Антон Антонавіч Грыневіч (, хутар Іванаўшчына, Лепельскі павет, цяпер Полацкі раён, Беларусь — ) — збіральнік беларускага музычнага меласу (фальклору), выдавец, педагог.
Біяграфія Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. Калежскі сакратар у Санкт-Пецярбургу, заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910). Удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1910—1912 гадах выдаў два тамы кніжкі «Беларускія песьні з нотамі». Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкому (1918), Беларускага народнага дому.
У Вільні з 1920 года. Падтрымліваў Беларускую драматычную майстэрню. У час быцця ў Вільні быў арыштаваны дэфензівай, адбыў год зняволення ў варшаўскай турме. Пазней быў звольнены з Віленскай беларускай гімназіі за недобранадзейнасць, ізноў паддадзены следству. Уцёк у БССР.
У Мінску з 1925 года. Сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульта (1925—1928), потым у Акадэміі навук БССР (1929—1930). Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.
Член выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Выдаў сваім коштам зборнік «Беларускія песні з нотамі» (1910), зборнік «Беларускія народныя песні з нотамі» (разам з А. Зязюлем, 1912), зборнікі паэзіі Я. Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Я. Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда. thumb|злева|«Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925). Вокладка Язэпа Горыда
У Вільні выдаў «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік» (1920), «Навука спеву» (1923), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925). У Вільні рыхтаваў «Канцэртны спеўнік», «Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы». Планаваў выданне вялікага музыка-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906—1920 гг. З 1925 года жыў у БССР. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні», зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні.
Аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку. У часопісе «Наш край» апублікаваў артыкул «Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925).
6 верасня 1933 года арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем БССР па справе Беларускага нацыянальнага цэнтра, прыгавораны да 10 гадоў зняволення ў папраўча-працоўным лагеры. У 1937 годзе расстрэляны. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.
Ацэнкі Фалькларыстычную і музычна-прапагандысцкую дзейнасць Грыневіча высока ацанілі З. Бядуля, кампазітар і знавец беларускага меласу М. В. Анцаў.
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура Крыловіч Н. П. Улюбёны ў песню // — С. 14—15.
Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т. / рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2005. — Т. 1. — С. 370. — 651 с. — 2000 экз. — ISBN 985-11-0334-9.
Спасылкі
Катэгорыя:Этнографы Беларусі Катэгорыя:Беларусісты Катэгорыя:Постаці Інстытута беларускай культуры Катэгорыя:Нарадзіліся ў Полацкім раёне Катэгорыя:Справа Беларускага нацыянальнага цэнтра Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР