Эпі́тэт (ад — прыкладзенае) — вызначэнне пры слове, якое ўплывае на яго выразнасць. Выяўляецца пераважна прыметнікам, але таксама прыслоўем (горача любіць), назоўнікам (весялосці шум), лічэбнікам (другое жыццё), дзеясловам (жаданне забыцца).
Эпітэт — слова або цэлы выраз, які, праз сваю структуру і асаблівую функцыю ў тэксце, набывае некаторае новае значэнне або сэнсавае адценне, дапамагае слову (выразу) здабыць маляўнічасць, насычанасць. Нярэдка ўжываецца ў прозе, найперш у прадстаўнікоў лірычнай стылёвай плыні (у Янкі Брыля: шчодрае неба, пераспелы жаніх, босая вёска, малады смех, бязлобая галава, казённыя вочы), асабліва часта — у паэзіі. Эпітэт адрозніваецца ад звычайнага граматычнага азначэння сваёй пераноснай, вобразнай сутнасцю. У мастацкіх творах азначэнне і эпітэт ужываюцца, звычайна, побач, ствараючы агульны яскравы малюнак. Эпітэт — адзін з самых дзейсных і шырока распаўсюджаных паэтычных тропаў.
Тыпы эпітэтаў Метафарычныя (сінія песні мора, зялёнае полымя дрэваў). Гіпербалічныя (чалавек-гара). Складаныя (светлавокая радасць). Іранічныя (дыпламаваны баран, шматступенчатыя дурні). Устойлівыя (конь вараненькі, гады маладыя, доля горкая), часцей за ўсё сустракаюцца ў фальклоры.
Літаратура Иван Г. Илиев. Епитетът в славянобългарската агиография от 14-15 век — Пловдив: Пигмалион, 2005. — 390 с. — ISBN 954-9402-10-X
Гаўрош Н. В. Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы. — Мн.: Вышэйшая школа, 1998. — 603 с.
Катэгорыя:Тропы