Глі́нная (, ) — вёска ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Святавольскага сельсавета. Размешчана за 40 км на паўднёвы ўсход ад Івацэвіч, за 42 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы, на лініі Брэст—Баранавічы. Аўтадарогай злучана з Івацэвічамі.
Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVI стагоддзя. У 1555 годзе, мяркуючы па грамаце каралевы Боны, сяло ва ўладанні М. Вайцяховіча. У XVIII стагоддзі ў цэнтры вёскі была пабудавана драўляная прыходская Свята-Багародзіцкая царква, у архівах якой захоўваліся метрычныя кнігі з 1800 года.
У 1880 годзе — вёска ў Святавольскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні. Побач з вёскай знаходзіліся 2 маёнткі: Глінная-1 (уласнасць Сініцкага, 49 рэвізскіх душ) і Глінная-2 (уладанне Краскоўскай, 46 рэвізскіх душ). Вёскі разам з жыхарамі ўваходзілі ў Глінянскае сельскае таварыства. Паводле перапісу 1897 года на месцы сучаснай вёскі існавалі: сяло Глінная-1 (36 двароў, 210 жыхароў, дзейнічалі царква, царкоўна-прыходская школа) і вёска Глінная-2 (30 двароў, 176 жыхароў, хлебазапасны магазін). Побач з сялом размяшчаліся сядзібы двух маёнткаў: Гліннае (уладанне Гартэнзіі Ліпскай, 4 двары, 14 жыхароў) і ўладанне Іпацэвіча (3 двары, 12 жыхароў).
У 1909 годзе — 2 маёнткі (Гліннае, уладанні памешчыцы Ліпскай і Шамбаранта) і сяло (454 жыхары, 83 двары) у Святавольскай воласці Пінскага павета. З лютага 1915 года акупіравана германскімі войскамі. З сакавіка 1919 года — польскімі.
У 1920 годзе ў вёсках Глінная-1 і Глінная-2 пражывалі 70 жыхароў, сяляне мелі 11 коней, 15 кароў, 13 свіней. З 1921 года ў складзе Польшчы, у Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У 1924 годзе вёска Глінная ў Святавольскай гміне налічвала 71 будынак, 231 жыхара (з якіх 228 — беларусы-праваслаўныя); фальварак Глінная-1 — 2 будынкі, 24 жыхары (23 — праваслаўныя беларусы); фальварак Глінная-2 — 2 будынкі, 14 жыхароў (13 — праваслаўныя беларусы).
У 1925 годзе ў цэнтры вёскі з бруса была пабудавана новая Прачысценская царква, якая з'яўляецца помнікам народнага дойлідства. Перад царквой — двух'ярусная шатровая званіца. З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года — вёска ў Коланскім сельсавеце Целяханскага раёна Пінскай вобласці. На той момант у вёсцы было 140 двароў, 767 жыхароў. У 1940 годзе створаны калгас імя Калініна.
У Вялікую Айчынную вайну з 1941 па 1944 гады акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У вёсцы дзейнічала падпольная патрыятычная група. У 1947 годзе — 110 гаспадарак, 536 жыхароў, у 1951—1952 гадах — 119 двароў, 536 жыхароў. Уваходзіла ў склад калгаса імя Молатава, працавала кузня. З 1954 года ў Брэсцкай вобласці. У 1958 годзе — 130 жылых будынкаў, 135 гаспадарак, 593 жыхары. З 1959 года ў Лагішынскім раёне, з 1962 года ў Пінскім раёне, з 6 студзеня 1965 года ў Івацэвіцкім раёне.
Да 9 жніўня 2022 года вёска ўваходзіла ў склад Амяльнянскага сельсаветаРешение Брестского областного Совета депутатов от 9 августа 2022 г. № 356 Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ивацевичского района Брестской области, пасля чаго была перададзена ў склад Святавольскага сельсавета.
Насельніцтва XIX стагоддзе: 1897 — 386 жыхароў (210 у Гліннай-1, 176 у Гліннай-2). XX стагоддзе: 1909 — 454 жыхары; 1924 — 269 жыхароў (231 у вёсцы, 24 у фальварку-1, 14 у фальварку-2); 1940 — 767 жыхароў; 1952 — 536 жыхароў; 1958 — 593 жыхары; 1970 — 705 жыхароў; 1979 — 752 жыхары; 1997 — 265 двароў, 765 жыхароў. XXI стагоддзе: 2002 — 269 гаспадарак, 625 жыхароў; 2005 — 271 гаспадарка, 612 жыхароў.
Інфраструктура У вёсцы размешчаны пачатковая школа, магазін. Планіровачна складаецца з прамалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой з поўдня далучаецца кароткая прамалінейная вуліца. Забудова двухбаковая, няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу.
Славутасці
Царква Раства Багародзіцы (1925) — помнік драўлянага народнага дойлідства.
Літаратура
Катэгорыя:Населеныя пункты Івацэвіцкага раёна Катэгорыя:Вёскі Івацэвіцкага раёна