Ланцу́г — прыстасаванне для злучэння асобных дэталяў ці прадметаў у адзіную канструкцыю. Складаецца з металічных звёнаў, злучаных паміж сабой. Паводле канструкцыі звёнаў ланцугі падзяляюцца на некалькі падтыпаў: з лінейнымі звёнамі; з лінейна-падзеленымі звёнамі; з перавітымі звёнамі; з дэкаратыўна трансфармаванымі звёнамі.

У IX—XIII стст. ланцугі ўжываліся ў гаспадарча-побытавай сферы, у ювелірных упрыгажэннях. Сфера гаспадарчага выкарыстання ланцуга была больш шырокай, чым іх дэкаратыўная функцыя. Ланцужкі з каляровых металаў (медзь), напрыклад, выступалі ў якасці канструктыўнага элемента складных шаляў; вялікія ланцугі з чорнага металу ўжываліся разам са скабянымі вырабамі або для падвешвання да бэлькі рэчаў. Пры археалагічных раскопках найчасцей знаходзяць толькі асобныя элементы ланцугоў — звёны. Поўнасцю захаваны ланцуг для падвешвання катла быў выяўлены пры раскопках у Полацку.

Бываюць ланцугі грузавыя (для падвешвання і пад’ёму грузаў), цягавыя (для перамяшчэння грузаў) і прыводныя (для перадачы руху; гл. ланцуговая перадача). Выкарыстоўваюцца таксама проціслізготныя ланцугі, якія надзяваюць на вядучыя колы аўтамабіля для павышэння яго праходнасці па зледзянелых дарогах ці бездарожжы.

Паводле канструкцыі ланцуг можа быць круглазвённы, пласціністы, карданны, ролікавы і інш.

Гл. таксама Магнітны ланцуг Электрычны ланцуг

Літаратура

Катэгорыя:Дэталі машын і механізмаў