М, м — чатырнаццатая літара беларускага алфавіта.
Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай М («мыслеце»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Μ («мі»). У старабеларускім графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала зычныя гукі [м], [м’] (масло, минута). Мела таксама лічбавае значэнне «сорак». У рукапісах XIV — XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія дапамагаюць вызначыць час і месца напісання помнікаў. У XVI ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў не было яшчэ паслядоўным.
Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае санорныя змычна-праходныя губна-губныя зычныя гукі [м], [м’] (мара, мядунка — [м'адунка]). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную формы. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (МБА, МАЗ), як умоўнае скарачэнне слоў «метр» (30 м), «мора» (Балтыйскае м.). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне «трынаццаты» (група «М»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 9м).
Літаратура
Катэгорыя:Клавіятура Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт