Стамбул — самы вялікі горад Турцыі, марскі порт, культурны і прамысловы цэнтр краіны. Амаль 13-мільённае насельніцтва робіць яго чацвёртым мегаполісам Еўропы. Адзіны мегаполіс планеты, размешчаны ў двух частка свету (Еўропе і Азіі). Былая сталіца Рымскай імперыі (330—395), Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі) (395—1204 і 1261—1453), Лацінскай імперыі (1204—1261), Асманскай імперыі (1453—1922). Мае важнае міжнароднае гістарычнае і культурнае значэнне. Гістарычныя раёны Стамбула ў 1985 унесеныя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Стамбул з’яўляецца адным з самых вялікіх гарадоў свету, гэта самая вялікая агламерацыя ў Еўропе. З’яўляецца сталіцай правінцыі Істамбул. Горад з’яўляецца прамысловай сталіцай Турцыі, тут вырабляецца ¼ прамысловай прадукцыі краіны. Адначасова гэта і фінансавая сталіца, тут знаходзяцца штаб-кватэры некалькіх дзясяткаў банкаў і біржа каштоўных папер. Стамбул гэта і вялікі транспартны вузел: тут знаходзіцца самы вялікі гандлёвы порт Турцыі, два міжнародныя аэрапорты, праз горад праходзіць транскантынентальная чыгунка.
У горадзе налічваецца 5 універсітэтаў, самы стары з якіх Стамбульскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1453 годзе.
Горад знаходзіцца на ўзбярэжжы Чорнага і Мармуровага мора. Праліў Басфор, які аддзяляе Еўропу ад Азіі адначасова дзеліць і Стамбул на дзве часткі, што робіць Стамбул адзіным у свеце горадам, які знаходзіцца на двух кантынентах. Два вялікія масты злучаюць еўрапейскую і азіяцкую часткі горада (Басфорскі мост, які быў пабудаваны ў 1973 годзе, даўжынёй 1074 метры і мост Мехмета, які быў пабудаваны ў 1988 годзе, даўжынёй 1090 метраў). Заліў Залаты Рог дзеліць еўрапейскую частку горада на паўднёвую частку Стары Стамбул і паўночную Беюглу.
Стамбул з’яўляецца рэзідэнцыяй праваслаўных Канстанцінопальскіх патрыярхаў.
Назва Самая старажытная назва горада, якую далі грэчаскія каланісты — Візантый (па-грэчаску: Βυζάντιον, па-лацінску: Byzantium). Кароткі час у 3 ст. горад называўся Аўгуста Антаніна, гэту назву даў імператар Септымій Север у гонар свайго сына.
Калі Канстанцін Вялікі зрабіў горад усходняй сталіцай Рымскай імперыі, горад пачаў звацца Другім Рымам (лац.: Secunda Roma, грэч.: Δευτέρα Ρώμη). У 5 ст. выкарыстоўвалася назва Новы Рым (лац.: Nova Roma, грэч.: Νέα Ρώμη).
Замест назвы Новага Рыма неўзабаве сталі часцей выкарыстоўваць назву Канстанцінопаль або Канстанцінопаліс (грэч.: Κωνσταντινούπολις, лац.: Constantinopolis), што азначае «горад Канстанціна». Да таго ж, у Візантыі горад называлі і «Царыцай гарадоў».
У ісламскім свеце, горад быў вядомы на арабскай мове як: القسطنطينية, лацініцай: al-Qusṭanṭiniyah, старатурэцкай: قسطنطينيه, лацініцай: Kostantiniyye. Пасля заваявання Канстанцінопаля ў 1453, гэта была афіцыйная назва горада ў турэцкай мове, выкарыстоўвалася да падзення Асманскай імперыі ў 1923. У персідскай і арабскай мовах карысталіся назвамі Rūmiyet al-kubra (вялікі горад рымлян) або Taht-i Rūm (сталіца рымлян) і падобнымі.
Назва Стамбул упершыню згадваецца ў 10 ст. у армянскіх, турэцкіх і арабскіх крыніцах. Назва паходзіць ад грэчаскага паняцця εἰς τὴν Πόλιν або στην Πόλη, што азначае «ў горадзе». Гэтая назва выкарыстоўвалася асманамі да заваявання гэтага горада, выкарыстоўвалася таксама і ў часы асманскага валадарства, хоць афіцыйная назва была قسطنطينيه, (Kostantiniyye). Пасля стварэння Турэцкай Рэспублікі ў 1923, гэта імя абвешчана адзінай афіцыйнай назвай горада. Як у Візантыі, так і ў Асманскай імперыі гораду давалі ганаровыя імёны, напрыклад Дзверы дабрабыту, Высокая Порта, Сталіца прастолу і інш.
Ва ўсходніх і паўднёвых славянскіх мовах, а таксама ў беларускай па-ранейшаму выкарыстоўваецца назва Царград (стараславянск. мова: Цѣсарьградъ, руск. мова: Царьград, балгарск. мова: Цариград, украінск. мова: Царгород, паўднёваславянск. мовы: Цариград). Спалучэнне славянскіх слоў «цар» і «горад», якое, верагодна паходзіць ад грэчаскага тэрміна Βασιλέως Πόλις, што азначае «горад імператара» (або цара).
Сярэдневяковыя вікінгі, іначай варагі, гэты горад называлі нарвежскім імем Miklagarðr (Вялікі Горад). Сёння гэта назва выкарыстоўваецца ў ісландскай мове ў выглядзе Mikligarður.
Гісторыя
Першае паселішча Першым паселішчам чалавека на месцы сучаснага Стамбула лічыцца неалітычнае паселішча, якое было размешчана ў раёне сучаснай станцыі стамбульскага метро Енікапы. Яно датуецца 6500 да н.э.
Самы старажытны помнік культуры знаходзіцца на Анаталійскім беразе Басфора — курган Фіяртэпе, датуецца 5500—3500 да н.э.
Фракійцы, якія засялілі берагі Басфора ў канцы II тысячагоддзя да н.э., пабудавалі паселішчы Семістра і Лігас (апошняе на Палацавым мысе поруч сучаснага палаца Тапкапы (1100 — 1000 да н.э.) У 685 да н.э на мысе Мода грэкі з Мегары заснавалі паселішча Халкідон.
Візантый
У 667 да н.э. на месцы фракійскага Лігаса мегарцы на чале з Бізасам (Бізантам) заснавалі новы горад. У гонар правадыра каланістаў ён атрымаў імя Візантый.
У 512 — 478 да н.э. Візантый знаходзіўся пад уладай Персіі. Пасля вызвалення ўвайшоў у склад Афінскай Архе. У 411 — 409 і 405 — 389 да н.э. — часова знаходзіўся пад кантролем Спарты, у 364 да н.э. — Фіваў. У 357 да н.э. канчаткова выходзіць з падначалення Афін.
У 227 да н.э. горад атакавалі кельты (галы), якія пасля пасяліліся на паўночным беразе Залатога Рога.
У 146 да н.э. Візантый заключыў пагадненне з Рымам, у 74 да н.э. — увайшоў у склад Рымскай рэспублікі. У 193 горад пасля трохгадовай аблогі быў захоплены Септыміем Северам. Ён загадаў разбурыць гарадскія сцены і пазбавіць горад усіх прывілеяў.
Канстанцінопаль
У 324—330 гадах Канстанцін Вялікі пабудаваў на месцы Візантыя новую сталіцу Рымскай імперыі. За час праўлення Канстанціна ў горадзе было пабудавана 30 палацаў і храмаў, 4 тысячы вялікіх жылых дамоў, па паўтары сотні лазняў і пякарань, 8 вадаправодаў, 2 тэатры, цырк і новы іпадром.
Пасля смерці імператара Феадосія I у 395 г. Рымская імперыя канчаткова распалася на дзве часткі. Канстанцінопаль робіцца сталіцай Усходняй Рымскай або Візантыйскай імперыі.
12 ліпеня 400 г. жыхары Канстанцінопаля са зброяй у руках выганяюць з горада кельтаў. У 412 г. Канстанцінопаль і яго абарончыя збудаванні былі пашкоджаны землетрасеннем. Таму ў часы Феадосія II на захад ад «канстанцінавых сцен» былі пабудаваны новыя сцены.
Найвышэйшага росквіту Візантый дасягнуў у часы імператара Юстыніяна I (527—565). Ён разгарнуў у сталіцы грандыёзных маштабаў будаўніцтва. У 532—537 гадах быў пабудаваны сабор Святой Сафіі — па тых часах найбуйны ў свеце хрысціянскі храм.
У 625—626 Канстанцінопаль перажыў цяжкую аблогу — з усходу пад яго сценамі стаялі персы, з захаду — авары. У 670, 674—678, 717—718 гг. горад штурмавалі арабы, у 698 г. яго захапілі і абрабавалі самі візантыйцы — супернікі імператара Ляонція, у 705 г. каля сцен сталіцы стаялі балгары, якім адкрыў вароты сам імператар Юстыніян II. З 726 г. да 843 г. Канстанцінопаль знаходзіўся ў эпіцэнтры грамадзянскай вайны паміж іконаборцамі і прыхільнікамі шанавання абразоў. У 860, 874, 944, 1043 гг. на горад нападалі русы.
Пасля перамогі пад Манцыкертам у 1071 г. над імператарам Раманам IV Дыягенам, турэцкія султаны з дынастыі Сельджукаў захопліваюць Малую Азію. Усходняя мяжа імперыі праходзіла амаль па прадмесцях Канстанцінопаля.
Аляксей I Камнін спадзяваўся скарыстаць у сваіх мэтах крыжацкі рух. Аднак з’яўленне Іерусалімскага каралеўства (гл. далей: Першы крыжовы паход) і актыўнае прасоўванне на Усход заходніх канкурэнтаў — венецыянцаў, генуэзцаў, пізанцаў нанесла ўдар па эканоміцы візантыйскай сталіцы. Незадаволены гэтым Андронік I Камнін у 1183 г. адмяніў прывілеі італьянскіх гандляроў і выгнаў іх за межы імперыі. Венецыянцы адпомсцілі — у час Чацвёртага крыжовага паходу заходнія рыцары аблажылі Канстанцінопаль і 13 красавіка 1204 г. узялі горад штурмам і разрабавалі.
Канстанцінопаль быў пераўтвораны ў сталіцу новай дзяржавы — Лацінскай імперыі. Вярнуць сабе горад грэкі здолелі толькі 15 ліпеня 1261 г., калі жыхары адкрылі вароты імператару нікейскаму Міхаілу VIII Палеалогу.
Аднавіць колішнюю магутнасць Палеалогі не здолелі. Канстанцінопаль заняпаў, яго насельніцтва скарачалася. Асабліва адчувальным адток жыхароў стаў тады, калі суседнія султаны з дынастыі Асманаў сталі аб’ядноўваць пад сваёй уладай да таго разрозненыя турэцкія княствы Малой Азіі і паступова захопліваць візантыйскія гарады і правінцыі.
Сталіца Асманскай імперыі
У 1457—1458 гг. горад стаў сталіцай Асманскай імперыі. Амаль усе жыхары Канстанцінопаля, якія засталіся ў жывых пасля штурму горада, былі ператвораны ў рабоў і прададзены.
Для новай сталіцы спатрэбіліся новыя жыхары. Першымі перасяленцамі сталі туркі з Аксарая, армяне з Бурсы, грэкі з Эгейскіх астравоў і Пелапанеса. У 1461 г. Мехмед II захапіў Трапезунд і мясцовых грэкаў таксама перасяліў у Стамбул.
Ужо 3 чэрвеня 1453 г. султан загадаў перабудаваць у мусульманскую мячэць сабор Святой Сафіі. Тая ж доля чакала і большасць іншых хрысціянскіх храмаў. Побач з імі пачалі будаваць і новыя мячэці, першай з якіх стаў комплекс у гонар Ейюба Ансары. Мячэць Фаціх была пабудавана пад кіраўніцтвам грэчаскага архітэктара Хрыстадула на месцы і з матэрыялаў царквы Святых Апосталаў. Пры Мехмедзе II таксама пачалося будаўніцтва стамбульскага Вялікага рынка. Недалёка ад былога Форума Феадосія пабудаваны Султанскі палац (Эскі-Сарай), аднак у ім султану было цесна, і ў 1466 на месцы былога Акропаля Візантыя пачалося будаўніцтва новага палаца — Тапкапы. Пасля сюды пераехаў сам султан і яго канцылярыя, а двор і Гарэм засталіся ў старым палацы.
Спачатку горад выглядаў маланаселеным, да таго ж у большасці яго жыхароў не было прыстойных умоў для існавання. Не дзіўна, што людзі паміралі ад хвароб, толькі чума штогод забірала некалькі соцень жыццяў. Аднак насельніцтва Стамбула хутка расло, і да канца ХV ст. перавысіла 200 тысяч, амаль у 7 раз больш, чым за апошнія гады існавання Візантыі. Мусульмане пры гэтым не складалі і 60 % жыхароў горада. У 1509 г. сталіца стала ахвярай землетрасення, якое разбурыла больш за сто мячэцей і некалькі тысяч жылых дамоў.
У 1512 г. пры падтрымцы янычараў Стамбул захапіў султан Селім I, які адхіліў ад улады свайго бацьку — Баязіда II. У 1513 г. ён загадаў знішчыць у сваіх уладаннях, і ў сталіцы ў прыватнасці, усіх шыітаў — сапраўдных або падазроных. Затое пасля захопу ў 1517 г. Егіпта ў Стамбул перасялілі тысячы каірскіх рамеснікаў. Хіджаз прызнаў уладу Асманаў і султана ў якасці халіфа мусульман. У пацвярджэнне гэтаму на берагі Басфора перавезлі ісламскія рэліквіі. Стамбул ператварыўся ў цэнтр ісламскага свету.
Сулейман Вялікі і яго нашчадкі У часы кіравання Сулеймана І у 1520—1566 гг. горад перажывае новы «залаты век». Імперыя, якая працягнулася ад Марока да Індыйскага акіяна, абавязана была трымаць годную сталіцу. У Стамбуле будуюцца новыя мячэці, медрэсэ і іншыя будынкі. Галоўны архітэктар Сулеймана Сінан будуе, у прыватнасці мячэць Шах-задэ (скончана ў 1548 г.) і мячэць Сулеймана, якая ператварылася ў сапраўдны сімвал Стамбула. Разбудоўваецца палац Тапкапы, куды па патрабаванні жонкі султана Раксаланы перабіраецца і султанскі гарэм. Свой палац будуе і вялікі візір Ібрагім-паша — з заходняга боку былога іпадрома.
Пасля смерці Сулеймана Асманская імперыя пачынае хіліцца да заняпаду, але ў сталіцы працягваецца будаўніцтва мячэцей і медрэсэ, рынкаў і лазняў. У часы Ахмеда I, будуецца Блакітная мячэць (1609—1616) — першая ў ісламскім свеце мячэць з шасцю мінарэтамі.
Велізарныя выдаткі на будаўніцтва ў горадзе спусташалі дзяржаўны скарб, а ваеннае шчасце ад імперыі пачало адварочвацца. Асман II у 1622 г., раздражнены паражэннем пад Хоцінам, наогул вырашыў перанесці сталіцу на ўсход — да Дамаска або Алепа. Аднак паўсталі янычары, султана схапілі і пасля катавання забілі ў крэпасці Едыкуле.