Шатландыя (, , ) — адна з чатырох краін Злучанага Каралеўства, мае найбольшую аўтаномію. У мінулым незалежнае каралеўства ў Паўночнай Еўропе. Шатландыя займае поўнач вострава Вялікабрытанія і мяжуе па сушы з Англіяй. Сталіца — Эдынбург.

Гісторыя Лічыцца, што першыя людзі з’явіліся ў Шатландыі прыблізна 8 тысяч гадоў таму. Першыя сталыя паселішчы датуюцца IV тысячагоддзем да н.э. Пісьмовая гісторыя Шатландыі пачынаецца з рымскай заваёвы Брытаніі, калі былі акупаваны і атрымалі статут рымскіх правінцый і сталі менавацца Брытаніяй тэрыторыі сучаснай Англіі і Уэльса. Частка паўднёвай Шатландыі была на нядоўгі час узятая пад няпросты кантроль Рыма, але паўночныя землі былі вольныя ад рымскага заваявання і зваліся Каледонія. Каледонія была населена пікцкімі і гэльскімі плямёнамі, на яе тэрыторыі размяшчаліся гэльскае каралеўства Дал Рыяда і пікцкае — Фортрыу. Але гісторыя Шатландскага каралеўства традыцыйна бярэ свой адлік з 843 г., калі Кенет Макальпін стаў каралём аб’яднанага каралеўства шкотаў і піктаў. На працягу наступных стагоддзяў тэрыторыя Шатландскага каралеўства пашырылася да плошчы прыблізна адпаведнай плошчы сучаснай Шатландыі. Гэты перыяд адзначаны параўнальна добрымі адносінамі з уэсекскімі валадарамі Англіі і моцнай раздробленасцю, якая, аднак, не замінала правядзенню паспяховай экспансіянісцкай палітыкі. Праз некаторы час пасля ўварвання ў 945 годзе ў Стратклайд англійскага караля Эдмунда I правінцыя была перададзена Малькальму I. Падчас кіравання караля Індульфа (954—962) шкоты занялі крэпасць, пазней названую Эдынбургам, — свой першы апорны пункт у Лотыяне. Падчас уладарання Малькальма II адзінства Шатландыі ўмацавалася. Пераломным годам, магчыма, быў 1018, калі Малькальм IV нанёс Нартумбрыі паражэнне ў бітве пры Карэме.

Заваяванне Англіі нармандцамі (1066) стала прычынаю ланцуга падзей, праз якія Шатландыя змяніла сваёй гэльскай культурнай арыентацыі. Малькальм III пабраўся шлюбам з Маргарытай, сястрой Эдгара Этлінга, зрынутага англа-саксонскага прэтэндэнта на англійскі сталец, які пасля атрымаў падтрымку з боку Шатландыі. Маргарыта згуляла важную ролю ў паніжэнні ўплыву кельцкага хрысціянства. Яе сын, Давід I стаў важным англа-нармандскім валадаром. Ён спрыяў увядзенню ў Шатландыі феадалізму і заахвочваў прыток насельніцтва з Нідэрландаў у гарады, каб умацаваць гандлёвыя сувязі з кантынентальнай Еўропай. Да канца XIII ст. шматлікія нармандскія і англа-нармандскія сем’і атрымалі маёнткі ў Шатландыі. Пасля смерці Маргарыты, апошняй прамой спадчынніцы Аляксандра III, шатландская арыстакратыя звярнулася да караля Англіі, каб ён разважыў спрэчкі паміж прэтэндэнтамі на шатландскі сталец. Замест гэтага Эдуард I паспрабаваў уладкаваць на шатландскі сталец свайго вылучэнца і ўзяць Шатландыю пад поўны кантроль, аднак гэтага не атрымалася з-за супраціву шатландцаў, якімі кіравалі спачатку Уільям Уолес і Эндру дэ Марэй, якія падтрымлівалі Іаана I Баліяла, а затым — Роберт Брус. Брус узышоў на каралеўскі сталец як кароль Роберт I 25 сакавіка 1306 і атрымаў канчатковую перамогу над англічанамі ў бітве пры Бенакберне ў 1314 г. Але пасля яго смерці падчас другой вайны за незалежнасць Шатландыі (1332—1357) зноў пачалася міжусобная барацьба, у якой Эдуард Баліял беспаспяхова спрабаваў адваяваць сталец у спадчыннікаў Бруса пры падтрымцы англійскага караля. Толькі з прыходам дынастыі Сцюартаў у 1370-х сітуацыя ў Шатландыі пачала стабілізавацца.

Да канца Сярэднявечча Шатландыя была падзелена на дзве культурныя зоны: дольную, жыхары якой размаўлялі на англа-шатландскай мове, і горную Шатландыю, насельніцтва якой карысталася Шатландскай гэльскай мовай. Тым не менш, голуэйскі гэльскі дыялект захоўваўся магчыма аж да XVIII ст. у аддаленых частках паўднёвага захаду краіны, якія ўваходзілі ў графства Голуэй. Гістарычна, дольная Шатландыя ў культурным плане была бліжэйшая да Еўропы. У горнай жа Шатландыі сфарміравалася адна з адметных рыс рэгіёна — Шатландская кланавая сістэма.

У 1603 кароль Шатландыі Якаў VI пераняў англійскі сталец і стаў каралём Англіі Якавам I. За выключэннем часу існавання Садружнасці, Шатландыя заставалася асобнай дзяржавай, але разам з тым мелі месца значныя канфлікты паміж манархам і шатландскімі прэсвітэрыянамі з нагоды формы царкоўнага кіравання. Пасля Слаўнай рэвалюцыі і звяржэння каталіка Якава VII Вільгельмам III і Марыяй II Шатландыя кароткі час пагражала абраць уласнага манарха-пратэстанта, але пад пагрозай разрыву гандлёвых і транспартных сувязяў з Англіяй шатландскі парламент сумесна з англійскім у 1707 прыняў «Акт аб Уніі». У выніку аб’яднання было створана каралеўства Вялікабрытанія. У 1715 на поўначы Шатландыі падняліся два буйных паўстання якабітаў, але Гановерская дынастыя здзюжала. Якабіцкія прэтэндэнты на прастол захоўвалі папулярнасць у горных і паўночна-ўсходніх абласцях, асабліва сярод не прэсвітэрыян.

Пасля прыняцця «Акту аб Уніі», шатландскай Асветы і прамысловай рэвалюцыі краіна стала магутным еўрапейскім камерцыйным, навуковым і індустрыяльным цэнтрам. Пасля Другой Сусветнай вайны Шатландыя выпрабавала на сабе рэзкі спад вытворчасці, але ў апошнія дзесяцігоддзі адбываецца культурнае і эканамічнае адраджэнне рэгіёна за кошт развіцця сферы фінансавых аперацый і вытворчасці электронікі, а таксама прыбыткаў ад здабычы нафты і газу на шэльфу Паўночнага мора. У 1997 былі праведзены выбары ў Парламент Шатландыі, стварэнне якога было замацавана ў «Шатландскім акце» ў 1998 г.

Гл. таксама: Спіс брытанскіх манархаў

Палітыка Геаграфія У 1996 рашэннем Парламенту Вялікабрытаніі Шатландыя была падзелена на 32 вобласці.

Тэрыторыя Шатландыі ўключае ў сябе паўночную траціну вострава Вялікабрытанія і прылеглыя астравы — Гебрыдскія, Аркнейскія і Шэтландскія. Працягласць берагавой лініі Шатландыі — 9911 км. На поўдні мяжуе з Англіяй. Працягласць мяжы ад ракі Твід на захадзе да затокі Салвей-Фер на ўсходзе — каля 96 км. У 30 км на паўднёвы ўсход ад узбярэжжа размешчана востраў Ірландыя, у 400 км на паўночны ўсход — Нарвегія, на поўнач ад Шатландыі ляжаць Фарэрскія астравы і Ісландыя. Усходні бераг Шатландыі абмывае Атлантычны акіян, заходні — Паўночнае мора.

Асноўная тэрыторыя складаецца з трох галоўных геаграфічных і геалагічных зон. Два буйныя масівы — Паўднёвая ўзгорыстасць (Southern upland) на поўдні і Высокія землі (Highlands) на поўначы — падзеленыя нізінаю Нізкіх зямель (Lowlands), дзе жыве дзве траціны насельніцтва Шатландыі.

Клімат умераны акіянічны. Дзякуючы цёплай атлантычнай плыні Гальфстрым тэмпературы ў Шатландыі вышэй, чым у краінах, якія месцяцца на той жа паралелі, але ніжэй, чым у іншых рэгіёнах Вялікабрытаніі. З-за нераўнамернага рэльефу паверхні надвор'е адрозніваецца крайняй няўстойлівасцю. У самыя халодныя месяцы года — студзень і люты — сярэдні тэмпературны максімум складае 5 — 7 °C. У самыя цёплыя месяцы — ліпень і жнівень — 19 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 3000 мм на поўначы да 800 мм на поўдні. Для рэгіёна характэрны паўднёва-заходні вецер, частыя штормы на ўзбярэжжы і астравах.

Самыя высокія горы Бен-Невіс (1343 м) Бен-Макдуі (1309 м) Брэрых (1296 м) Каірнтул (1293 м) Каірнгорм (1245 м) Бен-Ловерс (1214 м)

Самыя доўгія рэкі Tay (188 км) Спэй (177 км) Клайд (170 км) Твід (154 км) Ды (154 км) Дон (132 км) Форт (106 км)

Эканоміка Асноўнымі галінамі Шатландскай эканомікі з’яўляюцца электронная прамысловасць (каля паловы ўсяго таварнага экспарту), марская здабыча нафты і газу, вытворчасць віскі, турызм, лясная прамысловасць і рыбалоўства. Добра развітая фінансавая сфера, чатыры шатландскіх клірынгавыя банкі маюць права выпускаць у зварот уласныя банкноты, што часцяком выклікае падазроны ў англійскіх гандляроў. Віскі вырабляюць у Шатландыі каля 90 фірмаў, экспартуючы прадукцыі на 1,3 мільярды фунтаў стэрлінгаў. Падатковыя палёгкі і іншыя формы фінансавай падтрымкі рэгіонаў стала ўзрасталі, павялічыўшыся з 12 млн фунтаў у 1960 годзе да 500 млн фунтаў у 1979 годзе. Затым, з прыходам да ўлады М. Тэтчар, рэгіянальнае інвесціраванне рэзка скарацілася з адначасовым павелічэннем аб’ёмаў пэўных адрасных інвестыцый. Расчыняючы структуру эканомікі Шатландыі, варта адзначыць, што доля дзяржаўнага сектара ў ёй больш, чым у іншых рэгіёнах Вялікабрытаніі. Шатландыя мае развітую абаронную прамысловасць. Нягледзячы на тое, што ў апошнія гады істотна скарацілася вытворчасць тэкстылю, аўтамабіляў, віскі, здабыча вуголля і суднабудаванне, значны рост атрымалі электронная прамысловасць, уключаючы вытворчасць ЭВМ, і нафтаздабыча. Замежныя інвестыцыі ў эканоміку Шатландыі складаюць 17 % ад агульнага аб’ёму замежных інвестыцый Вялікабрытаніі. У той жа час вялікай праблемай Шатландыі з’яўляецца стала нарастаючае беспрацоўе, асабліва сярод мужчынскага насельніцтва. Ключавымі органамі кіравання эканамічнага развіцця Шатландыі з'яўляецца цэнтральны ўрад, а менавіта яго Шатландскае аддзяленне (Scottish Office), якое ўключае ў сябе два аддзелы, якія займаюцца развіццём: адзін па Шатландыі, іншы па рэгіёне Высокіх зямель і астравоў (Highlands & Islands). Вялізнае значэнне для развіцця эканомікі Шатландыі мае прыцягненне прамых замежных інвестыцый (FDI). З 1996—1997 гг. Шатландыя прыцягнула 86 праектаў з планаваным аб’ёмам інвестыцый роўным 3121,6 млн фунтаў стэрлінгаў, было створана амаль 15 тысяч новых рабочых месцаў. Такім чынам, у Шатландыю прыцягваецца адна траціна ўсіх замежных інвестыцый Вялікабрытаніі, прычым 65 % гэтых інвестыцый прыходзіцца на электронную прамысловасць. Унутранае стымуляванне інвестыцыйнай дзейнасці ў Шатландыі здзяйсняецца праз агенцтва LIS («Размяшчэнне на тэрыторыі Шатландыі»). Асноўнай задачай LIS з’яўляецца максімалізацыя прытоку інвестыцый, стварэнне новых рабочых месцаў сродкам: маркетынгу, кансультацыяў і дапамогі патэнцыйным фундатарам, пастаўкі найбольш перспектыўных мэтавых пакетаў, абароны фундатараў.

Турызм Шатландыя — гэта добра развіты турыстычны край. Турызм дае 200000 рабочых месцаў (каля 9 % ад агульнай колькасці працаздольных) галоўным чынам у сектары абслугоўвання, выдаткі турыстаў склалі 4,4 млрд фунтаў стэрлінгаў за 2003 г. Галоўную масу наведвальнікаў складаюць турысты з Злучанага Каралеўства. У 2002 г. яны наведалі Шатландыю 18,5 млн разоў, пражыўшы 64,5 млн дзён і страціўшы 3,7 млрд фунтаў стэрлінгаў. Замежнікі наведалі Шатландыю 1,58 млн разоў, пражыўшы 15 млн дзён і страціўшы 806 млн фунтаў стэрлінгаў. З іх грамадзяне ЗША склалі большасць — 24 %, Германіі — 9 %, Францыі — 8 %, Канады — 7 % і Аўстраліі — 6 %.

Шатландыя наогул уяўляецца як чысты несапсаваны край з прыгожымі краявідамі, якія маюць доўгую і грунтоўную гісторыю і спалучаныя з тысячамі гістарычных месцаў і цікавасцей. Гэта ўключае старадаўнія каменныя колы, стаячыя камяні і пахавальныя пакоі, разнастайныя рэшткі з Каменнага, Бронзавага і Жалезнага вякоў. Таксама маецца шмат старажытных замкаў, дамоў, палёў бітваў, руінаў і музеяў. Мноства людзей вабіць культура Шатландыі.

Гарады Эдынбург і Глазга становяцца ўсё больш касмапалітычнай альтэрнатывай да перыферыі. Турысты прыязджаюць увесь год, але галоўным турысцкім сезонам з’яўляецца перыяд з красавіка па кастрычнік уключна. У дадатак да гэтых фактараў, Нацыянальнае турысцкае агенцтва «Visitscotland» («Наведай Шатландыю») разгарнула стратэгію нізкавага маркетынгу, які накіраваны на выкарыстанне, апрача іншага, моцы Шатландыі ў гольфавым, рыбацкім і харчовым і пітным турызме. Іншым папуларнай прычынай наведвання Шатландыі, асабліва з Паўночнае Амерыкі, з’яўляецца генеалогія, шмат турыстаў прыязджае, каб даследаваць карані сям’і і продкаў.

Месцы для наведвання