Трубказуб афрыканскі (Orycteropus afer) — млекакормячае, адзіны сучасны від атрада трубказубых (Tubulidentata).

Апісанне Даўжыня цела да 158 см, хваста да 71 см, вышыня ў карку да 65 см, маса звычайна 50–70 (да 100) кг. Скура тоўстая, ружавата-шэрая, пыса і хвост святлейшыя. Цела пакрыта рэдкімі шчаціністымі светлымі ці бураватымі валасамі, на канечнасцях валасяное покрыва гу­сцейшае і цямнейшае. Вушы доўгія (да 21 см), трубкаватыя. Канец морды выцягнуты ў трубку, заканчваецца расшырэннем з ак­руглымі нозд­рамі; вочы маленькія, язык доўгі, клейкі, вушы вялікія, моцны муску­лісты хвост. Зубы складаюцца са зрослых дэнтынавых трубачак (адсюль назва), растуць усё жыццё. Пярэднія канечнасці чатырох-, заднія пяціпальцыя, з моцнымі капытападобнымі кіпцюрамі, з дапамогай якіх трубказубы разбураюць тэрмітнікі, рыюць грунт.

Пашырэнне Пашыраны ў Афрыцы, выключаючы паўночную яе частку і дажджавыя экватарыяльныя трапічныя лясы. Насяляе розныя ландшаф­ты, аддае перавагу саваннам.

Асаблівасці біялогіі Актыўнасць начная. Корміцца тэрмітамі, мурашкамі, іншымі насякомымі. Збірае казурак доўгім клейкім языком. Рые норы даўжынёй каля 3 м; вывадковая нара да 13 м з некалькімі выхадамі і прасторнай гнездавой камерай. Трымаюцца паасобку.

Меркавана палігамная жывёла. Пасля сямімесячнай цяжарнасці ў сезон дажджоў нараджаецца адно дзіцяня масай каля 2 кг. Палавая спеласць надыходзіць у два гады. Жывуць да 18 (у няволі да 28) гадоў.

Промысел Аб’ект палявання. Здабываецца мясцовым насельніцтвам дзеля трывалай шкуры і зубоў.

Літаратура

Катэгорыя:Трубказубыя Катэгорыя:Млекакормячыя Афрыкі Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1766 годзе Катэгорыя:Жывыя выкапні Катэгорыя:Мірмекафагі Катэгорыя:Тэрмітафагі