Вялікі камень Горацкі або Чортаў камень — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння, самы вялікі валун Беларусі. За 400 метраў на паўночны захад ад вёскі Горкі Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці, за 400 метраў ад аўтадарогі Шуміліна-Бешанковічы. Ахоўны статус нададзены ў 1963 годзе.
Апісанне Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату, які складае 60-65 % граніту. У склад уваходзіць таксама кварц (20-30 %), астатнія 5-10 % прыпадаюць на біятыт, мускавіт, рагавую падманку. Цёмна-карычневага колеру, па форме нагадвае гіганцкі прас. Даўжыня 11 метраў, шырыня 5,6 метра, бачная вышыня 2,8 метра. Шурф глыбінёй 3 м не дасягнуў падэшвы каменя. Па матэрыялах Інстытута геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі дакладная вага — 292 тоны. Пад уздзеяннем сонца, вады, ветру, перападу тэмператур Вялікі камень паступова разбураецца. У папярочным напрамку трэшчына, зарослая мхом i лішайнікам. 3 паўднёвага боку ад валуна адколата 0,5 м³.
Прынесены ў час апошняга абледзянення 18 тысяч гадоў таму з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта. Так Вялікі камень аказаўся на тэрыторыі сучаснага Шумілінскага раёна, асеў каля цяперашняй вёскі Горкі, што за 17 км на поўдзень ад Шуміліна.
Паданне А. А. Мартыненка ў кнізе «Незапатрабаваныя скарбы. Па запісках лагернага ўрача» ў раздзеле «Віцебск. Шуміліна. Вялікі камень» піша, быццам адзін яўрэй з Віцебска, схаваў у трыццаці кроках ад каменя шкатулку з дабром усіх сваіх продкаў.
Галерэя
Літаратура
Волаты // Ляўкоў, Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. А. Ляўкоў. — Мн., 1992. — С. 25-31. Вялікі камень // Ахоўныя прыродныя тэрыторыі і помнікі прыроды Беларусі / рэд.-склад.: В. К. Мазоўка, Н. М. Сямашка. — Мн., 1985. — С. 47. Наша Шуміліншчына // Гісторыка-краязнаўчы курс / Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Адляшчук.
Катэгорыя:Валуны Беларусі Катэгорыя:Геалагічныя помнікі прыроды рэспубліканскага значэння Віцебскай вобласці Катэгорыя:Геалогія Шумілінскага раёна Катэгорыя:Славутасці Шумілінскага раёна Катэгорыя:Горкі (Шумілінскі раён)