Мерга́рх (урду م‍ﮩ‍رگڑھ) — помнік археалогіі на раўніне Качы ў штаце Белуджыстан, Пакістан. Агульная плошча 200 га.

Гісторыя Ініцыятыва правядзення раскопак у Мергарху належала французскай археалагічнай місіі ў Паўднёвай Азіі, якая з 1962 г. праводзіла пошукі ў Белуджыстане. Мергарх стаў адным з трох месц, дзе вяліся інтэнсіўныя даследаванні. У 1974—1985 гг. раскопкі на 11 розных пляцоўках ўзначальвалі Жан-Франсуа і Катрын Жар’яж. У выніку імі былі зроблены адкрыцці, якія па словах спецыялістаў перавярнулі ўсе ўяўленні аб цывілізацыі даліны Інда, паколькі аднавілі веды пра яе пачатковыя этапы развіцця.

У 1997—2000 гг. праводзіўся дадатковы этап пошукаў.

Мергархскія археалагічныя культуры Усяго выяўлена 5 асноўных культурных пластоў:

Пласт МR3 уключае найстаражытнейшае паселішча 7-6 тыс. да н. э. эпохі так званага дакерамічнага неаліту. Былі знойдзены рэшткі глінабітных хацін. Вакол паселішча месціліся могілкі. Нябожчыкаў хавалі сагнутымі, целы пакрывалі чырвонай охрай, каля трупаў клалі розныя рэчы — паліраваныя каменныя цеслы, каменныя пасудзіны, упрыгожванні, у тым ліку пацеры з бірузы і хрызаколу, у адным выпадку — шарык з медзі. У дол да аднаго нябожчыка паклалі 5 коз. Даволі распаўсюджанымі былі крамянёвыя клінкі.

Старажытныя насельнікі ўжо займаліся земляробствам, вырошчвалі ячмень і пшаніцу. Большасць костак жывёлін належалі дзікім газелям, буйвалам і нават сланам, але паступова яны саступілі месца свойскай рагатай жывёле. Людзі былі знаёмы з пластычнымі якасцямі гліны, ляпілі з яе фігуркі людзей і звяроў, але галоўным матэрыялам для вырабу пасудзін з’яўляліся плеценыя кошыкі, абмазаныя бітумам.

Пласт MR4 другі па старажытнасці (5 −4 тыс. да н. э.). Пляцоўка знаходзілася к поўдню ад першай. Жыхары гэтага часу ўжо ведалі кераміку, карысталіся крамянёвымі сярпамі. Акрамя ячменя і пшаніцы былі знойдзены зярняткі бавоўніку.

Пласт MR2 (4 — 3,5 тыс. да н. э.) займаў ужо 50 га. Хаціны гэтага часу сталі большымі па памерах. Насельнікі карысталіся ганчарным колам. Кераміку ўпрыгожвалі выявы птушак і коз. Археолагі адшукалі медныя аскепкі, але плавільных печаў не было. Таму пласт быў аднесены да эпохі энеаліту.

Пласт MR1 (3,5 — 3 тыс. да н. э.) характарызаваўся з’яўленнем жылля з сырых цаглін, касцяных і тэракотавых пячатак, якія, як мяркуюць, пазначалі прыватную маёмасць.

Пласт MR5 (3 — 2,7 тыс. да н. э.) займала паселішча, насельнікі якога рабілі вялізарныя керамічныя пасудзіны для вывазу. У ніжняй частцы хацін будаваліся складскія памяшканні. Знойдзены статуэткі мужчын і жанчын. Па іх можна меркаваць, што мужчыны насілі цюрбанападобныя шапкі, жанчыны мелі розныя прычоскі і шматлікія ўпрыгожванні. Цікавасць таксама ўяўляюць тэракотавыя пласціны з выявамі быкоў і геаметрычным арнаментам.

Апошні пласт паступова зліваецца з культурай, якую можна вызначыць як індскую. Людзі працягвалі жыць у Мергарху да V ст. да н. э.

Літаратура Higham Charles F. W. Encyclopedia of Ancient Asian Civilizations. — New York: Facts On File, Inc., 2004

Спасылкі Мергарх на сайце ЮНЕСКА Мергархская сага Dr. Ahmad Hasan Dani, «History Through The Centuries», National Fund for Cultural Heritage Mehrgarh (Balochistan) Jonathan Mark Kenoyer, «Early Developments of Art, Symbol and Technology in the Indus Valley Tradition», www.harappa.com «Stone age man used dentist drill», BBC News «Mehrgarh», Travel Web

Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Катэгорыя:Археалогія ў Пакістане Катэгорыя:Каменны век Катэгорыя:Медны век Катэгорыя:Бронзавы век Катэгорыя:Харапская цывілізацыя Катэгорыя:Белуджыстан