Вашынгтон Ірвінг (; ) — амерыканскі пісьменнік. Найбольш вядомы сваімі апавяданнямі «Легенда Соннай Лагчыны» i «Рып Ван Вінкль» (якія былі выдадзеныя пад адной вокладкай кніжкі «Кніга эскізаў Джофры Крэяна»), таксама быў выдатным эсэістам, біёграфам і гісторыкам.
Біяграфія Самы малодшы з адзінаццаці дзяцей нью-ёркскага гандляра.
У 1815—32 жыў у Еўропе, быў выдаўцом, дыпламатам, амерыканскім паслом у Мадрыдзе. В. Ірвінг — першы амерыканскі пісьменнік, які заваяваў еўрапейскае прызнанне. Гістарычнай хроніка «Гісторыя Нью-Ёрка» (1809) — пародыя, вострая сатыра на амерыканцаў і тагачаснае жыццё Нью-Ёрка. «Кніга эскізаў» (1819—20) і «Брэйсбрыдж-хол» (1822) сталі першымі творамі амерыканскага рамантызму, для якіх характэрна іранічная трактоўка традыцыйных рамантычных сюжэтаў, цікавасць не так да гістарычных падзей, як да іх уплыву на народнае жыццё. Стварыў новы жанр тыповага амерыканскага «кароткага апавядання» (зборнікі «Апавяданні падарожніка», 1824; «Альгамбра», 1832). Аўтар біяграфічных кніг пра Х. Калумба (1828), англійскага пісьменніка О. Голдсміта (1840), Дж. Вашынгтона (1855—59).
Поўны збор яго сачыненняў выйшаў у Нью-Ёрку ў 1848—1850 гадах і ў Лондане ў 1851 годзе.
Гісторыя пра «Рып Ван Вінкля», які праспаў 20 год і абудзіўся, каб адкрыць калоніі, стала самастойным творам і ўрэшце ператварылася ў фальклорную. Яна была інсцэніравана для тэатра, увайшла ў вусную традыцыю і паступова пачала ўспрымацца пакаленнямі амерыканцаў як сапараўдная легенда.
Творы «Salmagundi» («Сальмагундзі», 1807—1808); «A History of New York» («Гісторыя Нью-Ёрка», 1809); «The Sketch Book of Geoffrey Crayon» («Кніга эскізаў Джофры Крэяна», 1819—1820); «Tales of a Traveller» («Апавяданні падарожніка», 1824); «Bracebridge Hall» («Брэйсбрыдж-Хол», 1826); «A History of the Life and Voyages of Christopher Columbus» («Гісторыя жыцця і вандраванняў Хрыстафора Калумба», 1828); «Tales of the Alhambra» («Альгамбра», 1832); «Astoria» («Асторыя», 1836); «Miscellanies» (Л., 1835—1836); «History of Mahomet and his successors»; «Oliver Goldsmith» (Л., 1849); «Life of George Washington» («Жыццё Вашынгтона»; Нью-Ёрк, 1855—1859).
Беларускія пераклады Легенда Соннай Лагчыны. — Гутэнберг, 2024. — 112 с.
Крыніцы
Крыніцы
Спанкэрэн К. Ван. Нарыс аб амерыканскай літаратуры / Перакл. В. і Л. Калабан. — Інфармацыйнае агенцтва Злучаных Штатаў, [б.г.]
Спасылкі
Катэгорыя:Пісьменнікі ЗША Катэгорыя:Англамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі рамантызму