Ян Дамінікавіч Пац (каля 1550 — верасень ці кастрычнік 1610) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Чашнік ВКЛ з 1581, віленскі цівун з 29 красавіка 1589, менскі ваявода з 9 сакавіка 1600 «па Андрэю Завішы», камянецкі і даўгялішскі староста.
Біяграфія З магнацкага роду Пацаў герба «Газдава», сын Дамініка і Ганны, дачкі берасцейскага войскага Андрэя Барысавіча Лозкі і Ганны. Родны брат Мікалая і зводны брат па матчынай лініі Іпація Пацея.
Кальвініст, з 1600 каталік. На сойме 1587 прапанаваў выбраць на трон Рэчы Паспалітай цара Фёдара Іванавіча. У 1592 абраны маршалкам інквізіцыйнага сойму. У 1594 быў мадэратарам дыспута езуіта ксяндза Сміглецкага з арыянамі.
У 1582 атрымаў прывілей на вёску Дымнікі ў камянецкай дзяржаве. У 1584 атрымаў падобныя прывілеі на сёла Ківіле і Кліколе на Жмудзі, якія яму саступіў смаленскі кашталян яго стрый Мікалай Пац. У 1585 прызначаны каралём камісарам дзеля размежавання каралеўскіх земляў з маёнткамі, належачымі Пацам. На Варшаўскім сойме 1596 прызначаны камісарам дзеля размежавання Падляшскага, Берасцейскага ваяводстваў і Гарадзенскага павета.
У 1588 кароль дазволіў яму выкупіць камянецкае староства ў нашчадкаў берасцейскага ваяводы Гаўрылы Гарнастая. У тым жа годзе прадаў князю Мікалаю Радзівілу Сіротку мястэчка Кунаса недалёка ад Нясвіжа за 12000 коп грошаў. У 1595 канцлер Леў Сапега са згоды караля саступіў яму даўгяліцкую дзяржаву.
Купіў мястэчка Чартарыйск на Валыні ў князя Юрыя Міхайлавіча Чартарыйскага, які абумовіў сябе права на пражыванне ў замку Чартарыйскім на працягу сямі год. Але Ян Пац быў з гэтым нязгодзен і сам там пасяліўся. У адказ 5 снежня 1602 князь Юрый Чартарыйскі са сваімі людзьмі і сябрамі Бенядзіктам Гулевічам і брацлаўскім кашталянам Мікалаем Сямашкам напалі на Чартарыйск і пабілі людзей Паца, а яго самога паранілі. Пац паклікаў грабежнікаў на каралеўскі суд, але праз нейкі час абодвы бакі дасягнулі ў 1603 перамір'я з дапамогай ваяводы віленскага князя Крыштафа Радзівіла і ваяводы валынскага князя Аляксандра Астрожскага. Юрый Чартарыйскі адмовіўся ад вольнага пражывання ў замку Чартарыйскім і прадаў яго за 400000 злотых, а Пац у сваю чаргу запісаў Чартарыйскаму замак і мястэчка ў Валынскім ваяводстве.
Сям'я Першы шлюб з Крысцінай Нарушэвіч, дачкой смаленскага кашталяна і віленскага цівуна Станіслава і Камаеўскай, быў бяздзетным. У другім шлюбе з Соф'яй Вішнявецкай (1569 – 4 лютага 1619), дачкой валынскага ваяводы Андрэя і Яўхіміі Вярбіцкай, меў сямёра дзяцей: Крыштафа, памёршага маладым; Аляксандра; Аўрэліяна, манах бернардзінец Антоні; Яна Казіміра; Паўла, памёршага маладым; Фелікса, памёршага маладым; Ганну, першы раз у шлюбе з полацкім кашталянам Мікалаем Багуславам Зяновічам, які загінуў 7 верасня 1621 у бітве пад Хоцінам, а другі раз з паюрскім цівуном Крыштафам Крышпінам-Кіршэнштэйнам.
Пасля смерці Яна Паца яго жонка пабралася шлюбам у другі раз з расенскім і скірстымонскім старостам Крыштафам Вацлавам Шэметам. Памёрла 4 лютага 1619 у Беразіно, пахавана ў кафедры святога Станіслава ў Вільні.
Генеалогія
Літаратура Niesiecki K. Herbarz Polski, wyd. J.N. Bobrowicz, Lipsk 1839-1846. Wolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego: 1385—1795. Kraków, 1885. Wolff J. Pacowie: materyjały historyczno-genealogiczne, 1885] Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej, Poznań, T.1-31, 1879—1908.
Спасылкі Генеалогія Пацаў
Ян Дамінікавіч Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы менскія Катэгорыя:Цівуны віленскія Катэгорыя:Чашнікі вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты камянецкія Катэгорыя:Старосты даўгялішскія