеральным сакратаром ЦК (фактычна лідарам краіны), заняў пасаду старшыні Дзяржаўнага сходу, а ў 1974 — пасля змены канстытуцыі, — прэзідэнтам Румыніі. 

Вёў палітыку адносна нейтральнай краіны, маючы актыўныя стасункі і з краінамі сацыялістычнага лагеру, і з дэмакратычнымі дзяржавамі Захаду. Яго ўнутраная палітыка спачатку была адносна ліберальнай, пашырылася свабода прэсы. Але ў другой палове кіравання рэжым рабіўся ўсё болей аўтарытарным, ствараўся культ асобы Чаўшэску. У 1971 годзе, пасля візітаў Нікалае і Алены Чаўшэску ў краіны Азіі (у прыватнасці, у КНДР і Кітай), Чаўшэску выступае на пасяджэнні Выканаўчага камітэта ЦК з «Ліпеньскімі тэзісамі», выкананне якіх прыводзіць да ўсталявання культу асобы кіраўніка СРР, узмацнення таталітарнага рэжыму.

З 22 сакавіка 1965 года да смерці ў 1989 годзе быў генеральным сакратаром ЦК Румынскай камуністычнай партыі. У 1974—1989 гадах быў Прэзідэнтам Сацыялістычнай Рэспублікі Румынія.

25 снежня 1989 года расстраляны разам з жонкай Аленай Чаўшэску па прыгаворы трыбунала, праз некалькі гадзін пасля суда; уся яго маёмасць была канфіскавана. Смерць Чаўшэску адзначыла заканчэнне шэрагу антыкамуністычных рэвалюцый, якія адбыліся ў 1989 годзе ва Усходняй Еўропе. Спешны паказальны працэс і мёртвыя Чаўшэску былі запісаны на відэа і жудасныя кадры адразу паказалі тэлеканалы ў многіх заходніх краінах.

Узнагароды

Герой Сацыялістычнай Рэспублікі Румыніі (1971). Герой Сацыялістычнай Працы Рэспублікі (Румынія, 1964). Ордэн Леніна (СССР, 1978). Ордэн Карла Маркса (ГДР). Ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія». Ордэн Слана (Данія). Шаноўны ордэн Бані, Вялікі Крыж. Каралеўскі Нарвежскі ордэн Святога Олафа. Ордэн Ганаровага легіёна (Францыя).

Крыніцы

Катэгорыя:Расстраляныя Катэгорыя:Прэзідэнты Румыніі Катэгорыя:Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай» Катэгорыя:Кавалеры Алімпійскага ордэна Катэгорыя:Пакараныя смерцю прэзідэнты Катэгорыя:Члены Румынскай камуністычнай партыі Катэгорыя:Ганаровыя грамадзяне Бургаса