Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у горадзе Глыбокае, Беларусь. Знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, на штучнай насыпной пляцоўцы.
Гісторыя
У 1640 годзе мсціслаўскі ваявода і дзісенскі стараста Іосіф Корсак склаў тэстамэнт, паводле якога перадаваў большую частку сваіх маёнткаў ордэну кармелітаў босых. Ён загадаў манахам утрымліваць пры сваім касцёле ў мястэчку Глыбокае свецкага святара для адміністравання сакрамантаў для мясцовага насельніцтва.
У справу ўмяшаўся віленскі біскуп Абрагам Война, які лічыў няправільнай сітуацыю, у якой свецкі святар падпарадкоўваўся б кармелітам босым. Іосіф Корсак пастанавіў заснаваць у Глыбокім парафіяльны касцёл і плябанію. На гэтую патрэбу 3 чэрвеня 1642 года ён запісаў свой фальварак Дзмітраўшчына, а таксама абавязаўся пабудаваць касцёл на працягу паўтара года.
Няма інфармацыі пра тое, ці змог Іосіф Корсак пабудаваць парафіяльны касцёл — ён памёр у 1643 годзе. Паводле матэрыялаў візітацыі 1654 года, касцёл быў збудаваны «на новым корані» ў 1652 годзе. Ён быў драўляны, меў дзве вежы. Касцёл быў знішчаны ў час вайны з Маскоўскай дзяржавай і па стане на 1675 год не быў адбудаваны.
Вядомыя на сённяшні дзень крыніцы не даюць адказу на пытанне пра тое, калі быў адбудаваны драўляны касцёл. Да 1764 года глыбоцкі пробашч кс. Антоні Яшчалт пачаў будаваць мураваны касцёл у стылі барока, скончыў у 1782 годзе кс. Міхал Федаровіч. Касцёл асвяціў 11 ліпеня 1783 года віленскі суфраган Пётр Тачыдлоўскі.
У 1902—1908 гадах касцёл быў пашыраны паводле праекта архітэктара Антонія Філіповіча-Дубовіка пры захаванні першачапачатковага стылю. Былі дабудаваныя два ярусы вежаў, два бакавыя нефы, трансепт і прэзбітэрый.
У глыбоцкім касцёле былі ахрышчаныя палітык Клаўдзій Дуж-Душэўскі, мастак Язэп Драздовіч, польскі пісьменнік Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. У 1898—1921 гадах арганістам у касцёле працаваў Вінцэнт Мядзёлка, бацька грамадскай дзяячкі Паўліны Мядзёлка.
У 1924—1951 гадах пробашчам быў кс. Антоні Зянкевіч, беларускі рэлігійны дзеяч.
У савецкі час касцёл не зачыняўся.
Асаблівасці архітэктуры
Помнік архітэктуры позняга барока. Першапачаткова меў выгляд 1-нефавага 2-вежавага храма з выцягнутай паўкруглай апсідай. У выніку перабудовы да яго далучаны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало будынку аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі.
Галоўны фасад насычаны архітэктурнай пластыкай: вязкамі вытанчаных пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі арачнымі праёмамі, высокім франтонам з валютамі па баках і скульптурай «Укрыжаванне» ў арачным праёме. Фасад быў фланкіраваны 2 невысокімі вежамі, якія пры перабудове былі павялічаны на 2 ярусы і набылі, як і цэнтральны фігурны франтон, выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Фігурным франтонам увенчана і алтарная сцяна храма. Сцены раскрапаваны пілястрамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі.
Інтэр’ер
У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Сцены крапаваны пілястрамі і карнізным поясам. Над нішамі бакавых нефаў невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме.
Тры драўляныя разныя алтары выкананы ў стылі барока. Цэнтральны ў 1-м ярусе вырашаны карынфскай каланадай з дынамічна раскрапаваным антаблементам, скульптурнымі паліхромнымі постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла і іерархаў касцёла па баках. Другі ярус уяўляе сабой прамавугольны шчыт з абразом пачатку 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя»; завершаны барэльефнай кампазіцыяй «Глорыя з анёламі». Фератрон «Маці Божая Замілаванне» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак 18 ст.), абраз «Святая Сям’я» (1730-я гг.). Над нартэксам хоры з арганам у стылі неаготыкі.
У капліцы справа ад галоўнага алтара знаходзіцца абраз Маці Божай Падхорнай Глыбоцкай, які лічыцца цудадзейным.
У касцёле знаходзіўся абраз Іасафата Кунцэвіча (120 х 80 см, палатно, алей), які ўяўляў сабой паясную выяву Святога, змешчаную ў авале. Ніжэй знаходзіліся мітра і скрыжаваныя епіскапскі посах і пальмавая галінка. У верхняй частцы абраза, на воблаках, былі прадстаўлены выявы чатырох пуцці.
Крыніцы
Літаратура Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — 478 с. Кулагін А. М. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэд.: Б. І. Сачанка [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн., 1995. — С. 59—73. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — Мн., 2008. — 487 с. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — Мн., 2000. — 215 с. Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с.: іл. —С. 255—256. ISBN 985-04-0499-X
Спасылкі
Катэгорыя:Храмы Глыбокага Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Збудаванні Глыбокага ў стылі барока