Агульная характарыстыка

Працяглы перыяд адсутнасці ўласнай дзяржаўнасці і затрымка кансерватыўных, феадальных па форме палітычных установак істотна запаволілі рух культуры Беларусі і фарміраванне беларускай нацыі. Землі Беларусі стагоддзямі былі ўключаныя ў іншыя дзяржаўна-нацыянальныя ўтварэнні, што значна паўплывала на архітэктурную сітуацыю ў краіне. Ужо ў пачатку XIV стагоддзя землі Беларусі ўваходзяць у склад Вялікага Княства Літоўскага, затым у склад Рэчы Паспалітай.

З канца XVIII стагоддзя частка зямель Беларусі падпарадкавана Расійскай імперыі.

Адзначана два магутныя ўздзеянні на мастацкую сітуацыю ў краіне:

Старажытнарускі ўплыў (11-13 ст.) (з 14 ст. да 19).

Недальнабачнае рашэнне Сталіна аддаць частку зямель Беларусі з горадам Вільня ў склад Літвы пазбавіла краіну значнай долі архітэктурнага здабытку Беларусі готыкі і рэнесансу, якія былі агульным культурным здабыткам літоўскага і беларускага народаў. Да таго ж гэта пазбавіла Беларусь старажытнай гістарычнай сталіцы.

Зараджэнне дойлідства Непоўнасць звестак аб найбольш старажытным перыядзе ў архітэктуры Беларусі абумоўлена адсутнасцю пісьмовых крыніц і недаўгавечнасцю матэрыялаў, які выкарыстоўваліся ў той час. Тым не менш у самых агульных рысах можна прасачыць ход развіцця дойлідства тых часоў.

Найбольш ранні перыяд развіцця дойлідства звязаны з узнікненнем гарадзішчаў і селішчаў, што абумоўлена ў сваю чаргу развіццём земляробства і жывёлагадоўлі.

Узнікненне гарадзішчаў Большасць гарадзішчаў, умацаваных паселешчаў, размяшчаліся на берагах рэк, мысах або іншых маладаступных месцах. Акрамя натуральных перашкод гарадзішчы звычайна мелі штучныя ўмацаванні, напрыклад, рвы, валы і драўляныя сцены — частакол. Такім чынам гарадзішчы са рвамі і валамі, што маглі дасягаць у вышыню 2,5-3 м, уяўлялі сабой натуральныя крэпасць.

Канфігурацыя гарадзішчаў была разнастайнай і залежала перш за ўсё ад рэльефу мясцовасці і абрысу пляцоўкі, аднак найбольш распаўсюджана форма блізкая да авалу. Калі ў ранніх гарадзішчах гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся ў цэнтры, а вакол іх групавалася жыллё, то ў II—III стст. жылая забудова займае ўжо ўсю тэрыторыю гарадзішча.

Жыллё У архітэктуры жылля гэтага перыяду прасочваецца сувязь з матэрыяльнымі патрэбнасцямі і прыроднымі ўмовамі. Першапачаткова адзінымі матэрыяламі для ўзвядзення жылля ва ўсходніх славян былі зямля, гліна і дрэва, выкарыстанне такіх матэрыялаў як камень і цэгла, адносіцца да больш позняга перыяду і звязана з развіццём тэхнікі. Жыллё ў гэты час мае чыста ўтылітарны характар, уздымаючыся да ўзроўня твораў мастацтва значна пазнейЧантурия В. А. История архитектуры Белоруссии. Т.1 (Дооктябрьский период). 3 изд. Мн., 1985..

Характар жылых пабудоў таксама залежаў ад прыродных умоў і мясцовых відаў будаўнічых матэрыялаў. У паўднёвых раёнах, дзе было мала будаўнічага лесу, шырока выкарыстоўвалася гліна пры стварэнні зямлянак і паўзямлянак. У паўночных раёнах наадварот вызначальную ролю адыграла дрэва. У цэнтральнай частцы сустракаюцца жылыя пабудовы абодвух тыпаў.

У ранніх паселішчах пераважае аднакамернае жыллё паўзямляначнага тыпу, паглыбленае ў грунт на 0,3-0,6 м, іх плошча складала каля 12-16 кв. м. Сустракаюцца квадратныя, прамавугольныя, круглыя і авальныя ў плане пабудовы. Уваход меў выгляд выступу каля адной са сцен або на куту. Падобны выгляд мела адкрытае ў Мохаўскім гарадзішчы (Рэчыцкі раён) жыллё слуповай канструкцыі з ачагом, размешчанным у адмысловым паглыбленні, якое прылягае да аднаго з кутоў пабудовыП. Н. ТРЕТЬЯКОВ РАННЕСААВЯНСКАЯ КУЛЬТУРА В ВЕРХНЕМ ПОДНЕПРОВЬЕ .

Пазней жыллё паўзямляначнага тыпу змяняецца надземнымі . Характэрны прыклад падобнага будаўніцтва — Чаплінскае гарадзішча зарубінецкай культуры (Лоеўскі раён), якое складалася з 25-30 жылых збудаванняў надземнага тыпу памерамі 16-25 кв. м, згрупаваных у цэнтральнай і заходняй частцы, і гаспадарчых пабудоў, што размяшчаліся на паўднёвых і ўсходніх ускраінах гарадзішча. Тэрыторыя гарадзішча 75×65 м была абнесена астраколам з масіўнага бярвення. Слупы былі пастаўлены на адлегласці 1-2 м адзін ад аднаго і мелі пазы, праз якія прапускаліся гарызантальныя . Такая канструкцыя выкарыстоўвалася і пазней, сплеценыя з прутоў сцены паміж слупамі абмазваліся глінай, як гэта было зроблена ў Гарошкаўскім гарадзішчы (Рэчыцкі раён). Сцены, магчыма, потым бяліліся. Дахі зарубінецкага жылля былі двухсхільнымі, складзенымі з жэрдак, саломы, чароту і гліныАрхеология Украинской ССР. — К., 1986. — Т. 3. — 575 с.. Для абагрэву жытла адным з кутоў ці каля сцяныВаганава А. М. Свіслач / А. М. Ваганава // Археалогія і нумізматыка Беларусі. — Мн. «Беларуская энцыклапедыя» імя Патруся Броўкі, 1993 г. — С. 263, альбо пасярэдзіне жылляА. Р. Канторович. Ранний железный век. «Археология» — Раздел III. Под редакцией академика РАН В. Л. Янина. М.: МГУ, 2006. 608 с. 5000 экз. ISBN 5-211-06038-5. размяшчаліся агнішчы, якія ўяўлялі сабой участак падлогі дыяметрам каля 0,5 м, агароджаны невысокай каменнай або глінянай сцяной, пазней — глінабітныя печы. У цёплую пару года агонь разводзілі пад адкрытым небам ў ачагах, якія былі выбрукаваны камянямі ці чарапкамі, абмазаны глінай і размяшчаліся непасрэдна каля самога жылля. Побач з жыллём таксама размяшчаліся гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы, ямы-паграбы цыліндрычнай або звонападобнай формы і складаныя скляпы з землянымі скляпеннямі і прыступкамі. Памеры жылля і наяўнасць ачага сведчаць аб тым, што пабудовы прызначаліся для пражывання вялікай сям’і, якая вяла самастойную гаспадарку.

У III-II стст. н.э. у Цэнтральнай Беларусі жытло ўяўляла сабой вылікія і выцягнутыя у плане хаты, раздзеленыя на памяшканні плошчай 20-25 кв. м. Падобныя шматкамерныя пабудовы знойдзены на гарадзішчах культуры штрыхаванай керамікі ля вёсак Збаравічы і Лабеншчына (Мінская вобласць).

У II-III стст. н.э. з’яўляюцца шматкамерныя хаты меншых памераў, якое, відавочна, належала вялікай патрыярхальнай сям’і, унутры якой пачаўся працэс раскладання і вылучэння меншых па колькасці сем’яў.

Характэрныя прыклады зрубнага жылля знойдзены ў вёсках Вязынка (Маладзечанскі раён), дзе вялікая хата складалася з трох неаднолькавых памяшканняў плошчай 48, 32, 26 кв. м, якія ўтваралі кампактны план, і Малышкі (Крывіцкі раён), дзе захаваліся сляды чатырох надземных хат памерамі 18×7 м, якія дзяліліся на чатыры аднольнавыя памяшканні з уласнымі ачагамі. Забудова гарадзішча ў Малышках характарызуецца дакладнасцю і пэўнай рэгулярнасцю планіроўкі.

Узнікненне селішчаў У IV-V стст. н.э. з развіццём працягваецца працэс распадзення патрыярхальна-радавых адносін, які характарызуецца ўзнікненнем сельскіх абшчын і пераходам ад родавых сувязей да тэрытарыяльных. Новыя сацыяльна-эканамічныя ўмовы спрыяюць змяненню характара паселішчаў. Так замест гарадзішчаў развіваюцца адкрытыя, неўмацаваныя селішчы. Разам з тым гарадзішчы захоўваюць ролю крэпасці-прыстанішча на выпадак ваенных дзеянняў. Пазней гарадзішчы, які часцей за ўсё размяшчаліся ўнутры буйных селішчаў, пачалі засяляцца знаццю, жрацамі, воінамі і асобнымі рамеснікамі.

Адкрытае селішча вакол сцен гарадзішча ля вёскі Хотамель займала плошчу каля аднаго гектара і было шчыльна забудавана радамі паўзямлянкавага жытла, размешчанага ўздоўж знешняга вала у 1-5 м адно ад аднаго. У VIII—X стст. гарадзішча пераўварылася ў паселішча для дружыннікаў з магутнымі кругавымі драўлянымі ўмацаваннямі, што фактычна было пераходам да ранняга феадальнага ўмацавання.

Асаблівасцю селішчаў былі вялікія памеры, да 5-7 га і болей, і вялікая колькасць жытла. Так ў селішчы Замкавая гара каля Бягомля знойдзена звыш 300 чатырохвугольных у плане паўзямлянкавых жытлаў плошчай не большай за 15 кв. м, кожнае з якіх было разлічана на адну сям’ю. Далейшае развіццё атрымлівае аднакамерная хата, якая ў VIII-IX стагоддзях становіцца найбольш распаўсюджанай на тэрыторыі Беларусі.

Культавыя збудаванні Сярод культавых збудаванняў гэтага перыяду вылучаюцца пахавальныя курганы разнастайных форм і памераў, якія першапачатковы выконвалі ролю калектыўнай радавой пахавальні, але з утварэннем класавага грамадства сталі месцам пахавання выключна князёў і дружыннікаў. У асобных раёнах Паазер’я, Падняпроўя, Панямоння і Пабужжа ў сяр. і ў другой пал. I тысячагоддзя н.э. узнікаюць доўгія і падоўжаныя курганы, першыя з якіх мелі выгляд выла даўжынёй да 80-100 м, шырынёй каля 20 м і вышынёй 2 м, другія не перавышалі 20 м у даўжыню, 10 м у шырыню і 1,5 м у вышыню. У IX ст. гэты тып курганоў быў выцеснены круглымі.

Атрымаць звесткі пра іншыя культавыя збудаванні, напрыклад, язычніцкія храмы і свяцілішчы, пакуль не ўяўляецца магчымым, але можна меркаваць, што яны ідэнтычны збудаванням падобнага тыпу, якія былі знойдзены на тэрыторыі Украіны і Расіі.

Старажытнарускі перыяд Сацыяльна-эканамічная змены і рост сіл феадальнага грамадства ў IX—XII стст. спрыяюць будаўніцтву і развіццю гарадоў. На захадзе ўсходнеславянскіх зямель унікаюць новыя гарады — Полацк, Віцебск, Менск, Гродна, Орша, Пінск, Бярэсце, Тураў, Браслаў, Ваўкавыск. Звычайна яны ўзводзіліся ў сутоках рэк, якія служылі натуральнымі абарончымі ўмацаваннямі.

Найбольшае развіццё атрымліваюць у гарадах акрамя ўмацаванняў, культавыя пабудовы і жыллё — усё пераважна з дрэва. Цэнтральнае месца ў горадзе займаў дзяцінец (крэмль), вакол якога размяшчаліся рамесна-гандлёвы рад — гэты прыём быў традыцыйным для старажытнарускага горадабудаўніцтва.

З узнікненнем Старажытнарускай дзяржавы са сталіцай у горадзе Кіеў, землі сучаснай Беларусі ўвайшлі ў яе склад.

У канцы X ст. на Русі было прынята хрысціянства, якое спрыяла ўмацаванню феадальных адносін, развіццю дзяржаўнасці, узаемнаму ўплыму з суседнімі краінамі. Сувязь з Візантыяй, адкуль і прыйшло хрысціянства, пакінула значны след у старажытнарускім дойлідстве. Стварэнне манументальных храмаў спрыяла развіццю будаўнічай тэхнікі, мастацкага аздаблення, што, нароўні з развіццём гарадоў, стала першапрычынай фарміравання новых кірункаў у дойлідстве, з’явіўся такі тып збудаванняў як каменны крыжова-купальны храм, пабудаваны з тонкай квадратнай цэглы — плінфы. У X—XI стст. храмы на беларускіх землях будавалі пераважна майстры, запрошаныя з Візантыі. Закладзены паміж 1044 і 1066 гг. і пабудаваны ён з плінфы ў тэхніцы з так званым схаваным радам Сафійскі сабор у Полацку можна лічыць першым з ліку выдатных культавых збудаванняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У гэтым помніку былі закладзены асноватворныя прынцыпы мясцовай архітэктурнай школы, якія выявіліся ў цэнтрычна-пірамідальнай кампазіцыі архітэктурных форм. Хутчэй за ўсё, такія прынцыпы з’явіліся пад уздзеяннем мясцовых будаўнічых традыцый, якія склаліся яшчэ ў драўляным народным дойлідствеКультавае дойлідства Беларусі.

Для мураванай культавай архітэктуры гэтага перыяду характэрна муроўка сцен са схавным радам, які замазваўся шырокай белай паласой раствору так, каб фасадныя сцены атрымлівалі паласатую двухколерную расфарбоўку. Падобная муроўка таксама сустракаецца і пазней, у перыяд феадальнай раздробленасці.

Інтэр’еры храмаў багата ўпрыгожваліся роспісамі, якія да нашага часу амаль не захаваліся.

На мяжы X-XI стст. умацаваны цэнтр Полацка — дзяцінец — быў перанесены са старога гарадзішча на паўднёвы захад да месца ўпадзення Палаты ў Заходнюю Дзвіну. Новы дзяцінец займаў плошчу 7 га і пазней атрымаў назву Верхні замак. Вакольны горад размяшчаўся на ўсход ад дзяцінца, паміж Дзвіной і Палатой, і пазней называўся Астрогам або Местам, пасля захопу горада маскоўцамі ў 1567 годзе на частцы вакольнага горада імі пабудаваны Стралецкі горад, які пазней атрымаў назву Ніжні замак. Таксама развіваўся і Запалоцкі пасад. Такім чынам ў Полацка ўтварылася трохчастковая структура плана, дзе дамінуючае становішча заняў дзяцінец. Уздоўж Дзвіны пазней пачала развівацца найбольш буйная частка горада — Вялікі пасад. Да XII ст. плошча горада ўзрасла да 70-80 га.