«Голас вёскі» — газета, якая выдавалася з 1 кастрычніка 1941 да 16 чэрвеня 1944 гг. у Мінску на беларускай мове пад кантролем нямецкіх акупацыйных улад у перыяд Другой сусветнай вайны. Галоўныя рэдактар: М. Караленка, Я. Кіпель, А. Сянькевіч. Мастаком да першай паловы 1942 года быў Уладзімір Леановіч, пасля Янка Кашкель. Выйшла 130 нумароў.

Распаўсюджвалася пераважна ў сельскіх раёнах Генеральнай акругі Беларусь.

Тэндэнцыйна асвятляла падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, друкавала распараджэнні акупацыйных улад, прамовы А. Гітлера, А. Розенберга, В. Кубэ, Крытыкавала калгасную сістэму, усхваляла нацысцкі «новы аграрны парадак», аналізавала гаспадарчыя магчымасці беларускіх зямель, сялянскае жыццё ў замежных краінах. Парады земляробам і сельскім жыхарам друкаваліся ў рубрыках «У дапамогу сельскаму гаспадару», «Куток вясковай жанчыны», «Парады гаспадыні», «Ветэрынарныя парады» і інш.

Шмат увагі аддавала гісторыі і культуры Беларусі (праца «Беларусь учора і сення» і артыкул «Каляды на Беларусі» Я. Найдзюка, артыкул «Магілёў і яго барацьба за свае правы» З. Байдацкага, «Як верылі нашы продкі» М. Шчаглова, «Народнае выяўленчае мастацтва» У. Глыбіннага), пісала пра сталінскія рэпрэсіі ў 1930-я гады (урыўкі з кнігі «Валадары ГПУ» К. Альбрэхта, артыкул «Апошні разгром беларускай інтэлігенцыі» У. Клішэвіча і інш.). У газеце апублікаваны раман «Наўсуперак лесу» М. Дуброўскага (Р. Мурашкі).

Крыніцы

Літаратура Жумар, С. «Голас вёскі» / Сяргей Жумар // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — С. 56. — ISBN 985-11-0041-2.

Спасылкі

Катэгорыя:Газеты на беларускай мове Катэгорыя:1941 год у Мінску Катэгорыя:Акупацыйны друк Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну