Кераміка ( — гліна) — вырабы з неарганічных, неметалічных матэрыялаў (напрыклад, гліны) і іх сумесяў з мінеральнымі дабаўкамі, вырабляецца пад уздзеяннем высокай тэмпературы з наступным астуджэннем.

Віды керамікі У залежнасці ад будовы адрозніваюць тонкую кераміку (чарапок шклопадобны або дробназярністы) і грубую (чарапок буйназярністы). Асноўныя віды тонкай керамікі — фарфор, паўфарфор, фаянс, маёліка. Асноўны від грубай керамікі — ганчарная кераміка. Акрамя таго, адрозніваюць кераміку карбідавую, барыдную, сіліцыдную і інш.

Фарфор мае шчыльны запечаны чарапок белага колеру (часам з блакітнаватым адценнем) з нізкім водапаглынаннем (да 0,2 %), пры паляпванні выдае высокі меладычны гук, у тонкіх слаях можа прасвечваць. Сыравіна для фарфору — каалін, пясок, палявы шпат і іншыя дадаткі.

Фаянс мае кіпры белы чарапок з жаўтаватым адценнем, сітаватасць чарапка 9-12 %. З-за высокай сітаватасці вырабы з фаянсу цалкам пакрываюцца бясколернай глазурай невысокай тэрмастойкасці. Фаянс ужываецца для вытворчасці сталовага посуду штодзённага выкарыстання. Сыравіна для вытворчасці фаянсу — белыя гліны з даданнем крэйды і кварцавага пяску.

Абпальванне керамікі Адзін з галоўных спосабаў апрацоўкі ганчарных вырабаў — абпальванне. На Беларусі спосаб вядомы з неаліту, найбольш старажытны — на адкрытым агні (на паверхні зямлі ці ў ямах рознай глыбіні). Старажытны посуд абпальвалі ў акісляльным і аднаўленчым газавым асяроддзі. Бурая афарбоўка чарапка сведчыць пра абпальванне ў акісляльным (з доступам кіслароду) асяроддзі, цёмна-шэрая і чорная — у аднаўленчым (без доступу кіслароду; найбольш старажытны спосаб). Аднаўленчы абпал патрабуе больш нізкіх тэмператур, патрабаванні да якасці паліва таксама менш строгія. Пры такім спосабе абпальвання маглі выкарыстоўваць аднакамерныя закрытыя прыстасаванні (простыя печы ў паглыбленнях і іншыя), якія нельга зафіксаваць археалагічным метадам. Для атрымання цёмнага чарапка таксама ўжываліся розныя тэхналагічныя прыёмы (задымленне і іншыя). Даволі часта чарапок мае двухколерную афарбоўку, якая ўзнікае ў нявытрыманым газавым асяроддзі, часта пры абпальванні на вогнішчах. Тэмпературы абпалу глінянага посуду пры гэтым знаходзіліся ў дыяпазоне 500—800 °C. У апошняй чвэрці 1-га тысячагоддзя н.э. на тэрыторыі Беларусі стаў распаўсюджвацца пячны абпал глінянага посуду. Тэмпературы абпальвання ў печах таксама не перавышалі 850 °C. Толькі з XVI—XVII стст. посуд сталі абпальваць у спецыяльных горнах пры тэмпературы да 1000 °C.

Беларуская кераміка

На Беларусі ганчарнае майстэрства вядома з даўнейшых часоў, розныя археалагічныя культуры адрозніваюць паводле характэрных для іх асаблівасцяў керамікі.

З XV стагоддзя вядомыя многія рэгіянальныя цэнтры керамікі, якія праіснавалі некалькі стагоддзяў, са сваімі мастацкімі і ўтылітарнымі асаблівасцямі, у прыватнасці:

Бабінавіцкая кераміка Гараднянская кераміка Івянецкая кераміка Магілёўская кераміка Мірская кераміка Мсціслаўская кафля Радашковіцкая кераміка Ракаўская кераміка

Крыніцы

Спасылкі

Керамика // Энцыклапедыя Кругасвет

Катэгорыя:Ізаляцыйныя матэрыялы Катэгорыя:Хобі Катэгорыя:Народныя промыслы Катэгорыя:Віды керамікі Катэгорыя:Кераміка Беларусі