За́льцбург (, па-баварску: Såizburg, літаральна — «Замак солі») — горад на захадзе Аўстрыі, сталіца федэральнай зямлі Зальцбург. Чацвёрты па велічыні горад Аўстрыі пасля Вены, Граца і Лінца. Стары горад Зальцбурга сусветнавядомы сваёй архітэктурай у стылі барока і з’яўляецца адным з найбольш захаваных цэнтраў гарадоў на нямецкамоўных тэрыторыях. Цэнтральная гістарычная частка горада ў 1997 годзе была ўключана ў спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Радзіма Вольфганга Моцарта і горад студэнтаў: тут размяшчаюцца чатыры ўніверсітэты.

Геаграфічнае становішча Зальцбург знаходзіцца на абодвух берагах ракі Зальцах ля паўночнай мяжы Альпаў. На поўдзень ад Зальцбурга размяшчаюцца горы, на поўнач — раўніны. Бліжэйшая да Зальцбурга альпійская вяршыня — гара Унтэрсберг вышынёй 1972 метры. Яна знаходзіцца ўсяго ў некалькіх кіламетрах ад цэнтра горада. У частцы горада, якая завецца Altstadt альбо «стары горад», пераважаюць вежы і цэрквы, пабудаваныя ў стылі барока. Таксама ў цэнтры горада знаходзіцца масіўная крэпасць Фестунг Хоэнзальцбург. Паабапал старога горада знаходзяцца дзве меншыя гары Мёнхсберг і Капуцынерберг і з’яўляюцца зялёнымі лёгкімі горада.

Зальцбург знаходзіцца ў 150 км на ўсход ад Мюнхена і ў 300 км на захад ад Вены.

Дэмаграфія ГодНасельніцтва190048 9451951102 9271961108 1141971129 9191981139 4261991143 9782001142 6622007150 269

Крыніцы: Statistik Austria і сайт горада Зальцбург.

Кожнае трэцяе працоўнае месца ў горадзе прама ці ўскосна звязанае з турызмам, а велічыня беспрацоўя — самая нізкая ў Аўстрыі — каля 5 працэнтаў.

Гісторыя

Антычныя часы і Сярэднія вякі Як паказваюць археалагічныя раскопкі пасяленні на тэрыторыі сучаснага Зальцбурга існавалі ўжо ў час неаліту. Пазней на гэтым месцы размяшчалася кельцкае пасяленне, якое ў 1 стагоддзі да н.э. было заваявана рымлянамі. Пачынаючы з 45 года н.э. створаная на месцы сучаснага Зальбурга калонія Ювавум была адным з галоўных населеных пунктаў рымскай правінцыі Норык. Згодна з легендай, у 477 годзе правадыр ругіяў Адавакар на чале аб’яднанай арміі ругіяў, гепідаў, готаў і герулаў захапіў Ювавум і пакараў смерцю святога Максіма і 50 яго вучняў.

У 696 годзе баварскі герцаг падараваў гэтыя землі біскупу Руперту (які пазней быў кананізаваны). Каля 700 года Св. Руперт заснаваў два манастыры, якія захавалія да нашых дзён і сталі цэнтрам будучага горада — мужчынскае бенедэктынскае абацтва Святога Пятра і жаночы манастыр Нонберг. У 739 годзе горад стаў біскупскай рэзідэнцыяй, а ў канцы 8 стагоддзя пры біскупах Віргіліі і Арно горад стаў цэнтрам місіянерскай актыўнасці хрысціянскай царквы ў альпійскім рэгіёне. З гэтых часоў горад мае назву Зальцбург, якую атрымаў ад шматлікіх радовішчаў солі ў прылеглых мясцінах. У 798 годзе зальцбургскія біскупы павысілі статус і сталі архібіскупамі.

У 1077 годзе на гары над горадам быў пабудаваны замак і пазней крэпасць Хоэнзальцбург, які пазней неаднаразова перабудоўваўся.

У 1278 годзе архібіскупства было прызнана суверэнным княствам Свяшчэннай Рымскай імперыі і паступова ператварылася ў адносна незалежную клерыкальную дзяржаву. Канчатковая незалежнасць ад Баварыі была атрымана ў 14 стагоддзі. У прыкладна той жа час ад эпідэміі чумы памерла прыблізна трэць насельніцтва горада.

Часы рэфармацыі Найвышэйшага росквіту княства дасягнула ў канцы 16 — пачатку 17 стагоддзя. Пры архібіскупах Вольфу Дытрыху фот Райтэнаў, Маркусу фон Хоэмесэ і Парысу Ладрону горад быў моцна перабудаваны пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў, пасля чаго стаў вядомы як адна са сталіц еўрапейскага барока. У 1622 годзе ў горадзе быў заснаваны ўніверсітэт, закрыты ў 1810 годзе і адкрыты зноў у 1963. У 1628 годзе быў пабудаваны гарадскі збор, у 1767 годзе — высечаны адзін з найстарэйшых дарожных тунэляў пад гарой Мёнхсберг.

Улада князёў-архібіскупаў працягвалася да 1803 года і ў перыяды свайго найбольшага росквіту распаўсюджвалася далёка за межы сённяшняй федэральнай зямлі Зальцбург.

У гады рэфармацыі Зальцбург быў адным з галоўных цэнтраў каталіцтва ў нямецкіх землях. У 1731 годзе ўсе пратэстанты былі выгнаны з горада.

Прамысловасць У горадзе паспяхова развіваліся рамёствы, броварства. Першы бровар быў заснаваны яшчэ ў 1492 годзе. Але галоўнай крыніцай прыбытку горада ўвесь гэты час была вытворчасць і продаж солі.

З пачаткам напалеонаўскіх войнаў княства спыніла сваё існаванне. У 1810 годзе горад быў перададзены Баварыі, а ў 1816 годзе па рашэнні Венскага кангрэса Зальцбург увайшоў у склад Аўстрыі.

З 18 да 23 жніўня 1867 года ў Зальцбургу праходзіла сустрэча паміж Францам Іосіфам і Напалеонам III.

20 стагоддзе у 1938 годзе ў выніку аншлюсу ў Зальцбург увайшлі нямецкія войскі. Падчас Другой Сусветнай вайны горад неаднаразова бамбіўся саюзнікамі, аднак амаль усе выдатныя месцы Зальцбурга захаваліся. Зальцбург быў вызвалены войскамі ЗША 5 мая 1945 года. Пасля вайны горад быў цэнтрам амерыканскай акупацыйнай зоны.

21 стагоддзе 27 студзеня 2006 года ў горадзе адзначалася 250 гадоў з дня нараджэння Вольфганга Моцарта. З гэтай нагоды крыху за 8 гадзін вечара мясцовага часу ўсе 35 цэркваў Зальцбургу пачалі біць у званы. Асноўныя святкаванні адбываліся на працягу ўсяго года.

Славутасці

Стары горад Стары горад размешчаны на левым беразе Зальцбаха на вузкай паласе паміж ракой і скалістымі гарамі Мёнхсберг (гара манахаў) і Фестунгберг (гара крэпасці), на якой знаходзіцца Хоэнзальцбург.

Ад Сярэднявечча да Новага часу Зальцбург быў самастойнай дзяржавай, кіраванай герцагам-архібіскупам, і жыў за кошт здабычы і продажу солі. Сродкаў даставала, каб наймаць лепшых мастакоў і архітэктараў з розных краін. Вынік — унікальны ансамбль гістарычнага цэнтра горада, дзе царквы і саборы ў стылі готыкі побач з барочнымі палацамі, а сярэдневяковыя вузкія вуліцы вядуць да па-паўднёваму шырокіх плошчаў з фантанамі. Традыцыі Паўночнай і Паўднёвай Еўропы аднолькава ўплылі на аблічча горада. Сярод галоўных архітэктараў Зальцбурга былі італьянцы Вінчэнца Скамоццы і Санціні Салары. Спалучэнне з унікальным прыродным ландшафтам — гарамі, далінамі і ракой — утварае выдатную панараму горада, якому каля 1300 гадоў.

Увесь Стары горад у 1996 годзе намінаваўся на статус аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Рэзідэнцплац (). Цэнтральная плошча старога горада. Выгляд плошчы быў сфарміраваны ў пачатку 17 стагоддзя падчас перабудовы горада пад кіраўніцтвам італьянскіх архітэктараў.

Рэзідэнцыя архібіскупа. Знаходзіцца на заходнім баку плошчы. Пабудаваная ў 1619 годзе. Інтэр’ер аздабляўся ажно да сярэдзіны 18 стагоддзя. На трэцім паверсе знаходзіцца музей «Галерэя рэзідэнцыі» — збор сярэдневяковага еўрапейскага жывапісу.

Новая рэзідэнцыя. Размешчаная насупраць Старой рэзідэнцыі. Пабудаваная ў 1602 годзе і першапачаткова з’яўлялася гасцёўным домам біскупа. На вежы Новай рэзідэнцыі ўсталяваны стары гадзіннік (1873) і 35 званоў (1705). У будынку знаходзіцца музей Затлера, галоўным экспанатам якога з’яўляецца панарама горада, створаная Затлерам у 1824—1828 гадах.

Фантан Рэзідэнцбрунен. Знаходзіцца ў цэнтры плошчы Рэзідэнцплац, створаны ў 1661 годзе.

Бенедыкцінскае абацтва святога Пятра. Заснавае святым Рупертам каля 690 года, з чаго пачалося развіццё горада. Функцыянуе ў якасці мужчынскага манастыра да цяперашняга часу. Да 1100 года ў абацтве размяшчалася рэзідэнцыя архібіскупа. Размяшчаецца ў падгор’і гары Мёхнсберг. Пэўныя часткі абацтва і манастырскі збор адчыненыя для наведвання турыстамі.

Сабор святога Пятра. Пабудаваны ў абацтве ў 1143 годзе. Іншыя будынкі абацтва пабудаваныя ў 17—18 стагоддзях. Сабор аздоблены карцінамі і ляпнінай, у правым нефе захаваныя мошчы святога Руперта.

Катакомбы высечаныя ў сцяне гары Мёнхсберг, да якой далучаецца абацтва. У пячорах жылі пустэльнікі раннехрысціянскай эпохі, яшчэ да заснавання абацтва. У вузкай прасторы між скалой і бакавой сцяной збора святога Пятра заціснутыя маленькія, але вельмі старажытныя могілкі, дзе хавалі манахаў абацтва.

Кафедральны сабор. Першы царкоўны будынак на гэтым месцы — невялікая базіліка — быў пасвечаны яшчэ біскупам Віргіліем у 774 годзе. У 1200 годзе на месцы базілікі быў пабудаваны сабор у раманскім стылі, які цалкам згарэў у 1598 годзе. Сучасны будынак быў пабудаваны ў 1614—1628 гадах, які зрабіўся першым барочным саборам на нямецкамоўных землях. Купал сабора абрынуўся падчас бамбардзіровак у 1944 годзе. Гэта было адзіным сур’ёзным пашкоджаннем, якое нанесла вайна славутасцям горада. Аднаўленне сабору скончылася ў 1959 годзе. Вежы сабора маюць вышыню 79 метраў. Каля дзвярэй усталяваныя статуі заступнікаў горада — святых Руперта і Віргілія, якія трымаюць у руках копію сабора і бочку з соллю. У паўднёвай частцы сабор — музей, дзе размешчаныя прадметы царкоўнага мастацтва і экспанаты калекцыі архібіскупа.

Францысканская царква (). Пабудаваная ў 1223 годзе, неаднаразова перабудоўвалася. Сярод стыляў, у якіх пабудаваная царква, пераважае барока, але таксама прысутнічаюць элементы раманскага стылю і готыкі.

Калегіенкірхе (). Былая ўніверсітэцкая царква, пабудаваная ў 1707 годзе. У будынку размешчаны музей.

Вуліца Гетрайдэгасе (). Невялікая старая вуліца, якая ідзе ад Рэзідэнцплац праз увесь Стары горад.

Хоэнзальцбург

Крэпасць Хоэнзальцбург () знаходзіцца на вяршыні гары Фестунгберг на вышыні 120 метраў над вышынёй горада. Крэпасць Зальцбурга — адна з найбуйнейшых сярэдневяковых крэпасцей Еўропы, якія захаваліся цалкам. Яе плошча — 30 тысяч м². Патрапіць у крэпасць можна на фунікулёры з старога горада альбо пехам.

У 1077 годзе тут быў пабудаваны раманскі замак, ад якога захаваўся толькі падмурак. Замак шматразова перабудоўваўся і ўмацоўваўся, пакуль не ператварыўся ў магутную фартыфікацыю. Свой цяперашні выгляд Хоэнзальцбург у агульных рысах атрымаў у 16 стагоддзі. Крэпасць перажыла толькі адну аблогу за ўсю гісторыю: у 1525 годзе яе ўзялі ў кола паўстаўшыя сяляне. Гараджане, якія туліліся за сценамі крэпасці, вытрымалі 61-дзённую аблогу.

Палац. Да пабудовы Рэзідэнцыі ў Старым горадзе архібіскупы жылі ў палацы ў крэпасці. Сярод княжацкіх пакояў асабліва выдатным з’яўляецца Залаты пакой. У вежы палаца размешчаны самы стары і вядомы арган горада — «Зальцбургскі бык».

Музей крэпасці. У музеі знаходзяцца экспанаты па гісторыі горада, крэпасці, ваеннай гісторыі Аўстрыі. Вялікая калекцыя зброі розных эпох.

Манастыр Нонберг. Жаночы манастыр, заснаваны Св. Рупертам, як і мужчынскае абацтва. Першай плябанкай манастыра была Св. Эрэнтрудыс, пляменніца святога Руперта. Нонберг — самы стары дзейны жаночы манастыр у нямецкамоўных краінах. Для турыстаў адчыненая толькі манастырская царква.

Правы бераг

Правы бераг альбо Новы горад пачаў забудоўвацца у канцы 17 — пачатку 18 стагоддзя, калі горад перастаў змяшчацца на левым беразе.

Парк Мірабельгартен. Парк спраектаваны ў 1690 годзе.

Палац Мірабель. Пабудаваны ў 1606 годзе. Цяпер — рэзідэнцыя гарадcкога бургамістра.

Музей барока

Сад карлікаў. У 1715 годзе тут былі ўсталяваны 28 смежных фігур карлікаў. Пазней яны выдаляліся і зноў вярталіся ў сад. Некалькі фігур было згублены.

Гара Капуцыненберг. Гара Капуцынаў узвышаецца над ракой і Новым горадам. Вышыня — 214 метраў над узроўнем горада. На вяршыні размешчаная глядзельная пляцоўка і абацтва капуцынаў.

Дом Моцарта. Дом, у якім Моцарт жыў у 1773—1780 гадах. У 1780 годзе малады Вольфганг пераехаў у Вену, а бацька вялікага кампазітара жыў у гэтым доме да самай смерці. Цяпер у будынку знаходзіцца музей.

Мацартэўм. Вялікі будынак у стылі мадэрн, пабудова якога была скончана ў 1914 годзе. У будынку размяшчаецца Музычны ўніверсітэт, тэатральна-канцэртная зала, бібліятэка і міжнародны культурны фонд «Мацартэўм».

Вуліца Лінцергасэ. Галоўная прагулачная вуліца правага берага. На вуліцы знаходзіцца царква святога Себасцьяна, пабудаваная ў 1512 годзе. На могілках пры царкве пахаваныя Парацэльс, бацька В. Моцарта — Леапольд Моцарт і самы вядомы архібіскуп Зальцбурга — Вольф Дзітрых фон Райтэнаў.

Ваколіцы горада Хельбрун — палац і парк у 6 кіламетрах на поўдзень ад Зальцбурга. З’яўляўся летняй рэзідэнцыяй архібіскупа.