Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры віленскага барока XVII—XVIII стагоддзяў. Знаходзіцца па адрасе: Гродна, вуліца Чырвонапартызанская, 2-1. Комплекс пабудаваны ў 1635—1700 гады на сродкі Сузанны і Яўстаха Курчаў на левым беразе Нёмана. Складаны рэльеф мясцовасці вызначыў асіметрычную кампазіцыю комплекса.

Комплекс уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштар і браму з агароджай. Таксама да комплексу францысканцаў адносіцца капліца, якая размешчана на могілках па завулку Перамогі.Гродна — парафія Маці Божай Анёльскай (францысканскі касцёл) Касцёл і кляштар утвараюць замкнёны ўнутраны дворык у выглядзе няправільнага чатырохвугольніка.

Гісторыя

У 1635 годзе ў Гродна па запрашэнні Упіцкага старасты Яўстаха Курча і яго жонкі Сузанны з рода Тышкевічаў прыбылі францысканцы. Для будаўніцтва касцёла ім быў вылучаны вучастак у Занёманскім прадмесці, а на час будаўніцтва ім быў ахвяраваны вялікі абсталяваны мураваны дом, размешчаны па вуліцы Маставой, які яны прадалі ў 1651 годзе пасля пабудовы касцёла. У гэты ж час быў збудаваны невялікі драўляны касцёлік Анёльскай Божай Маці, які быў знішчаны ў 1659 годзе падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай. У 1660 годзе было пачата будаўніцтва трохнефавай базілікі з дабудаванай з левага боку (ад нартэкса) званіцы з гадзіннікам і мураванага кляштарнага будынка. У 1697 годзе будаўніцтва было скончана і новая святыня стала парафіяльным касцёлам.

Касцёл асвечаны ў гонар Дзевы Марыі ад Анёлаў 22 лістапада 1744 года. У 1759 годзе была праведзена частковая перабудова касцёла. Быў зняты вялікі купал з-над галоўнага нефа, вежа паднята на 4 метры і накрыта малым шлемам у стылі ракако. Сродкі на выраб алтара, аргана і перабудову касцёла, гэтак жа як і на арган у езуіцкім касцёле, ахвяравала мсціслаўская кашталянка Канстанцыя Лазавая з Юндзілаў. Пад пліткавай падлогай касцёла знаходзіліся тры пахавальні: Юндзілаў, айцоў францысканцаў і князя Агінскага, які быў прывезены са Свіслачы.

Ля касцёла функцыянаваў драўляны прытулак для бяздомных. Падчас пажару 22 красавіка 1832 года прытулак згарэў і не быў адбудаваны. Пасля паўстання 1863—1864 годоў касцёл выконваў ролю расійскай турмы для польскіх ксяндзоў і манахаў. Кляштар функцыянаваў як вязніца да самага 1919 года. У 1920 годзе быў расстраляны бальшавікамі пробашч касцёла Блажэй Юстван. У 1922—1927 гадах працаваў пры парафіі Св. Максімільян Марыя Кольбэ. У пасляваенныя гады касцёл дзейнічаў.Антон Шыдлоўскі. Касцёл анельскай Божай маці (францысканскі). Слова жыцця, 30 кастрычніка 2010

З касцёлам звязаны імёны вядомага рэлігійнага дзеяча Максіміліяна Кольбе, які ў 1920-я гады быў манахам кляштара і загінуў у фашысцкім канцлагеры (кананізаваны ў 1983 годзе), а таксама айца Мельхіёра Фардона..

У 1988—1989 гады пробашчам парафіі з’яўляўся ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч, першы архібіскуп Беларусі.

Касцёл

Экстэр’ер

Касцёл ёсць трохнефавай базілікай з вялікай паўцыркульнай апсідай. Цэнтральны неф і апсіда вырашаны як адзіны аб’ём і накрыты агульным двухсхільным дахам, а больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільным дахам..

Галоўны фасад, які інтэрпрэтуе рымскі езуіцкі касцёл Іль Джэзу, з’яўляецца трох’яруснай плоскасцю з трохвугольным франтонам у завяршэнні і плаўнымі схіламі прамежкавага яруса, інтэнсіўнай крапоўкай пілястрамі і гарызантальнай штрыхоўкай карнізных прафіліровак. На ім выразна адзначана вось сіметрыі — размешчаныя па ярусах арачныя галоўны ўваход, ніша, вялікае акно хораў. У пластычнай распрацоўцы фасада адчуваецца дысананс паміж вязкамі магутных і шырокіх пілястр ніжняга яруса 17 ст. і вытанчанымі падоўжанымі плоскасцямі верхніх ярусаў, якія шчыльна запоўнены дэкаратыўным аздабленнем XVIII ст.. Такім чынам, галоўны фасад падзелены на 3 ярусы: першы (захавалася афармленне XVII ст.) з невялікім паўцыркулярным уваходным праёмам, члянёны шырокімі пілястрамі і завершаны карнізным поясам, другі і трэці (перабудаваны ў XVIII ст.), падзелены тонкімі лапаткамі і завершаны трохвугольным франтонам.

Бакавыя фасады і апсіда маюць лучковыя і прамавугольныя вокны, расчлянёныя спаранымі лапаткамі і завершаныя карнізным поясам. Апсідную частку касцёла ўпрыгожвае паліхромны роспіс па шклу. Асноўныя матывы, якія выкарастоўваюцца ў вітражы: раслінны і геаметрычны арнамент, сюжетныя кампазіцыі на новазапаветнія тэмы жыцця Хрыста і Дзевы Марыі. Поліхрамія яркая, насычаная, мажорная.

Інтэр’ер

Інтэр’ер касцёла вылучаецца багаццем архітэктурнай пластыкі, мастацка-дэкаратыўным строем (разьба па дрэву, лепка, скульптура) і мае суцэльную дынамічную прасторавую кампазіцыю.

Цэнтральны неф касцёла аддзелены ад бакавых 6 слупамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі. Бакавыя нефы раскрываюцца ў цэнтральны невялікімі арачнымі праёмамі і перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі. Столь прэсбітэрыя і цэнтральнага нефа размалявана. У пресбітэрыі змешчаны 4 кампазіцыі евангелістаў, што сядзяць на аблоках. Скляпенні ўпрыгожвае кампазіцыя «Пастыр са статкам авечак» на фоне зялёнага пейзажа. Мадэліроўка кампазіцыі светаценевая, каларыт яркі, шмат халодных зялёных і сініх колераў. Роспіс выкананы ў стылі рамантызму. Пры ўваходзе размешчаны хоры.

У цэнтральны неф выходзіць разны драўляны амбон у стылі ракако (1-ая палова 18 ст.), які ўпрыгожаны гарэльефнымі выявамі чатырох евангелістаў, акантам і валютамі. Амбон захаваў барочную мастацкую трактоўку, кафедра-бутон традыцыйна ўпрыгожана гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў, акантавымі і валютнымі выгінамі. Балхадзін амбона выкананы ў выглядзе кароны са скульптурай архістратыга Міхаіла, якую нясуць над кафедрай 2 анёлы.

Мастацкай процівагай галоўнаму нефу служыць магутны алтар, высока ўзняты пад скляпенне галерэяй хораў. Яго пластычная архітэктоніка, сакавітая разьба і скульптурныя постаці музычных алегорый — усё аб’яднана ў дынамічную мастацкую кампазіцыю ў стылі ракако. Шэдэўрам стылю з’яўляецца алтарная перагародка ў выглядзе трэльяжнай хваліста выгнутай сценкі, якая дэкаравана бюстамі, вазамі, гірляндамі-косамі, фігурнымі панэлямі ў бела-бежава-залацістым каларыце. У касцёле знаходзіцца абраз Іосіфа Міховіча «Антоній з дзіцём» (1872), абразы «Маці Божая Анёльская» ў сярэбранай шаце (17-18 стст.), «Маці Божая з дзіцём» (18-19 стст.), «Маці Божая Чанстахоўская» ў шаце (2 пал. 18 ст.).

У інтэр’еры 7 алтароў. Галоўны алтар драўляны, выкананы ў стылі позняга барока (першая палова 18 ст.), узняты на высокі (2,3 м) пастамент-табернакль. Мае двух’ярусную кампазіцыю, упрыгожаны скульптурай і накладной разьбой, асноўным матывам якой з’яўляецца акант, архітэктурныя дэталі імітаваны пад мармур.. Складаецца з двух ярусаў порцікаў, сярод каланад якіх змешчаны скульптурныя выявы святых Францыска і Антонія (унізе) і двух біскупаў (уверсе). Анёлы падтрымліваюць франтоны, упрыгожваюць іх і прастору над імі тымпанамі. Фонавыя часткі алтара запоўнены накладной пазалочанай разьбой на тэму выгінаў акантавага лісця. Галоўная алтарная кампазіцыя «Ушанаванне Багародзіцы» (азначана ў апісанні касцёла 1700 года «ў сярэбранай сукенцы аўгсбургскага выканання») займае трыумфальную арку чатырохкалоннага барочнага порціка; у цэнтры другога яруса карціна «Стыгматызацыя Св. Францыска», акаймаваная авальнай разной рамай-рондай. Абедзве выяўленчыя кампазіцыі выкананыя ў мяшанай паліхромнай тэхніцы жывапісу і гіпсавага гарэльефу, што стварае эфект пераходу плоскаснага фонавага выяўлення ў аб’ёмнае вонкавае. Завяршае вышыннае алтарнае збудаванне змешчаная ў люнеце скляпення гарэльефная выява «Усхваленне Марыі», над якой лунае голуб — сімвал Святога Духа.

Астатнія кулісныя стукавыя алтары каменныя, тынкаваныя, выкананыя ў стылі неабарока ў 19 стагоддзі, але ўпрыгожаны барочнымі скульптурамі (першая палова 18 ст.), алтарнымі выявамі ў сярэбраных акладах 18 стагоддзя. У правым бакавым алтары знаходзіцца цудадзейная ікона Багародзіцы Анёльскай.

Вежа-званіца

Да паўночнага боку галоўнага фасада касцёла прыбудавана квадратная трох’ярусная вежа-званіца. Яна таксама набыла познебарочную пластыку, яе формы пазбаўлены прамых вуглоў і геаметрычнай прамалінейнасці — усё скруглена, плаўна абмалявана, расчлянёна пілястрамі, густа штрыхаванымі карнізамі, арачнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнямі. Першы ярус мае агульную з суадносным ярусам касцёла пластыку 17 ст., вокны маленькія паўцыркульныя, расчлянёныя шырокімі пілястрамі і карнізнымі паясамі. Другі і трэці ярусы перабудаваны ў насычанай рэльефнай пластыцы позняга барока, што праяўляецца ў выразных вялікіх чляненнях, у маляўнічым сілуэце. У сценах размешчаны вялікія паўцыркульныя і круглыя вокны, самі сцены расчлянёныя рэльефнымі лапаткамі і развітым карнізам. Званіцу вянчае высокі фігурны шлем.

Кляштар

З паўднёвага боку да касцёла далучаны кляштар — двухпавярховы П-падобны няправільны ў плане аб’ём, што ўтварае замкнёны ўнутраны дворык, у які выходзіць абхадная па келлях скляпеністая галерэя, злучаная з паўднёвай санкрыстыяй храма. Пластыка фасада стрыманая, сцены маюць невялікія прамавугольныя вокны, расчленены пілястрамі, якія ствараюць манатонны рытм, і завершаны карнізамі. Планіроўка галерэйная, калідор праходзіць на працягу ўсяго перыметра кляштара. У паўднёва-заходнім баку будынка знаходзіцца вялікі аб’ём ў форме рызаліту, у якім знаходзіліся бібліятэка і трапезная, якая выступае знадворку самастойным аб’ёмам. Першы паверх будынка мае скляпеністыя перакрыцці, другі — плоскія.

Брама і агароджа комплекса

У паўночна-заходнім баку комплекса часткова захавалася цагляная агароджа вышынёй 2-3 метры. Сцяна перад галоўным фасадам касцёла мае з унутранага боку паўцыркульныя нішы, са знешняга боку плоская.

Брама перад галоўным фасадам аформлена ў стылі барока, мае два ярусы: першы з арачным праходам раскрапаваны спаранымі пілястрамі, другі вырашаны ў выглядзе разарванага франтона, сярэдняя частка якога ўвенчана трохвугольным франтонам, атык якога мае прамавугольныя нішы для скульптуры.

Капліца Капліца была пабудавана ў 1854 годзе на сродкі пана Якуба Румеля.

Узведзена з бутавага каменю і атынкаванай цэглы, прамавугольная ў плане пад двухсхільным бляшаным дахам з вальмам над алтаром, бязвежавая і безапсідная. Галоўны фасад пазначаны чатырохкалонным тасканскім порцікам. Малітоўная зала перакрытая плоскай столлю, пад алтарнай часткай — склеп-пахавальня. Над мураваным алтаром — Укрыжаванне. Злева ад капліцы пабудавана двух’ярусная шатровая званіца з жоўтай цэглы (цяпер атынкавана).

У 1882 годзе тэрыторыя могілак была павялічана і абнесена бутавым мурам намаганнямі ксянза Стацкевіча і парафіян, збудаваны домік вартаўніка, пра што сведчаць мемарыяльныя пліты на слупах уваходнай брамы.

У пасляваенныя гады капліца была зачынена, з 1990-х гг. адноўлена і дзейнічае зноў.

Дзейнасць суполкі Расклад набажэнстваў (магчымы змены)

Св. Імша ў нядзелю і святы — 8.00, 9.30, 11.00, 12.30,19.00, (20.00 у летні час)

Св. Імша ў будні — 8.00, 8.30, 19.00

Адпуст: 2 жніўня

Крыніцы

Літаратура Гродно. Энциклопедический справочник / Белорус. Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1989. — 438 с., л. ил.: ил.

Спасылкі

Катэгорыя:Касцёлы Гродна Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1697 годзе Катэгорыя:Францысканскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Гродна ў стылі барока Катэгорыя:1697 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Гродне