До́ўгае — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі ў басейне ракі Дрысвята (прыток Дзісны).
Плошча паверхні возера 1,87 км² (да будаўніцтва ў 1961 годзе плаціны ГЭС «Шлях да камунізму» на Дрысвяце плошча возера складала 1,13 км, узровень вады быў ніжэй на 5 метраў). Даўжыня 3,53, найбольшая шырыня 1,25 км. Найбольшая глыбіня дасягае 31 м, сярэдняя — 5,8 м.Катлавіна Доўгага складанага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Схілы катлавіны пераважна пясчаныя, маюць вышыню 5—10 метраў, стромкія, на паўднёвым захадзе спадзістыя.Берагавая лінія возера моцна звілістая, утварае шэраг заліваў, паўастравоў і мысоў. Берагі пераважна абразійныя і абрывістыя, пясчаныя, у паўночным заліве сплавінныя. Месцамі берагі зліваюцца са схіламі катлавіны. Даўжыня берагавой лініі складае 13,3 км.Дно возера складанай формы з плоскімі часткамі, глыбокімі ўпадзінамі і мелямі. Глыбіні да 2 метраў займаюць каля 37% плошчы. Да глыбінь у 3—5 метраў дно пясчанае, на глыбіні 5—8 метраў выслана апясчаненым глеем, глыбей — крэменязёмісты сапрапель і гліністы глей. На возеры 6 астравоў агульнай плошчай каля 6,3 га.Возера Доўгае эўтрофнае, праточнае. Праз возера працякае рака Дрысвята (злучае Доўгае з возерам Высокае), упадаюць 10 ручаёў. Зарастае слаба, за выключэннем заліваў, у якіх найбольш распаўсюджаны гарлачык. Надводная расліннасць распаўсюджана паласой 5—15 м да глыбіні 1,5, падводная — да 3 метраў.
У Доўгім водзяцца лешч, шчупак, гусцяра, плотка, лінь, мянтуз і іншыя віды рыб. Сустракаецца вугор.
Літаратура
Катэгорыя:Азёры Браслаўскага раёна Катэгорыя:Басейн Дрысвяты