Бялёў (, ) — аграгарадок у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Марохараўскага сельсавета.

Геаграфія У 16 км на паўночны ўсход ад Жыткавіч, 5 км ад чыгуначнай станцыі Брынёва (на лініі Лунінец — Калінкавічы), 220 км ад Гомелю, за 2 км на поўнач ад аўтадарогі Брэст — Гомель ().

Каля вёскі Бялёў знаходзіцца найвышэйшы пункт раёна і другі па вышыні Прыпяцкага Палесся — 184,1 м. На захадзе сетка меліярацыйных каналаў, у тым ліку Найда-Бялёўскі канал. На ўсходзе мяжуе з лесам.

Побач аўтадарога Лунінец — Калінкавічы. Планіроўка складаецца з 2 прасталінейных паралельных вуліц, блізкіх да мерыдыянальнай арыентацыі, якія на поўдні злучаюцца кароткай просталінейнай шыротнай вуліцай, а на поўначы да іх далучаецца просталінейная вуліца, арыентаваная з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу. У 1987—1992 гадах пабудавана 150 цагляных хат катэджнага тыпу, у якіх змесцаваліся перасяленцы з месцаў, забруджаных радыяцыяй у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядомая з XVI стагоддзя як вёска Бялова ў Мазырскім павеце Менскам ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 2-га падзела Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У 1811 годзе валоданне графа Хадкевіча. Абшарнік Прыкота валодаў у вёсцы ў 1863 годзе 55 дзесяцінамі зямлі. У 1885 годзе пачаліся заняткі ў царкоўна-прыхадской школе. Праз вёску праходзіла ваенна-камунікацыйная дарога са Слуцкага павета ў Петрыкаў. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся царква Раства Багародзіцы, хлебазапасны магазін, карчма. Побач быў фальварак. У 1903 годзе ў наёмнай хаце адкрыта земская школа. У 1908 годзе ў Жыткавіцкай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

У 1929 годзе арганізаваны калгас «III Інтэрнацыянал», працавалі смалярня (з 1927 года), паравы млын (з 1926 года), гамарня, стальмашня, ваўначоска. З 20 жніўня 1924 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Бялёўскага сельсавета Жыткавіцкага раёна Мазырскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года і з 21 чэрвеня 1935 года да 20 лютага 1938 года), з 20 лютага 1938 года Палескай, з 8 студзеня 1954 года Гомельскай абласцей. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі ў вёсцы апорны пункт акупантаў. У лютым 1943 года нямецкія карнікі спалілі 6 двароў і забілі 31 жыхара. На фронце і ў партызанскай барацьбе загінулі 109 жыхароў, у памяць пра якіх усталявана стэла, збудаваная ў 1975 годзе ў цэнтры вёскі. Паводле перапісу 1959 года цэнтр калгасу «III Інтэрнацыянал». Дзейнічаюць сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, 2 крамы.

Насельніцтва 1811 год — 36 двароў. 1850 год — 62 двары, 353 жыхара. 1885 год — 75 двароў, 449 жыхароў. 1897 год — 140 двароў, 768 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — 212 двароў, 947 жыхароў. 1921 год — 1045 жыхароў. 1940 год — 282 двары. 1959 год — 1234 жыхара (паводле перапісу). 1994 год — 456 гаспадарак, 1026 жыхароў 2004 год — 422 гаспадаркі, 1054 жыхара.

Славутасці урочышча Бялёва — помнік прыроды.

Страчаная спадчына Царква Нараджэння Божай Маці

Вуліцы Інтэрнацыянальная вуліца Ленінская вуліца Вуліца М. Клявы Маладзёжная вуліца Набярэжная вуліца Савецкая вуліца Сонечная вуліца

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Бялёў на Radzima.org

Катэгорыя:Марохараўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Жыткавіцкага раёна