Баляслаў Часлававіч Свентаржэцкі (, маёнтак Багушэвічы, Ігуменскі павет, Мінская губерня, Расійская Імперыя — ) — кіраўнік Судзеньскага паўстання (1863—1864) у Ігуменскім павеце Мінскай губерні.

Паходжанне і сям’я Належаў да старажытнага каталіцкага шляхецкага роду Свентаржэцкіх гербу «Трубы». Нарадзіўся ў 1831 г. у маёнтку Багушэвічы Ігуменскага павета Мінскай губерні Расійскай Імперыі (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці Рэспублікі Беларусь) — у сям’і Чэслава Тадэушавіча Свентаржэцкага (нар. у 1802 г.) і Ганны Аляксееўны Свентаржэцкай.

Бацька валодаў маёнткам Франскоўшчызна (Франскоўшчына) у Мінскім павеце Мінскай губерні і выбіраўся дваранамі на пасаду дэпутата ад Мінскага павета ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход. Дзед — Тадэвуш Антоніевіч Свентаржэцкі — выбіраўся на пасаду мінскага павятовага маршалка.

Хросным бацькам Баляслава Свентаржэцкага быў мінскі губернскі маршалак (1823—1847) Леў Францавіч Оштарп (1785—1851), а першай жонкай стала Лаура Казіміраўна Завадская, пляменніца Льва Оштарпа. Другая жонка — польская пісьменніца і актрыса тэатра .

Біяграфія Вучыўся ў Віленскім дваранскім інстытуце (скончыў у 1853 г.), Санкт-Пецярбургскім універсітэце; у час эміграцыі — у ваеннай школе ў Францыі.

Валодаў спадчынным маёнткам Багушэвічы ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні (Расійская Імперыя).

Служыў пісарам у Мінскім Дваранскім дэпутацкім сходзе. З 1860 г. знаходзіўся пад сакрэтным наглядам паліцыі. Як член Мінскага губернскага камітэта ўдзельнічаў у распрацоўцы ўмоў сялянскай рэформы (1861) у Расійскай Імперыі.

Падчас паўстання 1863—1864 гадоў з’яўляўся паўстанцкім начальнікам Ігуменскага павета — камісарам аб’яднаных паўстанцкіх атрадаў у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Знаходзіўся пры атрадзе С. Ляскоўскага.

Сядзіба Свентаржэцкіх у вёсцы Багушэвічы (Ігуменскі павет, Мінская губерня) была знішчана паводле загаду віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва.

Увосень 1863 года эмігрыраваў на пастаяннае месца жыхарства ў Францыю, за якую ваяваў падчас франка-прускай вайны (1870—1871).

Памёр у 1888 годзе.

Крыніцы

Літаратура Кісялёў, Г. В. На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне / Г. В. Кісялёў. — Мн., 1990.

Катэгорыя:Свентаржэцкія Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Удзельнікі франка-прускай вайны Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага шляхецкага інстытута Катэгорыя:Нарадзіліся ў Бярэзінскім раёне