Востраў Нануманга (на мове тувалу Nanumanga) — востраў у складзе астравоў Тувалу на поўдні Ціхага акіяна. Належыць да дзяржавы Тувалу. Агульная плошча — 3 км². Насельніцтва — 491 чал. (2017 г.).
Гісторыя Еўрапейскімі першаадкрывальнікамі вострава Нануманга відавочна былі іспанцы (кан. XVIII ст.). Але афіцыйна адкрыццё было зафіксавана французскай урадавай экспедыцыяй толькі 9 мая 1824 г. Мясцовыя тубыльцы лічылі сябе нашчадкамі танганцаў, якія засялілі востраў у сяр. II тыс. н. э.
У 1986 г. два навазеландскія вадалазы даследавалі падводную пячору на глыбіні каля 40 м і знайшлі там сляды вогнішча — прыкмету таго, што пячора некалі была населена. Пазней высновы вадалазаў былі пацверджаны прафесійнымі археолагамі. Цікава, што на думку спецыялістаў пячора была затоплена акіянам пасля заканчэння ледавіковага перыяду не пазней за 6 — 4 тыс. да н. э. Аднак па ранейшаму меркаванню вучоных першыя людзі з’явіліся ў Палінезіі паміж 1400 і 900 гг. да н. э. Такім чынам, размова можа ісці пра невядомых старажытных насельнікаў.
Прырода Востраў мае каралавае паходжанне і фактычна з’яўляецца закрытым атолам. Старажытная лагуна зараз падзяляецца на тры вадаёмы. У цэнтры найбуйнейшага вадаёма Ваіатоа месцяцца 4 малыя выспы. Частка ўзбярэжжа пакрыта манграмі. Сталых вадацёкаў няма.
Клімат трапічны пасатны. Нануманга знаходзіцца ў зоне ўздзеяння трапічных цыклонаў.
Інфраструктура Насельніцтва (589 чал. у 2002 г.) жыве ў дзвюх вёсках Тонга і Такелау. Адміністрацыйным цэнтрам лічыцца Тонга. Галоўны занятак насельніцтва — вырошчванне какосавай пальмы. Працуе 1 пачатковая школа Латахоні. З-за рыфаў, якія атачаюць востраў, прамысловы лоў рыбы і падыход марскога транспарту да берага ўскладнены.
Спасылкі Пячоры Нанумангі UN SYSTEM-WIDE EARTHWATCH пра астравы Тувалу Louis Becke, The Rangers Of The Tia Kau
Катэгорыя:Астравы Тувалу Катэгорыя:Астравы Аўстраліі і Акіяніі Катэгорыя:Атолы Катэгорыя:Адміністрацыйны падзел Тувалу