Але́нь (, ) — вёска ў Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Семукацкага сельсавета. Размешчана за 37 км на паўднёвы захад ад Магілёва, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Семукачы на лініі Магілёў—Асіповічы. Рэльеф раўнінны, на захад мяжуе з лесам, на паўднёвы захад праходзяць меліярацыйныя каналы, злучаныя з р. Арлянка (прыток р. Друць). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз в. Заброддзе і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае Вядома ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1560 года як сяло, шляхецкая ўласнасць. У 1565 годзе ў складзе маёнтка Шклоў Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1745 годзе ў Быхаўскім графстве, 25 двароў, уласнасць памешчыка. У 1758 годзе меўся млын.
Пад уладай Расійскай імперыі У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1777 годзе сяло Алені ў Старабыхаўскім павеце.
З 1820 года дзейнічала гарбарня. У 1858 годзе ў Быхаўскім павеце, меліся млын, карчма. У 1880—1882 гг. у вёсцы адбылося Аленскае выступленне сялян з мэтай пашырыць сваё землекарыстанне шляхам вяртання ўчасткаў, адрэзаных ад надзелаў у ходзе сялянскай рэформы 1861 г. У 1880, 1881 і 1882 гг. сяляне рабілі захопы памешчыцкай зямлі, а ў 1881 годзе правялі самавольную высечку лесу. Адбываліся сутыкненні з уладамі. Для падаўлення гэтых выступленняў у вёску 16 чэрвеня 1882 года былі накіраваны 2 пяхотныя роты.
У 1897 годзе ў Глухскай воласці Быхаўскага павета Магілёўскай губерні, дзейнічала царкоўна-прыходская школа, для якой у 1905 г. узведзены адмысловы будынак (у 1913 г. 39 хл. і 12 дз.)РГИА, ф. 803, оп. 16, д. 1018. Непадалёку былі ферма, вадзяны млын і сукнавальня.
Найноўшы час У 1905 годзе адкрыта казённая вінная крама. Летам 1907 года сяльчане захапілі памешчыцкую зямлю. Адбылася сутычка з паліцыяй, у выніку якой 1 сяльчанін быў забіты, 5 паранены, 23 арыштаваны. З сакавіка да кастрычніка 1918 года акупіравана германскімі войскамі.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР. З 17 ліпеня 1924 года ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці.
У 1933 годзе арганізаваны калгас «Асветнік». Былы чырвонаармеец С. В. Воранаў стаў першым яго старшынёй.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Гітлераўцы 14 жніўня 1942 года расстралялі 38 вяскоўцаў, разрабавалі іх маёмасць, а хаты спалілі. Ахвяры фашызму пахаваны ў магіле, што за 600 м на захад ад вёскі. У вёсцы і паблізу яе базіраваліся савецкія партызаны. У гонар партызан 255-га атрада на будынку школы ў 1977 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1990 годзе ў складзе саўгаса «Колас» (цэнтр — в. Семукачы). У 2007 годзе працаваў магазін.
Планіроўка Планіровачна складаецца з працяглай крывалінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, ад якой на паўднёвы ўсход адыходзяць 2 завулкі. Забудавана двухбакова, шчыльна традыцыйнымі драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На паўночна-заходняй ускраіне — сад.
Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1758 — 32 двары, 79 жыхароў мужчынскага полу. 1784 — 264 жыхары. XIX стагоддзе: 1858 — 200 жыхароў мужчынскага полу. 1884 — 78 двароў, 575 жыхароў. 1897 — 116 двароў, 792 жыхары, на ферме — 2 двары, 10 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 — 131 двор, 874 жыхары, на хутары — 1 двор, 6 жыхароў. 1925 — 865 жыхароў. 1990 — 106 гаспадарак, 180 жыхароў. XXI стагоддзе: 2007 — 33 гаспадаркі, 48 жыхароў.
Літаратура
Спасылкі
Каменныя магілы ў в. Алень
Катэгорыя:Семукацкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна